І я таксама дазволю, каб пра мяне казалі ўсё, што каму падабаецца, каб мяне ставілі на апошняе месца, каб наадварот тлумачылі мае словы і дзеянні. Я не буду шукаць справядлівасці ці апраўдання, але з радасцю і без ніводнага слова прыму нават заўвагі ад маіх кіраўнікоў.
Езус на крыжы, ахвяра сярод вялікага мора болю і ганьбы, не скардзіцца, але знаходзіць для сваіх непрыяцеляў словы спачування і прабачэння. І я таксама ў жыццёвых сітуацыях, якія Бог будзе спасылаць на мяне, буду старацца захоўваць маўчанне і прабачаць сваім непрыяцелям. Калі я буду прыгнечаны сваімі няўдачамі ў навуцы, то не буду чакаць суцяшэння, схілю галаву і прыму гэты сорам спакойна, а нават з радасцю, так, нібы атрымаў падарунак ці сардэчныя абдымкі Езуса. “Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста”. (Гал 6, 13)
Пераклад з польскай мовы
«Dziennik duszy. Jan XXIII»