Напярэдадні ІІІ Нядзелі Адвэнту ў ноч з 14 на 15 снежня моладзь з розных месцаў Беларусі сабралася ў мінскай архікатэдры, каб разам са сваімі духоўнымі праваднікамі рыхтавацца да Божага Нараджэння і маліцца аб тым, каб быць носьбітамі надзеі і годнай будучыні для свайго народа.
“Хто вытрывае да канца – будзе збаўлены” стала стрыжнёвым тэзісам гэтай сустрэчы, разважаючы над якім, кожны ўдзельнік мог глыбей зазірнуць у сваё сэрца і заўважыць, якім Бэтлеемам яно з’яўляецца: гатовым да вялікіх зменаў ці не; гатовым, каб у ім знайшлося месца для справядлівасці і любові, якія прыносіць нованароджаны Збаўца, ці не; гатовым, каб зведаць цярпенне і стаць духоўным брыльянтам, ці не; гатовым, каб, нягледзячы на выпрабаванні, быць верным праўдзе і вытрываць да канца, каб не прадаць свае мары ні за якія грошы, але несці іх у будучыню і разам з Божай ласкаю рабіць іх рэальнасцю свайго народа, сваёй краіны, ці не гатовым.
Над гэтымі і іншымі пытаннямі разважала моладзь. Першым штуршком да гэтых разваг была згода маладых вернікаў на супольную начную малітву, прысутнасць на ёй. Другім штуршком можна лічыць словы, якія прамовіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі. У іх быў заклік навярнуцца, зірнуўшы на свой шлях уважліва і знішчыўшы заўважаныя “камяні нашых грахоў і горы пыхі”. Мітрапаліт падкрэсліў, што проста навярнуцца мала, бо трэба “трываць у навяртанні, бо гэтае трыванне ўжо з’яўляецца спатканнем з Богам."
Іерарх звярнуў увагу на тое, што з’яўляецца небяспечным для спаткання з Богам і быцця ў Ім, на тэндэнцыі, за якімі бяжыць увесь свет, губляючы Хрыста. У якасці прыкладу быў прыведзены так званы “амерыканскі стыль жыцця”, “стыль мыслення”, паводле якога чалавек імкнецца атрымаць імгненны даход - усё і адразу, прыклаўшы мінімум намаганняў.
Хрысціянства ж і гісторыя чалавецтва, падкрэсліў арцыпастыр, кажа інакш, таму, “каб атрымаць вынікі – трэба моцна працаваць”. Мітрапаліт папярэдзіў, што імгненны поспех імгненна і знікае, і ўзгадаў прыклад са спадчыны літаратурнага класіка Л. Талстога, што “адным штуршком адчыняюцца дзверы на загубу”.
У руках Мітрапаліта падчас яго звароту аказалася цэлая гара рэквізіту, які ілюстраваў трансфармацыю простага палена дрэва ў брыльянты. Такое адбываецца ў мінскай катэдры толькі ў перыяд перад Божым Нараджэннем, калі простае палена ў руках можа заззяць брыльянтам, і, як ні дзіўна, такое можа адбывацца і ў жыцці кожнага, калі дазволіць Богу сябе выпрабоўваць і моцна трымацца і гартавацца пры гэтых выпрабаваннях, пакуль сэрца не стане брыльянтам.
Каб моладзь змагла гэта зразумець, якраз і былі патрэбны такія рэквізіты, апошні з якіх - "брыльянт" - быў сустрэты гучным здзіўленнем і ўсмешкамі. Словы іерарха дапамагалі моладзі зразумець, што ў сэрцы не адбудзецца зменаў, калі не будзе выпрабаванняў.
У гаміліі былі і словы пра тое, што моладзь не павінна глядзець на ўсё, што дзеецца ўнізе, з балкона, бо яна сама павінна дзейнічаць.
Дзейнічаць і ажыццяўляць свае мары, а таксама заўсёды марыць - да гэтага перад тым, як падзяліцца з моладдзю аплаткай, заклікаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Прадстаўнік Святога Айца падкрэсліў: “Вы народ, які марыць, у марах якога немагчымае становіцца магчымым!”
“Не дазвольце, моладзь, каб у вас укралі мары!” – заклікаў Апостальскі Нунцый.
Арцыбіскуп дадаў, што хоча напісаць Папу Францішку пра тое, што моладзь Беларусі не згубіла мары і ніхто яе не здолеў пераканаць, што надзея немагчымая. Іерарх паабяцаў напісаць, што гэтая моладзь не прадала свае мары за тое, што ім абяцалі, і што беларусы ўмеюць марыць. Па словах Апостальскага Нунцыя, беларуская зямля ў дзень Божага Нараджэння абудзіцца больш шчаслівай, бо ў яе ёсць надзея, справядлівасць і будучыня.
Пасля словаў Мітрапаліта і Апостальскага Нунцыя да маладых сэрцаў распачалося ўрачыстае і дзяленне аплаткай, калі загучалі віншаванні і пажаданні.
Важнае месца ў перажыванні адвэнтавага чування заўсёды займала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пасля адбылася прэзентацыя руху “Чыстых сэрцаў”, прысутныя з моладзі маглі ўзяць анкеты, запоўніць іх і стаць валанцёрамі руху.
Дзяўчына Яна, якая прыехала вучыцца ў Мінск са Свіры, якая была ў ліку тых, хто запаўняў анкеты, на пытанне, чаму захацела стаць валанцёрам, адказала, што пра рух ведае яшчэ з пілігрымкі ў Будслаў і ўрэшце зарэгіструецца, бо лічыць гэтую дзейнасць сваім хрысціянскім абавязкам: калі можаш, то дапаможаш тым, хто побач.
Яшчэ адным са штуршкоў, пра якія гаварылася напачатку, стала тэатральная пастаноўка, якую падрыхтавала салезіянская моладзь.
Аўтарам ідэі стала Вольга Красільшчыкава, якая падзялілася, што пачаткам для яе творчай задумы і духоўных разваг быў аповед аднаго са святароў, якім ён падзяліўся падчас традыцыйнага для супольнасці селезіянаў, так званага “слоўка”. Святар распавядаў пра пір д’яблаў, якія спрабуюць атакаваць чалавечую душу. Душа знаходзіцца за сямю дзвярыма, якія сімвалізуюць сем галоўных грахоў.
У пастаноўцы аўтар ідэі разам з моладдзю хацелі паказаць, як мучаецца цела і душа, якія атакуе зло, і якім чынам чалавек можа вытрываць да канца і быць збаўленым.
У дадатак да пастаноўкі было падрыхтавана выступленне моладзі з маладзечанскай парафіі Св. Казіміра, якая паўтарыла для прысутных, што галоўным у чаканні Збаўцы з’яўляецца менавіта вера.
Пасля традыцыйнай на чуванні ружанцовай малітвы і спявання Гадзінак на працяг адвэнтавага чакання і нясення запалу веры ў свет кс. Віталій Драздоўскі благаславіў прысутных.
Сустрэча моладзі, якая сабралася на чуванні, стала яшчэ адным крокам у накірунку да таямніцы Божага Нараджэння. Катэдра прыняла ў гэтую ноч шмат дзяўчат і хлопцаў, многія з якіх, напрыклад, як Антон з Лагойска, могуць сказаць, навошта ім усё гэта, сказаць сваім сябрам пра тое, што значыць такая сустрэча асабіста для іх сэрца: “Тут паміж людзьмі, паміж намі знаходзіцца Бог. Падчас сустрэчы мы становімся як адна сям’я, якая складае будучыню нашай краіны. У хвіліны супольнай малітвы па-сапраўднаму разумееш еднасць Касцёла, якую мы складаем і дзеля якой павінны трымацца разам. Вынік гэтай сустрэчы мы панясём у сваё штодзённае жыццё, каб даваць прыклад таго, як трымацца Хрыста і пастановы быць з Ім”.
А хтосьці, як дзяўчына Аня з Мінска, можа напісаць, каб перажываннямі і думкамі, што прыйшлі ў гэтую ноч, таксама дзяліцца з іншымі. Вось радкі, якая яна пісала ўжо напрыканцы чування ў нататніку:
“Жыву гэты Адвэнт з надзеяй. Заўсёды цяжка чакаць. Але калі дакладна ведаеш, што тое, чаго так моцна чакаеш, абавязкова споўніцца, цяжкае чаканне ператвараецца ў радасць. Чаканне Божага Нараджэння немагчыма без надзеі. Мы, маладыя хрысціяне, павінны быць сведкамі такой надзеі. Павінны рабіць канкрэтныя крокі.
Бог ёсць любоў. Любоў дае сэнс усім нашым намаганням. Так важна не баяцца рабіць намаганні.
Бог нараджаецца ў цішыні, але не ў той цішыні, якая проста запаўняе пустэчу. Бог нараджаецца ў той цішыні, якая дае адказы на нашу надзею, наша чаканне”.
паводле Catholic.by