Прысвячэнне сям’і Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Пане Езу Хрыстэ, наш Збаўца!
Ты прыйшоў на свет, каб запаліць на зямлі агонь Божай любові, і хацеў, каб ён запалаў у кожным сэрцы. Ты хочаш зрабіць гэта таксама праз сем’і, якія будуць жыць паводле Евангелля. Да такіх сем’яў хочам належаць і мы. Таму сёння Сэрцу Твайму, якое так нас палюбіла, прысвячаем назаўсёды нашу сям’ю. Натхнёныя шчырай і жывой верай, аддаем Табе наш розум, нашую волю і сэрцы, прымаючы Твае запаведзі. Хочам заўсёды жыць Тваім жыццём, як галінкі вінаградніка, захоўваць асвячальную ласку, яднацца з Табою ў штодзённай малітве, у Ахвяры і святой Камуніі. У лучнасці з Касцёлам і яго пастырамі будзем змагацца з грахом, бараніць святасць сужэнства і зачатага жыцця, клапаціцца пра хрысціянскае выхаванне моладзі. Будзем абараняць сям’ю ад п’янства, распусты і нянавісці. Будзь для нас, Езу Хрыстэ, Валадаром і паяднаннем нашых сэрцаў. Благаславі нашую працу і адпачынак, нашыя поспехі і няўдачы. Учыні, каб нашая сям’я, паяднаная з Табою, праслаўляла ў небе Тваю міласэрнасць. Няхай жа нашая сям'я будзе для Цябе, о Найсвяцейшае Сэрца, прыемным месцам, каб Ты, Езу, мог тут адпачыць сярод душаў, якія любяць Цябе. О Умілаваны Збаўца, няхай наш дом будзе хоць і сціплым, але гасцінным прытулкам для Цябе!
Амэн.
Апостальскі сімвал веры
Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела, жыццё вечнае. Амэн.
Малітва Панская
Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
Анёльскае прывітанне
Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус. Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн.
Вечны адпачынак дай ім, Пане,
а святло вечнае няхай ім свеціць.
Няхай адпачываюць у супакоі.
Амэн.