Легенда пра манахаў, якія спявалі
Шмат гадоў таму, у глыбокіх лясных нетрах жыло брацтва старых, вельмі старых манахаў – настолькі старых, што некаторыя з іх стаялі ўжо адной нагой у сенцах неба. Але іх сэрцы засталіся маладымі і гарачымі ў служэнні Богу, а іх любоў была такой гарачай, што гімны хвалы і падзякі, якія яны спявалі, гучалі тым мацней. чым больш горбіліся іх плечы і пакрываліся сівізной іх галовы пад гнётам чарговых гадоў. Іх радасны спеў было чуваць здалёк, і многія людзі здзіўляліся:
– Чаму гэта радуюцца шаноўныя браты, калі ў іх зусім няма падставы для радасці?
Тое, пра што казалі людзі, было праўдай. Шаноўныя браты не мелі нічога з таго, што ў зямным разуменні надае смак жыццю. Яныы жылі ў пячоры, размешчанай у лесе, а вокнамі ім служылі яе расколіны. (…)
Старыя манахі спявалі сваю падзяку некуды ў глыбокі лес. Аднак, паколькі яны былі толькі людзьмі сталага ўзросту, то гук іх галасоў таксама пагаршаўся, і сапсаваны свет пачалі злаваць песні хвалы, якія рэзалі слых і перашкаджалі бесклапотнаму цячэнню іх жыцця.
– Калі ж гэтыя браты нарэшце сціхнуць, – скардзіліся ляніўцы. – Яны не даюць нам спаць.
– Губляем апетыт, – скардзіліся абжоры.
– Гэта гучыць, нібы пахавальныя званы, – казалі разбойнікі.
– Гэты енк пранікае да мозгу касцей, – казалі бязбожнікі.
– Нават калі і не пранікае, то фальшывяць так, што Бога робіцца шкада, – думалі іншыя.
– Апошняе, на жаль, было адзіным справядлівым папрокам. Тыя цудоўныя старыя манахі фальшывілі неміласэрна. Вядома, яны знаходзілі для сябе добрае апраўданне. Некаторыя з іх кепска чулі і з-за страху, што не змогуць паспець за іншымі, забягалі заўсёды на некалькі тактаў наперад, у той час як іншыя пасля многіх гадоў не маглі ўжо вызначыць свайго голасу і не ведалі, тэнары яны, барытоны ці басы, таму хацелі зрабіць як найлепш і спявалі кожным голасам патраху. Акрамя таго, быў яшчэ адзін вельмі мілы брат, які выдаваў толькі адзін глыбокі тон і з энтузіязмам укладваў у яго ўсе сілы, на якія быў здольны. (…)
– І птушкі, да якіх калісьці прамаўляў святы Францішак, хавалі свае галовы пад крыло, каб не слухаць спеваў, якія на Божую хвалу разносіліся далёка па лесе.
Хутка манахі зразумелі красамоўнае маўчанне птушак. Яно закранула іх глыбей, чым гучныя вымовы людзей. Нягледзячы на гэта, яны з пакорлівасцю працягвалі хваліць Бога з дапамогай гтых сціплых сродкаў, якія мелі ў сваім распараджэнні.
Набліжалася Божае Нараджэнне. Увесь лес стаў як адна белая капліца, у якой зімовае сонца запальвала на ледзяшах яркія іскрынкі, нібы агенчыкі на свечках. Напярэдадні каляднага вечара браты маліліся да позняй ночы, а калі ўсталі і збіраліся пачаць свій спеў, у дзверы нехта пастукаў.
– Калі ласка, заходзьце! – сказалі браты хорам, і адчынілі дзверы.
На парозе стаяў амаль здранцвелы ад холаду малады хлопец, які папрасіў хлеба і прытулку. Браты прынялі яго так, як належала прыняць Божага пасланца.
Юнак еў тое, чым яго частавалі і што было ў меру ядомым, і дзякаваў за выратаванне. Распавядаў, як ён, малады спявак, вымушаны быў бегчы ў цёмную, марозную ноч з княжацкага двара, каб уратавацца ад пераследу ворагаў, якія яму зайздросцілі з-за прыхільнасці князя.
– Спявак, сапраўдны спявак сярод нас, – радаваліся добрыя браты.
– Вось гэта будзе Пастэрка! – весяліўся брат Лаўрэн. – Усе заслухаюцца!
Так яно і здарылася. Юнак спяваў так, як ніколі яшчэ не спяваў у гэтым лесе, так выдатна, што лугі, палі і вёскі ператварыліся ў слых. Ні адзін з братоў гэтым вечарам не адкрыў вуснаў. У глыбокім засяроджанні, склаўшы малітоўна далоні яны слухалі, а слёзы замілавання цяклі па іх маршчыністых тварах. (…)
Яшчэ не развіднела, калі яны адправіліся на ранішнюю Імшу. З цемры вынырвалі, нібы зданні, цёмныя постаці сялян, якія таксама ішлі са сваіх вёсак у капліцу.
Калі манахі хацелі адчыніць дзверы ў капліцу, іх твары асвятліла яркае, нібы маланка, святло. Яно было настолькі яркае, што ў першы момант давялося заплюшчыць вочы. У светлым арэоле перад імі з’явіўся анёл, і, калі нарэшце яны пачалі ўжо бачыць, заўважылі, што ён глядзеў на іх вельмі сумным позіркам.
– Што здарылася з вамі, шаноўныя браты, – спытаў ён лагодна, – што ў Вігілію Божага Нараджэння нам не давялося пачуць ваш цудоўны спеў?
Вялікі прамяністы анёл некалькі разоў паўтарыў сваё пытанне, перш чым браты зразумелі, што ён звяртаецца да іх.
– Мы і цудоўны спеў! Браце Нябесны, выбачай, але гэта, пэўна, не пра нас гаворка! Мы фальшыві, пра гэта ўсе ведаюць, – сказалі яны дружным хорам.
– Я ж гуджу, як шмель, – наракаў брат Лаўрэн.
– А ў мяне няма слыху, – казаў брат Баніфат.
– Мой голас заўсёды апераджае іншых, – уздыхнуў трэці.
Анёл паківаў галавой.
– Але там, наверсе, мы чуем толькі выдатны гімн праслаўлення, які выходзіць з глыбіні вашых сэрцаў, а ва ўчарашні благаслаўлёны вечар мы былі яго пазбаўлены.
– За нас спяваў спявак, адоаны вялікім талентам. Хіба не чуваць было яго цудоўнага голасу?
– Не, – сказаў задуменна анёл, – нават самы прыгожы голас не можа да нас даляцець, калі спявак не забываецца пра сябе і калі не будзе ён натхнёны любоўю да Бога. (…)
З кнігі “Гэта быў менавіта Ён!” , выбраныя хрысціянскія легенды, Гродзенская дыяцэзія, 2015