background

"Блізка ля мяне Ты, Пане..."

Давяраць Богу сваё жыццё...

"Я – дарога, праўда і жыццё..."

Яднацца ў адзіным Пану нашым, Езусе Хрысце.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Любіць адзін аднаго любоўю, якою Хрыстос любіць Свой Касцёл.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Image 4 title

type your text for 4th image here

Image 4 title
Суббота, 27 Октябрь 2012 11:55

Сексуальнасць: ці ўсё так проста?

Автор  Наталля Станкевіч
Оцените материал
(0 голосов)

 

Асабліва моцна прапаганда безадказнасці гучыць у сферы сексуальнасці. Разбэшчанасць, вульгарнасць, жорсткасць, цынізм і поўная бездухоўнасць у дачыненні да сексуальнай сферы не толькі становяцца татальнымі — яны яшчэ і «маладзеюць».

 

Кожны чалавек у сваім жыцці павінен прымаць шмат больш ці менш важных і адказных рашэнняў: паехаць на працу аўтобусам ці прайсці пешшу? куды пайсці вучыцца? як запланаваць адпачынак? завесці хатнюю жывёлу ці не, і калі завесці, то якую? у якую школу аддаць дзіця? выйсці замуж за Ваню ці Пецю?..

 

Гэта толькі нямногія з пытанняў, якія штодня задае нам жыццё, і мы кожны раз мусім рабіць выбар на карысць таго ці іншага рашэння. Такая сітуацыя, з аднаго боку, падаецца вельмі прывабнай: каму ж не хочацца, каб жыццё ішло згодна з прынятымі ім самім рашэннямі? Інакш кажучы, хто ж не хоча ўплываць на сваё жыццё праз пасрэдніцтва шэрагу сваіх рашэнняў?

Існуе, аднак, і іншы бок медалю: калі чалавек (падкрэслім: дарослы чалавек!) прымае нейкае рашэнне — ён прымае і адказнасць за гэтае рашэнне. А вось адказнасць — гэта ўжо вельмі непапулярнае слова ў сучасным лексіконе як дзяцей, так і моладзі, і дарослых. У выніку гэтага страху і нежадання прымаць на сябе адказнасць за свае рашэнні сучасны чалавек трапляе ў такую дылему, якую народная мудрасць акрэслівае трапным выразам «як і з лавы зваліцца, і пятую кропку не пабіць». Іншымі словамі — як прымаць якія заўгодна рашэнні, а адказнасць за іх каб клалася  на кагосьці іншага.

 

Такое стаўленне да жыцця завецца інфантыльным — дзіцячым. Але калі можна зразумець трохгадовага хлопчыка, які, з’еўшы ўпотай пяць цукерак, кажа, што «гэта тут мышка пабегала», то ў дачыненні да дарослага, які паводзіць сябе прыкладна такім жа спосабам,  такія паводзіны выглядаюць як мінімум дзіўнымі, калі не сказаць — неадэкватнымі. Зразумела, дарослы не кажа «мышка пабегала». Але вось сітуацыя — і праз яе мы пяройдзем да тэмы сексуальнасці і адказнасці, — хлопец з дзяўчынай сустрэліся, правялі разам ноч, і ў выніку дзяўчына зацяжарала. Што кажа хлопец? «Гэта яна не паклапацілася аб кантрацэпцыі»; «яна мяне спакусіла»; «яна хоча мяне да сябе прывязаць з дапамогай дзіцятка»; «яна мяне падманула» і г.д. Такім чынам, дзяўчына становіцца той самай шкоднай «мышкай», якая яму, бязвіннаму хлопцу, сапсавала ўсё жыццё.

 

Сучасная культура заахвочвае, стымулюе і падтрымлівае такую ўсеагульную безадказнасць і інфантыльнасць. Лейтматывы сучаснага жыцця: «Бяры ад жыцця ўсё!», «Забаўляйся, пакуль малады!», «Carpediem!» — гавораць самі за сябе: няма чаго задумвацца аб наступствах, жыві хвілінай, карыстайся любой магчымасцю даставіць сабе асалоду! Дададзім: карыстайся не толькі магчымасцю — карыстайся і іншымі людзьмі.

 

Асабліва моцна гэтая прапаганда безадказнасці гучыць у сферы сексуальнасці. Разбэшчанасць, вульгарнасць, жорсткасць, цынізм і поўная бездухоўнасць у дачыненні да сексуальнай сферы не толькі становяцца татальнымі — яны яшчэ і «маладзеюць». Чаго толькі варта невялічкая гісторыя, выпадкова падслуханая мною ў аўтобусе не далей, як сёння раніцай. Размаўлялі дзве жанчыны, адна з іх — настаўніца рускай мовы і літаратуры. Выкладае ў пятым (!) класе. Чытаючы нейкі твор, вучні сустрэліся са словазлучэннем «трахнул гром». Смех у класе. Настаўніца пытаецца: «А што смешнага? Вы, мабыць, ведаеце, вульгарнае значэнне гэтага слова?» Высветлілася, што і значэнне ведаюць, і сам працэс неаднаразова назіралі. На шакіраваны выгляд настаўніцы адзін з вучняў дадае: «Ой, можна падумаць, што вы Інтэрнэт ніколі не глядзіце!»

 

Прычынаў такой сексуальнай экспансіі ў сферы культуры, мабыць, шмат. Мы звернем увагу толькі на адну, вельмі банальную: секс і сексуальнасць — гэта вялізны бізнес, куды ўцягнуты вытворцы і распрацоўшчыкі сродкаў кантрацэпцыі, вытворцы адпаведнай медыя-прадукцыі, пластычная хірургія (бо, каб выглядаць сексуальна, трэба адпавядаць зададзеным стандартам прыгажосці!), парфумерыя, касметыка, мода на адзенне і г.д. Як кажуць, калі хтосьці запальвае зоркі — значыць, гэта камусьці выгадна.

 

Калі прааналізаваць тую масу інфармацыі, якую ў тым ці іншым выглядзе нам прапаноўвае культура ў дачыненні да сексу, можна выявіць, на мой погляд, два асноўныя міфы, на якіх яна трымаецца.

 

Міф 1: Секс закранае толькі цела.

Міф 2: Секс — гэта сродак, каб імгненна і з вялікай прыемнасцю стаць дарослым.

Падкрэслім: гэта міфы! А значыць, яны не маюць дачынення да рэальнасці. Разгледзім іх больш падрабязна.

 

Секс закранае толькі маё цела.

Адлюстраванне гэтага міфу мы бачым, калі нам у тым ці іншым выглядзе падкрэсліваюць, выстаўляюць напаказ фізічную асалоду, якую даюць сексуальныя зносіны. У гэтай сувязі, зразумела, нельга не прыгадаць эратычныя фільмы ці сцэны ў фільмах, серыялы і незлічоныя любоўныя раманы, дзе ў падрабязнасцях смакуецца кожны момант «ложкавай сцэны».  Сексуальнае задавальненне ў такіх фільмах ставіцца «ў галаву вугла», пазіцыяніруецца як адзінае магчымае задавальненне, якое можа быць у камунікацыі паміж мужчынам і жанчынай, а сексуальная жаданне паказана як нешта, чаму немагчыма супрацьстаяць, і больш за тое — супрацьстаяць і не трэба! Бо, як кажуць, «каханню дазволена ўсё». У выніку мы з захапленнем чытаем кнігу ці глядзім фільм, спачуваем героям, перажываем з імі іх прыгоды — і не ўсведамляем, што ў гэты самы момант у нашай свядомасці (а дакладней — падсвядомасці!) закладаецца  схема бачання сексуальнасці. Іншымі словамі, мы падсвядома будуем для сябе мадэль паводзінаў, сцэнар, па якім трэба паводзіць сябе ў акрэсленых абставінах. І калі пазней мы сустракаем мужчыну, які пачынае нас спакушаць, — мы прымаем ролю такой гераіні серыялу, забываючыся, што кіно і жыццё — гэта далёка не адно і тое ж. На жаль, наступствы бываюць вельмі змрочнымі.

 

Іншым вынікам гэтага міфу з’яўляецца нашае стаўленне да якасці сексуальнага жыцця паміж сужэнцамі. Мы глядзім эратычную сцэну ў фільме — і мімаволі параўноўваем убачанае з тым, што адбываецца ў нашым уласным ложку. І калі гэтае параўнанне выходзіць не на карысць рэальнасці (а найчасцей так і здараецца!) — нас пачынаюць адольваць пачуцці раздражнення, гневу, зайздрасці кінагероям («Вось яно як у людзей бывае!.. А ў мяне што?..»). Часам пачынаюцца таксама сумненні ў сваёй сексуальнай паўнаспраўнасці: калі яны ў кіно так могуць, а я не магу — можа, са мной штосьці не так? І пачынаюцца бясконцыя паходы да сексолагаў, псіхолагаў, а то і проста бабак-варажбітак, якія абяцаюць «прываражыць», «вярнуць жарсць» і г.д.

 

Сексуальнае задавальненне і асалода, такім чынам, аб’яўляюцца асноўнай і адзінай прычынай, чаму чалавек імкнецца да сексуальных стасункаў. А калі гаворка, маўляў, ідзе толькі аб тваім целе, і нічога, акрамя задавальнення, гэтае цела не атрымлівае — то што ж у гэтым дрэннага?

 

Насамрэч калі двое людзей сустракаюцца і маюць сексуальныя зносіны, фізічная асалода з’яўляецца зусім не адзіным і, можа, не галоўным чыннікам. Гэта проста найбольш відавочная і павярхоўная прычына. (Прынамсі, апошняе слушна толькі для хлопцаў, у якіх фізіялагічная разрадка сама па сабе дае задавальненне. У дзяўчат карціна цалкам іншая: для таго, каб пачаць адчуваць задавальненне і перажываць аргазм, дзяўчатам і жанчынам патрэбны час, каб прыстасавацца да партнёра. Для іх эмацыйны кантакт з’яўляецца неабходным фактарам, які вядзе да задавальнення, а якраз эмоцый у разавых, выпадковых стасунках вельмі няшмат. Таму і даводзіцца чуць ад дзяўчат, якія пачынаюць сексуальнае жыццё ў 14–15 гадоў: «Што ўсе ў гэтым сексе пазнаходзілі? Было балюча, непрыемна, страшна, і ніякай асалоды!»)

 

Узнікае слушнае пытанне: навошта было гэта рабіць? Тлумачэнне праз асалоду відавочна недастатковае. Больш поўны адказ мы атрымаем, калі зірнем на эмоцыі, жаданні, адным словам — унутраныя матывы, якія штурхаюць моладзь да сексуальных зносінаў. Мне падаецца, адным з найбольш «вострых» сярод гэтых матываў можна назваць страх. Перш за ўсё гэта страх асуджэння ці кпінаў з боку іншых маладых людзей. Сапраўды, у моладзевым атачэнні існуе меркаванне, што калі ты не займаешся сексам — ты нямодны, не «круты» і з табой не варта мець спраў. Гэтыя прыніжаючыя адносіны, адчуванне сябе «белай варонай» з’яўляюцца вельмі моцным стрэсам для юнакоў і дзяўчат, якія захоўваюць чыстасць, і могуць штурхаць іх на гэты крок.

 

Акрамя таго, важным стымулам з’яўляецца адзінота, якую можна зразумець як адсутнасць у жыцці чалавека цеплыні, увагі, пяшчоты і любові з боку іншых людзей, асабліва найбольш блізкіх. Падлеткі вельмі чуллівыя на гэты конт: ім асабліва неабходна пазітыўная ўвага з боку родных і блізкіх. Аднак гэты «рэзервуар» любові павінен быць запоўнены яшчэ з дзяцінства: менавіта мама і тата павінны сказаць дзіцяці, што ён ці яна — добрыя, любімыя, прыгожыя, разумныя і г.д. Чалавек — хлопец ці дзяўчына, — які мае станоўчую самаацэнку, не «прадасць» сваё цела за літаральна адно добрае слова, кроплю ўвагі, камплімент ці букет кветак. Але, на жаль, часта мы назіраем адваротную сітуацыю: падлеткі, асабліва дзяўчаты, адчуваюць сябе нелюбімымі, непрыгожымі, пакінутымі, агіднымі, пагарджанымі — і раптам з’яўляецца той самы «прынц», які — як у фільме! — кажа добрыя словы, вядзе ў кіно, купляе кветку… Часта гэтага дастаткова, каб дзяўчына была гатовая на ўсё. Больш за тое: найбольш здзіўляе, што часам і гэтага не трэба. Мяне асабіста ахоплівае пачуццё поўнага неразумення, калі я бачу такія маладыя пары: яна даволі прыгожа апранута, бачна, што глядзіць за сабой, імкнецца добра выглядаць, і да таго ж рыхтавалася да сустрэчы, — і побач з ёю — не пабаюся гэтага слова — НЕШТА ў запэцканым спартовым касцюме, шлёпанцах набасанож, трохі нецвярозае, са шклянкай піва ў руцэ і неабсяжным самазахапленнем. А самае балючае — у дзяўчыны пры гэтым такі горды выгляд, быццам ідзе яна як мінімум з прынцам Уэльскім. Гэта таксама вынік гэтай недалюбленасці, прыніжанасці: хоць нехта звярнуў на мяне ўвагу!

 

У той жа час хлопец, адчуваючы, з аднаго боку, усё тыя ж страхі быць «не на ўзроўні» сярод равеснікаў, а з другога — фізіялагічныя жаданні, «купляе» дзяўчыну добрымі словамі, кампліментамі і кветкамі і задавольвае свае патрэбы.

 

Разважаючы такім чынам, мы падыходзім да развянчання другога міфу: секс — гэта хуткі шлях да даросласці. Хочацца запытацца: усё гэтае кола распусты, здрады, ілжы, безадказнасці, пошасці, страхаў, адзіноты, слабасці, забойстваў дзяцей — якое дачыненне яно мае да даросласці? Адказ насамрэч відавочны — ніякага. Яно мае дачыненне да наіўнай дзіцячай фантазіі аб тым, што калі секс — гэта для дарослых, то калі я займаюся сексам — я дарослы.

 

Падсумоўваючы, можна прыгадаць словы з Евангелля аб двух шляхах: шырокім, які вядзе да згубы, і вузкім, які вядзе да жыцця. А выбар — мусіць, асноўны, які нам трэба зрабіць — заўсёды перад намі.

 

 

матэрыял паводле http://catholic.by/2/home/authors-rubrics/psohology/112712-seksualnasc.html

 

Прочитано 1520 раз Последнее изменение Суббота, 27 Октябрь 2012 12:34
Другие материалы в этой категории: « Сужэнскі секс – што можна, а што не?
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии