Лацінскае слова communio азначае «яднанне, лучнасць, сустрэчу». У святой Камуніі мы сустракаемся і найбольш цесна яднаемся з тым, хто за нас памёр і ўваскрос. Фізічна, у канкрэтны час і ў канкрэтным месцы, мы ўдзельнічаем у Ім, у Яго таямніцы, разам з Ім паміраем і ўваскрасаем. Яго ахвяра з’яўляецца адначасова вячэраю, бо аб сваім выдадзеным на смерць Целе Ён сказаў «ешце», аб пралітай Крыві — «піце». Але гэта вельмі незвычайная вячэра. Спажытак, які мы прымаем, не столькі становіцца намі, колькі мы перамяняемся ўЯго.
Узнікае пытанне - што патрабуецца для прыняцця святой Камуніі?
Каб прыняць святую Камунію, неабходна быць цалкам далучаным да каталіцкага Касцёла і быць у стане ласкі, гэта значыць не мець на сумленні смяротнага граху. Той, хто ўсведамляе, што ўчыніў цяжкі грэх, павінен прыступіць да сакрамэнту паяднання перад тым, як будзе прымаць святую Камунію. Важнымі з’яўляюцца таксама дух засяроджанасці і малітвы, захаванне прадпісанага Касцёлам посту і пастаў цела (жэсты, адзенне), што з’яўляецца знакам павагі да Хрыста.
Пасля спажывання Эўхарыстыі, святар бярэ патэну альбо цыборыюм, падыходзіць да тых, хто будзе прымаць Камунію. Ва ўдзяленні Камуніі святару могуць дапамагаць іншыя прысутныя прэзбітэры. Калі ж іх няма, а колькасць прымаючых Камунію вельмі вялікая, святар можа ўзяць сабе на дапамогу надзвычайных асістэнтаў для ўдзялення Камуніі, гэта значыць належным чынам прызначанага акаліта альбо іншых вернікаў, якія прызначаныя для гэтага згодна з прынятым парадкам. У выпадку неабходнасці святар на адзін раз можа прызначыць для гэтага адпаведных вернікаў. Гэтыя прыслугоўваючыя не павінны падыходзіць да алтара перш, чым прыме Камунію святар, а начынне, дзе змяшчаецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя для ўдзялення вернікам, яны павінны прымаць з рук цэлебруючага святара.
Святая Камунія найчасцей прымаецца пад адной постаццю, пад выглядам хлеба. Практыка гэта ідзе ад самых ранніх часоў, калі хворым альбо зняволеным хрысціянам нельга было часам інакш занесці Эўхарыстыі. Пазней, па меры пашырэння хрысціянства, цяжка было інакш, чым пад адною постаццю, удзяляць Святую Камунію вялікаму мноству вернікаў. Але заўсёды была вера ў тое, што пад кожнаю з эўхарыстычных постацяў прысутнічае ўвесь Хрыстос.
Навучанне Каталіцкага Касцёла на тэму прыняцця святой Камуніі акрэсліў Трыдэнцкі Сабор, які абвясціў:
“(…) Свецкія і духоўныя, якія не цэлебруюць, не забавязаныя правам Божым да прыняцця Сакраманту Эўхарыстыі пад дзвюмя постацямі, і без абразы веры сумнявацца нельга, што камунія пад адной постаццю дастатковая ім для збаўлення.
Хоць Хрыстос і ўстанавіў падчас Апошняй Вячэры шаноўны гэты Сакрамант пад постаццю хлеба і віна і падаў вучням [пар. Мц 26,26n; Mк 14,22n; Лк 22,29n; 1 Кар 11,24n], аднак такі спосаб устанаўлення і падання не скіроўваецца да таго, каб з устанаўлення Панскага усе вернікі былі забавязаныя да прыняцця абоіх постацяў. Таксама з мовы запісанай у VI раздзеле св. Яна нельга слушна зрабіць вынік, што Панам абавязвае Камунія пад двумя постацямі. (…) Бо той самы, які сказаў: “Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця“[Ян 6, 53], сказаў таксама: “Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна“[Ян 6, 51]. І Той, які сказаў: “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае” [Ян 6, 54], сказаў таксама: “А хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету”[Ян 6, 51]. Нарэшце Той, які сказаў: “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім” [Ян 6, 56], сказаў таксама: “Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі” [Ян 6, 58].
(…) Маці Касцёл, прызнаючы сваю ўладу ў справе ўдзялення сакрамантаў, хоць ад пачатку хрысціянства ўдзялялася Камунія пад абоімі постацямі, аднак, калі з бегам часу звычай гэты ў многіх месцах змяніўся, пахваляе звычай удзялення Камуніі пад адной постаццю і надае яму характар права, якога нельга ганіць ані без павагі Касцёла давольна змяняць. Пад кожнай постаццю прымаецца ў поўні цэлага Хрыста і сапраўдны Сакрамант. (…)
Закранутая тэма спосабаў прыняцця Святой Камуніі і ў дакуметах ІІ Ватыканскага Сабору. У Канстытуцыі аб Літургіі чытаем:
“Настойліва рэкамендуецца той больш дасканалы спосаб удзелу ў св. Імшы, калі пасля камуніі святара вернікі спажываюць Цела Пана з той самай Ахвяры.
Захоўваючы вызначаныя Трыдэнцкім Саборам дагматычныя прынцыпы, у выпадках, акрэсленых Апостальскай Сталіцай, біскуп можа дазволіць св. Камунію пад дзвюма постацямі як дыяцэзіяльнаму духавенству і кансэкраваным асобам, так і свецкім, напрыклад тым, якія ў дадзенай Імшы атрымалі пасвячэнне ці далі манаскія абяцанні, або новаахрышчаным на Імшы, якая адбываецца пасля іх хросту.”
У Агульных Уводзінах да Рымскага Імшалу на вышэйузнятую тэму напісана:
“Значэнне святой Камуніі больш поўна раскрываецца тады, калі яна ўдзяляецца ў дзвюх постацях. У гэтай форме больш дасканала выяўляецца знак эўхарыстычнай вячэры і больш ясна выказваецца Божая воля спаўнення новага і вечнага Запавету ў Крыві Пана, а таксама сувязь паміж эўхарыстычнаю вячэраю і вячэраю эсхаталагічнаю ў Валадарстве Айца.
(..)
Трэба звярнуць увагу вернікаў на тое, што паводле каталіцкага веравучэння цэлы і непадзельны Хрыстус і сапраўдны Сакрамэнт прымаецца таксама і ў адной постаці. Таму тыя, хто прымае Камунію толькі ў адной постаці, не пазбаўлены ласкі, неабходнай для збаўлення, калі маюцца на ўвазе плады Камуніі.”
Калі Камунія ўдзяляецца толькі ў постаці хлеба, святар, крыху ўздымаючы Гостыю і паказваючы яе кожнаму, кажа: Цела Хрыста. Той, хто прымае Камунію, адказвае: Амэн і, прымае Сакрамэнт вуснамі, альбо, па жаданні, у рукі там, дзе гэта дазволена. Той, хто прыняў святую Гостыю, адразу ж цалкам яе спажывае. Адразу трэба зазначыць, што прыняцце Цела Хрыста ў апошнім выпадку нясе з сабою шмат цяжкасцей і небяспек – перад усім небяспека прафанацыі – зневажанне Найсвяцейшага Сакраманту.
Калі Камунія ўдзяляецца ў дзвюх постацях:
а) пры келіху звычайна прыслугоўвае дыякан ці, калі яго няма, прэзбітэр; альбо таксама акаліт, прызначаны належным чынам, ці іншы надзвычайны асістэнт для ўдзялення святой Камуніі; альбо вернік, якому ў выпадку неабходнасці на адзін раз даручаецца гэты абавязак;
б) у выпадку, калі застаецца нейкая колькасць святой Крыві, яе спажывае каля алтара святар, дыякан ці прызначаны належным чынам акаліт, які прыслугоўваў пры келіху, і як звычайна ачышчае літургічнае начынне, выцірае і складае яго.
І яшчэ вельмі важная заўвага - вернікам, якія хацелі б прымаць Камунію толькі ў постаці хлеба, святая Камунія ўдзяляецца ў гэтай форме.
Для ўдзялення Камуніі ў дзвюх постацях належыць падрыхтаваць:
а) калі Камунію прымаюць непасрэдна з келіха — келіх дастатковай велічыні альбо некалькі келіхаў. Але неабходна разлічваць так, каб у канцы не заставалася празмерная колькасць Крыві Хрыста для спажывання;
б) калі Камунія адбываецца праз абмакванне — гостыі, якія не занадта тонкія і не занадта малыя, але крыху таўсцейшыя за звычайныя, каб, абмакнуўшы ў святую Кроў, іх можна было б зручна раздаваць.
Калі Камунію святой Крыві прымаюць, адпіваючы непасрэдна з келіха, той, хто прымае Камунію, пасля таго, як прыме Цела Хрыста, пераходзіць да прыслугоўваючага пры келіху і становіцца перад ім. Прыслугоўваючы кажа: Кроў Хрыста, а прымаючы Камунію адказвае: Амэн. Прыслугоўваючы падае яму келіх, які той, хто прымае Камунію сваімі рукамі падносіць да вуснаў, крыху адпівае з келіха, вяртае яго прыслугоўваючаму і адыходзіць, а прыслугоўваючы выцірае край келіха пурыфікатарам.
Калі Камунія з келіха адбываецца праз абмакванне, той, хто прымае Камунію, трымаючы патэну пад вуснамі, падыходзіць да святара, які трымае начынне з часткамі кансэкраванага хлеба. Побач са святаром стаіць прыслугоўваючы з келіхам. Святар бярэ Гостыю, часткова абмаквае яе ў келіху і, паказваючы яе, гаворыць: Цела і Кроў Хрыста, а той, хто прымае Камунію, адказвае: Амэн, вуснамі прымае ад святара Сакрамэнт і пасля гэтага адыходзіць.
На наступнай катэхезе мы будзем разважаць над тым, якія плёны дае нам прыняцце святой Камуніі.
Літаратура:
ПАСЛЯСІНАДАЛЬНАЯ АПОСТАЛЬСКАЯ АДГАРТАЦЫЯ VERBUM DOMINI СВЯТОГА АЙЦА БЭНЭДЫКТА XVI, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/107590.html.
Паслясінадальная Апостальская адгартацыя Sacramentum Caritatis Святога Айца Бэнэдыкта XVI, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/100784.html.
ДАГМАТЫЧНАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ ПРА БОЖАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ «DEI VERBUM», у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101681.html#5.
Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі. Раздзел II. Структура імшы, яе элементы і часткі, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101198.html.
Святая Імша. Часткі Імшы і іх значэнне, у: http://katedra.by/index.php?option=com_content&task=view&id=336&Itemid=9.
CZĘŚCI MSZY ŚWIĘTEJ, у: http://liturgia.ovh.org/czesci_mszy_swietej.php.
Л. Кубяк, Святая Імша. 100 пытанняў i адказаў, Мінск 2012.
Рымскі Імшал для дыяцэзій Беларусі, Мінск 2004.
Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/104139.html
KONGREGACJA DS. KULTU BOŻEGO I DYSCYPLINY SAKRAMENTÓW, INSTRUKCJA REDEMPTIONIS SACRAMENTUM. O tym, co należy zachowywać, a czego unikać w związku z Najświętszą Eucharystią, у: http://win.ocist.org/pdf/InstrukcjaRedemptionisSacramentum.pdf.
ЧАМУ СВЯТАЯ КАМУНІЯ ЎДЗЯЛЯЕЦЦА ПАД АДНОЙ ПОСТАЦЦЮ?, у: http://ministrant.catholic.by/index.php/paznayuchy-liturgiyu/pytanni-i-adkazy/item/219-chamu-svyataya-kamuniya-dzyalyaetstsa-pad-adnoy-postatstsyu?
Ks. T. Wyszyński, Teologia dogmatyczna: Eucharystia. Pomoce do studium traktatu, Grodnae 2009.