Пасля знаку супакою наступае непасрэдна момант прыняцця святой Камуніі.
І тут адразу мне насоўваецца магчыма “дробная”, але ў той жа час істотная заўвага: святая Камунія – гэта не аплатак і не звычайны хлеб!!! Святая Камунія – гэта прыняцце Хрыста пад постаццю хлеба і віна. Нажаль, вельмі часта, мы, мякка кажучы, блытаем паняцці. Таму трэба яшчэ раз паўтарыць: 1) святая Камунія – сапраўднае Цела і Кроў Езуса Хрыста пад постаццю хлеба і віна; 2) аплатак – асвечаны хлеб, якім мы дзелімся ў перыед Божага Нараджэння; 3) звычайны хлеб – батон, булка іг.д.
Святар бярэ Гостыю, ламае яе над патэнай і часцінку апускае ў келіх, ціха гаворачы:
Гэтае паяднанне Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста няхай дапаможа нам, прымаючым Яго, дасягнуць жыцця вечнага.
Гэты жэст выразна ўказвае на сувязь са звычаем, што існаваў у старажытным Касцёле (пар. Дз 2, 42; Дз 7, 20; «Дзідахэ»; св. Ігнацый з Антыёхіі). Ламанне хлеба мае глыбокае тэалагічнае значэнне. Ужо з самага пачатку гэтае дзеянне было настолькі моцна звязана з асобаю Хрыста, што стала Ягоным апазнавальным знакам. Устрывожаныя вучні пазнаюць свайго ўваскрослага Пана не па Яго знешнім выглядзе, не па манеры гаварыць, не па Ягонай мудрасці, але менавіта падчас ламання хлеба (пар. Лк 24,30-31). Жэст ламання — гэта, па сутнасці, жэст, якім Езус адкрывае сябе; гэта жэст удзялення людзям ахвярнай любові. Так любоў Хрыста становіцца для ўсіх, хто Яго спажывае, рошчынаю еднасці. Калі мы спажываем адзін Хлеб, калі ўваходзім у камунію з адным Панам, мы самі пачынаем складаць адно цэлае. I гэта вельмі добра ўсведамлялі першыя хрысціяне, што пацвярджаюць словы св. Паўла:
Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста? Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго хлеба».
1 Кар 10,16—17
Святар ламае эўхарыстычны хлеб і апускае часцінку Гостыі ў келіх, што азначае еднасць Цела і Крыві Хрыста ў справе збаўлення, а менавіта Цела Хрыста жывога і ўслаўленага. Мы верым, што прымаючы святую Камунію, мы атрымліваем спажытак для вечнага жыцця, бо ў ёй укрыты Уваскрослы, — наш Пан, які перамог смерць.
У гэты час людзі спяваюць альбо гавораць:
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
змілуйся над намі.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
змілуйся над намі.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
адары нас супакоем.
Спеў Agnus Dei (Баранку Божы) паходзіць з канца VII стагоддзя. Яго ўвёў у літургію папа Сергій, каб запоўніць момант цішыні, што ўзнікаў падчас працяглага ламання кансэкраванага Хлеба. Хоць звычайна Agnus Dei паўтараецца тройчы, яго першую частку (заканчваецца словамі «змілуйся над намі»), пры неабходнасці, можна паўтараць адвольную колькасць разоў, а другая частка (заканчваецца словамі «адары нас спакоем») спяваецца толькі раз і з’яўляецца заканчэннем. Пра значэнне спеву Agnus Dei ў літургіі кардынал Ёзаф Ратцынгер (папа Бэнэдыкт XVI) пісаў:
«Хіба ж просьба аб тым, каб Хрыстос, Ягнё Божае, змілаваўся над намі, цалкам не апраўданая менавіта ў той момант, калі нанова аддаецца Ён, безабаронны, у нашыя рукі: Ён, прынесены ў ахвяру, але разам з тым трыумфуючае Ягнё, які трымае ў сваіх руках ключы гісторыі? I хіба просьба аб спакоі, скіраваная да Яго, — безабароннага і пераможнага ў сваёй безабароннасці, — не з’яўляецца надзвычай адпаведнаю ў момант прыняцця святой Камуніі, паколькі спакой, які знішчае межы паміж небам і зямлёю, паміж народамі і дзяржавамі, яднаючы людзей у адно Містычнае цела Хрыста, быў у старажытным Касцёле адным з сінонімаў Эўхарыстыі?»
Ёзаф Ратцынгер. Дух літургіі
Перад тым як святар пакажа вернікам эўхарыстычны хлеб і запросіць іх да Хрыстовай Гасціны, ён нейкі час ціха моліцца. Вернікі, рыхтуючыся да плённага прыняцця святой Камуніі, моляцца ў маўчанні. Святар карыстаецца адной з прадпісаных малітваў.
Гэтыя святарскія малітвы вельмі старажытныя. Адна з іх – з ХІ ст. – у чарговы раз падкрэслівае рэальнасць ахвяры ў Эўхарыстыі, а таксама выказвае жаданне таго, каб Камунія стала збаўленнем, каб стварала непарыўную сувязь:
«Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога жывога, Ты па волі Айца пры садзеянні Духа Святога праз сваю смерць даў жыццё свету: праз гэтае Найсвяцейшае Цела Тваё і Кроў вызвалі мяне ад усіх маіх правінаў і ад усяго злога. Учыні, каб я заўсёды трымаўся запаведзяў Тваіх і не дапусці, каб я адышоў ад Цябе».
Другая – з X ст. – гучыць наступным чынам:
«Пане Езу Хрыстэ, няхай прыняцце Цела і Крыві Тваёй не будзе мне на суд і асуджэнне, але з міласэрнасці Тваёй няхай ахоўвае і аздараўляе маю душу і цела».
Гэтая малітва нагадвае ўрывак з Першага паслання св. Паўла да Карынцянаў, дзе Апостал гаворыць хрысціянам пра іх абавязак сачыць за тым, каб годна прыступаць да стала Пана. Той, хто робіць гэта нягодна, наклікае на сябе страшную кару, бо «вінаваты супраць Цела і Крыві Пана» (1 Кар 11,27-29). Гэтая святарская малітва змяшчае таксама просьбу аб тым, каб прыняты дар стаўся лекам. Хрыстос, абвяшчаючы Евангелле, нястомна лячыў людзей, аздараўляў іх, аднак найбольшы цуд аздараўлення здзейсніўся на крыжы. Менавіта на крыжы Хрыстос вызваліў чалавецтва ад хваробы граху, менавіта там Ён уваскрасіў яго са смерці. Эўхарыстыя ўтрымлівае ўсю Пасхальную таямніцу, а таму нішто іншае не можа быць для чалавека больш дасканалым лекам, лекам вечнага жыцця.
Затым святар укленчвае, бярэ Гостыю і, трымаючы яе крыху ўзнятай над патэнаю, гаворыць:
Вось Баранак Божы, вось той, хто бярэ на сябе грахі свету.
Благаслаўлёныя пакліканыя на вячэру Ягоную.
І разам з народам, адзін раз дадае:
Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая.
Пачынаючы з XVI ст., пасля спеву Agnus Dei (Баранку Божы) святар прамаўляе словы запрашэння да святой Камуніі: «Вось Баранак Божы...», і ўказвае на Цела Пана, трымаючы Гостыю крыху ўзнятай над патэнаю або келіхам. У гэтым запрашэнні злучаныя два біблійныя тэксты — заклік Яна Хрысціцеля ў дачыненні да Хрыста: «Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету» (Ян 1, 29) і фрагмент з Апакаліпсіса: «Шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Ягняці» (Ап 19, 9).
Наш адказ: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне...»— гэта словы сотніка, які прасіў Хрыста аздаравіць слугу і быў настолькі пакорны і поўны веры, што не хацеў абцяжарваць Пана. Ён верыў, што адным толькі словам Езус можа вярнуць здароўе. I сапраўды, каб нас аздаравіць, хапіла б толькі Ягонага слова. Аднак Езус жадае значна большага. Ён прагне не толькі аздаравіць нас, але і быць з намі, таму дае нам усяго сябе.
Пасля тзв. малітвы сотніка святар ціха гаворыць:
Цела Хрыста няхай беражэ мяне на жыццё вечнае.
І з пашанаю прымае Цела Хрыста.
Потым бярэ келіх і ціха гаворыць:
Кроў Хрыста няхай беражэ мяне на жыццё вечнае.
І з пашанаю прымае Кроў Хрыста.
На наступнай нашай сустрэчы мы працягнем разважаць над абрадамі святой Камуніі падчас святой Імшы – гэтым разам паспрабуем адказаць на пытанне, хто можа прынімаць святую Камунію і якім чынам гэта робіцца.
Літаратура:
ПАСЛЯСІНАДАЛЬНАЯ АПОСТАЛЬСКАЯ АДГАРТАЦЫЯ VERBUM DOMINI СВЯТОГА АЙЦА БЭНЭДЫКТА XVI, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/107590.html.
Паслясінадальная Апостальская адгартацыя Sacramentum Caritatis Святога Айца Бэнэдыкта XVI, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/100784.html.
ДАГМАТЫЧНАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ ПРА БОЖАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ «DEI VERBUM», у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101681.html#5.
Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі. Раздзел II. Структура імшы, яе элементы і часткі, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101198.html.
Святая Імша. Часткі Імшы і іх значэнне, у: http://katedra.by/index.php?option=com_content&task=view&id=336&Itemid=9.
CZĘŚCI MSZY ŚWIĘTEJ, у: http://liturgia.ovh.org/czesci_mszy_swietej.php.
Л. Кубяк, Святая Імша. 100 пытанняў i адказаў, Мінск 2012.
Рымскі Імшал для дыяцэзій Беларусі, Мінск 2004.
Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/104139.html
KONGREGACJA DS. KULTU BOŻEGO I DYSCYPLINY SAKRAMENTÓW, INSTRUKCJA REDEMPTIONIS SACRAMENTUM. O tym, co należy zachowywać, a czego unikać w związku z Najświętszą Eucharystią, у: http://win.ocist.org/pdf/InstrukcjaRedemptionisSacramentum.pdf.