background
Суббота, 02 Февраль 2013 09:05

Моладзь сустрэлася разам

Автор  Кацярына Дурко
Оцените материал
(3 голосов)

1 лютага нашая моладзь сустрэлася, каб разам правесці час і славіць Хрыста - Адзінага Збавіцеля свету. 

У гэты дзень сабраліся маладыя людзі, якія з дзяцінства актыўна ўдзельнічалі ў жыцці парафіі і былі выхаваныя на яе традыцыях, а таксама ў гэты дзень да вілейскай моладзі далучылся і госці, якія адважыліся прыехаць ажно з поўдня Беларусі.

 

Пачалася сустрэча супольнай Эўхарыстыяй. У гаміліі кс. Аляксандр, пробашч  парафіі, прыгадаў маладым людзям пра тое, што закладзены яшчэ ў дзяцінстве фундамент веры патрабуе няспыннай працы і сёння, бо тое, што не развіваецца, з цягам часу замірае. Узмоцненая Божым Словам і Эўхарыстыяй моладзь правяла разам увесь наступны дзень.


У праграме дня быў час як для супольнай малітвы, так і для забаў. Падчас гарбаты і абеду моладзь збіралася вакол агульнага стала і праводзіла час за цікавымі размовамі.


У канферэнцыі, якая адбылася пасля супольнай гарбаты, вікарый парафіі кс. Андрэй распавядаў пра каханне. Былі пералічаны яго этапы ад першай сімпатыі і да таго часу, калі маладыя людзі поўныя сапраўднага кахання гатовыя нават ахвяраваць сваё жыццё адзін за аднаго. Святар заклікаў маладых слухачоў не падменьваць паняцці, як часта робіцца ў сучасным свеце, але адкрываць сапраўдны глыбокі сэнс любові і будаваць яе на Хрысце. Пасля канферэнцыі быў час, каб паразмаўляць з Жывым Езусам, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Падчас адарацыі гучалі спевы, а таксама Ружанцовая малітва з разважаннямі. Гэта яшчэ раз дэманструе нам, што Ружанец – гэта не сумнае вымаўленне слоў і нямодная малітва толькі нашых бабуль, а скарб, які варты адкрыцця і які дзіўным чынам сцірае рысы часу і пераносіць падзеі таямніц з жыцця Езуса на наша жыццё. Напрыканцы адарацыі маладыя людзі атрымалі індывідуальнае благаслаўленне Святымі Дарамі на далейшае жыццё і ўзрастанне ў веры сярод няпростых выклікаў сучаснага свету.


Нашыя продкі казалі, што хрысціянін павінен быць здольны і да танца і да Ружанца, таму яшчэ адным пунктам праграмы была супольная забава моладзі. Шчырая радасць і цікавыя гульні дазволілі напоўніць парафіяльны дом гучным смехам і цёплай атмасферай.


Менавіта ў сённяшнія дні, быць можа як ніколі раней, малады чалавек шукае адказы на свае пытнні, сваё месца ў жыцці і супольнасці, цяпла і разумення з боку бліжніх, здаровай радасці і сапраўднай любові, таму такія сустрэчы падтрымліваюць маладых людзей і прыпамінаюць ім пра тое заданне сведчання пра Хрыста, якое яны маюць перад Богам і Касцёлам. Супольная малітва, пасілак, прагляд фільма, забаўляльная праграма моладзі, якая вырасла пры Касцёле, сталі здаровай альтэрнатывай для свецкіх сустрэч выпускнікоў.


Дзякуючы нашым душпастырам, кожнаму з удзельнікаў і гасцям, якія прынялі актыўны ўдзел, дзень сустрэчы быў напоўнены сямейнай атмасферай, шчырай радасцю і цяплом маладых сэрцаў, якія імкнуцца разам праслаўляць Бога. 


Фота - Яўгенія Галомзік

Прочитано 1082 раз