background

"Блізка ля мяне Ты, Пане..."

Давяраць Богу сваё жыццё...

"Я – дарога, праўда і жыццё..."

Яднацца ў адзіным Пану нашым, Езусе Хрысце.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Любіць адзін аднаго любоўю, якою Хрыстос любіць Свой Касцёл.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Image 4 title

type your text for 4th image here

Image 4 title
Четверг, 22 Март 2012 07:54

Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

«Чалавечае жыццё з моманту зачацця павінна абсалютна шанавацца і абараняцца. Ужо з першых хвілін свайго існавання чалавечая істота павінна мець прызнаныя правы асобы, сярод іх непарушнае права кожнай бязвіннай істоты на жыццё» (KKK).



Паважаныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Заўтра ў літургіі Касцёла будзем успамінаць Марыю, Дзяўчыну з Назарэта, якая пачула, што пад сваім сэрцам будзе насіць Сына. Гэта не звычайнае дзіця, як іншыя, бо гэта Сын Найвышэйшага — Сын самога Бога. Гэтая навіна збянтэжыла Марыю, але не таму, што Яна не хацела быць Маці, а таму, што па-чалавечы не разумела, як гэта можа стацца. Нягледзячы на многія пытанні, Марыя кажа «fiat», згаджаецца з Божай воляй. Праз гэта ў гісторыі чалавецтва распачынаецца новая старонка гісторыі збаўлення. Бог здзяйсняе свае планы, пасылаючы ў свет Езуса Хрыста, выкарыстоўваючы для гэтага чалавека.

Для Марыі дзень звеставання — гэта пачатак новага этапу ў яе жыцці. Напэўна, яна планавала быць маці, хоць, можа, і не цяпер. Не думала, што можа насіць пад сваім сэрцам Божага Сына i праз гэта стаць прыладаю Бога ў гісторыі збаўлення свету. Хоць Святое Пісанне не паказвае нам перыяду непасрэднай падрыхтоўкі Марыі да нараджэння Езуса, аднак можам здагадвацца, як гэта выглядала. Яна, як простая i па-над усім адданая Богу жанчына, з вялікай любоўю клапацілася пра Сына, які жыў пад яе сэрцам дзевяць месяцаў. Няцяжка ўявіць цяжарную Марыю, якая чакала нараджэння Сына. Напэўна, гэтае чаканне не было пасіўным. Як кожная маці, Марыя прыкладвала ўсе намаганні, каб Дзіця, якое насіла пад сваім сэрцам, было атулена найбольшым клопатам і матчынай апекай. Пасля прыйсця ў свет Езуса бачым яе разам з Юзафам, як яны туляць да сэрца Нованароджанага, a потым, турбуючыся за Яго жыццё, уцякаюць ад злога Ірада. Калі ж мінае небяспека, вяртаюцца ў Назарэт, каб там у атмасферы веры выхоўваць свайго Першароднага.

Марыя ні на хвіліну не засумнявалася, ці прыняць Божую волю i стаць Маці Божага Сына. Святы Юзаф на працягу ўсяго гэтага часу верна падтрымліваў яе ў прынятым рашэнні, абараняючы яе жыццё і жыццё Таго, хто прыйшоў на свет не з яго прычыны, але з прычыны Духа Святога. Успамінаючы падзеі, звязаныя са Звеставаннем Пана, думкамі знаходзімся не толькі ў Назарэце, у доме Марыі, але таксама цвёрда ступаем па зямлі, заўважаючы розны лёс дзяцей, якія сёння прыходзяць на свет. Магчыма, шмат разоў мы былі сведкамі нараджэння новага чалавека. Маці i таты памятаюць боль i радасць, звязаны з прыйсцем на свет сваіх дзяцей. Бабулі i дзядулі не ўяўляюць жыцця без унукаў, якія бегаюць у іх доме. Чалавечае жыццё вельмі важнае для канкрэтных сем’яў i ўсіх супольнасцяў.

Калі большая колькасць насельніцтва i добры стан здароўя грамадзян такія важныя для дзяржаўнай эканомікі, ці азначае гэта, што няма ніякай небяспекі для жыцця чалавека? Канешне, ёсць! Чалавечае жыццё надалей у небяспецы. Дзіўна, што, нягледзячы на тое, што мы так моцна любім жыццё, клапоцімся пра сваё цела, здароўе, не хочам старэць, мы забіваем безабаронных дзяцей ва ўлонні маці. Чаму так дзеецца? Хто прымае рашэнне наконт абортаў, якое, як кажа Другі Ватыканскі Сабор, нароўні з дзетазабойствам з’яўляецца «жахлівым злачынствам»? Ведаем, што рашэнне аб забойстве дзіцяці прымае не толькі маці, але таксама іншыя асобы. Часта дапамагае ў гэтым бацька, схіляючы жонку зрабіць аборт або іншым чынам уплываючы на яе рашэнне, «пакідаючы яе адну перад праблемамі, звязанымі з цяжарнасцю: такім чынам сям’я бывае смяротна параненая і зняважаная ў сваёй сутнасці як супольнасць любові і ў сваім пакліканні як „святыня жыцця“» (EV 59). Прэсінг могуць аказваць таксама сваякі i сябры.

Вялікую адказнасць бяруць на сябе ўрады дзяржаў, якія прымаюць закон, што дазваляе аборт. Ведаем, што да іх належыць таксама наша дзяржава, якая дазваляе забойства ненароджаных дзяцей — аборт. У апошні час дазволены таксама г. зв. фармакалагічны аборт. Заключаецца ён у тым, што ў шпіталях пад наглядам лекара цяжарным жанчынам даюць медыцынскія прэпараты, якія выклікаюць штучны выкідыш.

Нельга таксама не звяртаць увагу на арганізаваную змову, якая ахоплівае міжнародныя інстытуцыі, фонды i таварыствы, якія вядуць запраграмаваную барацьбу за легалізацыю i распаўсюджванне ў свеце абортаў. «У гэтым сэнсе праблема аборту выходзіць па-за сферу персанальнай адказнасці асобы, а зло, ёю ўчыненае, набывае далёкасяжнае грамадскае вымярэнне: аборт — гэта надзвычай цяжкая рана, нанесеная грамадству і яго культуры тымі, хто павінен быць іх будаўнікамі і абаронцамі» (EV, 59). Благаслаўлёны Ян Павел II падкрэслівае, што «аборт (незалежна ад таго, якім чынам будзе зроблены) — гэта свядомае і непасрэднае забойства людской істоты на пачатковай стадыі яе жыцця, што ахоплівае перыяд паміж зачаццем і нараджэннем» (EV, 58).

Перад абліччам гэтых балесных ран, нанесеных не толькі канкрэтнаму чалавеку, але і ўсяму грамадству, нельга забываць пра тых, хто хоча мець патомства, aднак па розных прычынах пазбаўлены гэтай радасці. Яны маюць права карыстацца адкрыццямі медыцыны, каб дасягнуць жаданай мэты, г. зн. нараджэння здаровага дзіцяці. Аднак пры лячэнні бясплоднасці выкарыстоўваюцца розныя метады. Пры гэтым трэба памятаць, што не ўсе яны маральна дапушчальныя. Адным з іх, які вельмі рэкламуецца і распаўсюджваецца ў нашай краіне, з’яўляецца метад in vitro. З пункту гледжання Каталіцкага Касцёла ён абсалютна непрымальны. Паўстае пытанне: чаму? Што ў ім дрэннага?

Метад in vitro не шукае прычын бясплоднасці i не скіраваны на яе лячэнне. Гэта схаваная форма аборту i селекцыі дзяцей, якія з пункту гледжання медыцыны не маюць будучыні. З некалькіх зародкаў выбіраюцца толькі некаторыя. Рэшта забіваецца. Бацькі, якія вырашаюць карыстацца метадам in vitro для зачацця дзіцяці, адначасова рашаюцца на забойства дзяцей, якія не пройдуць селекцыі. У такой сітуацыі Каталіцкі Касцёл станоўча кажа «не» апладненню in vitro. Яно маральна недапушчальнае, i кожны, хто карыстаецца гэтым метадам, рэалізуе яго або прапагандуе, здзяйсняе цяжкі грэх.

Метад in vitro не можа быць маральна добрым таксама таму, што падыходзіць да зачацця дзіцяці не як да дару Пана Бога, але як да выніку заказу бацькоў. У той жа час Касцёл навучае, што плоднасць цесна звязана з інтымным збліжэннем дваіх людзей, адкрытых на Божую волю.

Браты і сёстры! Мы не можам маўчаць у дачыненні да гэтых спраў, якія адбываюцца на нашых вачах. Апроч гэтага, мы павінны выразна i дакладна рэагаваць на зло, якое распаўсюджваецца вакол нас. У сувязі з гэтым, як штогод, ва ўрачыстасць Звеставання Пана кажам разам уголас, што такая рэчаіснасць непрымальная для нас, католікаў. Мы не толькі адмаўляемся ад недапушчальных медыцынскіх аперацый, але звяртаемся да Пана жыцця і просім аб ратунку для чалавецтва. Таму заахвочваем усіх да малітвы аб больш шчаслівым свеце для жыцця, молімся за жыццё, якое знаходзіцца ў небяспецы, бо хтосьці ўжо вырашыў забіць яго, i пры гэтым ва ўлонні маці. Ідучы за практыкай папярэдніх гадоў, хочам запрасіць усіх далучыцца да справы «Духоўнага ўсынаўлення». Многія з вас ведаюць, што гэта такое, і даўно моляцца на працягу дзевяці месяцаў, просячы ўратаваць ад смерці дзіця, якое знаходзіцца ва ўлонні маці, ад забойства. Тым жа, хто першы раз чуе пра «Духоўнае ўсынаўленне», варта яшчэ раз нагадаць яго ідэю.

«Духоўнае ўсынаўленне» — гэта малітоўнае абавязацельства канкрэтнай асобы ў інтэнцыі ратавання ва ўлонні маці жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай. Сутнасць яго заключаецца ў штодзённай малітве на працягу дзевяці месяцаў. Распачынаецца гэтая малітва 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, і заканчваецца ва ўрачыстасць Нараджэння Пана Езуса. Складаецца яна са спецыяльнай малітвы ў інтэнцыі дзіцяці, імя якога ведае Бог, а таксама з адной з таямніц святога Ружанца і дабравольнага выканання якой-небудзь рэлігійнай практыкі. Да гэтай справы можа далучыцца кожны чалавек, які палічыць, што зможа выканаць прынятае абавязацельства.

Умілаваныя! Для Марыі сустрэча з арханёлам Габрыэлем і сказанае «fiat» стала пачаткам новага этапу ў яе жыцці. З гэтага моманту яна насіла пад сваім сэрцам Божага Сына, гарантуючы Яму бяспечнае развіццё ў сваім улонні. Для многіх з вас дзень урачыстасці Звеставання Пана можа таксама быць пачаткам чагосьці новага, можа быць пачаткам вялікай малітвы за жыццё чалавека. Не бойцеся распачаць гэтую працу. Станьце ў абарону жыцця.

Мы заахвочваем да гэтай малітвы ўсіх: святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў, а таксама ўсіх людзей добрай волі, для якіх чалавечае жыццё з’яўляецца найбольшым дарам Бога. Вельмі каштоўнай з’яўляецца малітва старэйшых асобаў, хворых, цярпенне якіх прынясе больш багаты плён. Верым, што калі моладзь распачне малітву ў інтэнцыі жыцця, якое знаходзіцца ў небяспецы, то, напэўна, не дазволіць у будучыні смерць свайго зачатага дзіцяці.

Распачніце гэтую справу, прымаючы ў сэрцы словы благаслаўлёнага Яна Паўла II, які казаў, што «абараняць жыццё i ўмацоўваць яго, шанаваць яго і любіць — вось заданне, якое Бог даручае кожнаму чалавеку».

Усіх вас ахопліваем малітвай і пастырскім благаслаўленнем.

 

Каталіцкія Біскупы Беларусі



Гэты ліст трэба прачытаны ва ўсіх святынях Беларусі ў нядзелю, якая папярэднічае ўрачыстасці Звеставання Пана, 25 сакавіка 2012 г.

 

 

тэкст паводле catholic.by

 

Прочитано 1834 раз Последнее изменение Среда, 04 Июль 2012 14:57
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии