Мы ніколі не асягнем сапраўднай лагоднасці духа, калі не будзем следаваць праўдзе Езуса, калі не будзем пакорныя, як Ён. Я настойліва паўтараю: вы бачылі, у чым укрытая Божая веліч? У яслях у пялюшках, у пячоры. Нашае жыццё стане дзейсным і збаўчым толькі тады, калі напоўніцца пакораю, калі мы перастанем клапаціцца пра сябе і з усёй адказнасцю пачнем дапамагаць іншым людзям.
Часам нават сярод добрых душаў становіцца звычайным правакаваць асабістыя канфлікты, якія вядуць да сур’ёзных турботаў, але не маюць ніякай аб’ектыўнай прычыны. Яны вынікаюць з недахопу ведаў пра саміх сябе, што вядзе да пыхі, – з’яўляецца жаданне знаходзіцца ў цэнтры ўсеагульнай увагі і захаплення, схільнасць заўжды выстаўляць сябе ў добрым святле, няўменне знікнуць, учыніўшы нешта добрае, зацыкленасць на асабістай бяспецы. Такім чынам, многія душы, якія б маглі цешыцца дзівосным спакоем і нязмернай радасцю, з прычыны сваёй самазадаволенасці і ганарлівасці ператвараюцца ў душы няўдзячныя і бясплодныя.
Хрыстус быў “пакорны сэрцам” (Мц 11, 29). На працягу ўсяго свайго жыцця Ён не жадаў для сябе нічога асаблівага, ніякіх прывілеяў. Напачатку Ён правёў дзевяць месяцаў ва ўлонні сваёй Маці, як і кожны чалавек, да крайнасці натуральна. Езус больш чым хто ведаў, што чалавецтва пакутуе на вострую патрэбу Бога. З-за гэтага Ён прагнуў прыйсця на зямлю, каб збавіць кожную душу, але Ён не апярэджваў час. Прыйшоў у сваю гадзіну, як прыходзяць на свет усе іншыя людзі. З моманту зачацця і да нараджэння ніхто – апроч сятога Юзафа і святой Альжбеты – не ведаў пра гэты цуд: Бог прйшоў і пасяліўся сярод людзей.
(…) Як можна мець такое цвёрдае сэрца, каб прывыкнуць да гэтых сценаў? Бог прыніжае сябе, каб мы маглі наблізіцца да Яго, каб маглі адказаць на Яго любоў нашай любоўю, каб нашая свабода з пашанаю схілілася не толькі перад відовішчам Яго моцы, але і перад цудам Яго пакоры.
З кнігі “Хрыстус праходзіць побач”, святы Хосэмарыя Эскрыва