Сёння мы з’яўляемся сведкамі глыбокіх культурных рэформ, што адбываюцца ў сучасным постмадэрнісцкім грамадстве. Пад уплывам палітыкі ўладаў, розных грамадскіх рухаў з’явілася меркаванне, што ўсё ў сферы жыцця чалавека павінна рэгулявацца дэмакратычным кансэнсусам. Усё часцей грамадская думка прымаецца як крытэрый розных грамадскіх з’яў.
Ад гэтай тэндэнцыі адназначна адрозніваецца незалежнае меркаванне Каталіцкага Касцёла, які лічыць, што асноўны канон этычных каштоўнасцяў не патрабуе грамадскай акцэптацыі. Гэта датычыць таксама жыццёвых каштоўнасцяў, якія часта з’яўляюцца прадметам спрэчак у сучасным грамадстве. Касцёл жа, які абараняе жыццё чалавека і супраціўляецца шырокадасягальным абортам і апладненню in vitro, часта падвяргаецца крытыцы ліберальных колаў.
27 красавіка Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу ў першым чытанні прыняла законапраект аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і прававых гарантыях грамадзян пры іх выкарыстанні. Несумненна, бясплоднасць і бяздзетнасць — гэта адны з самых складаных праблем. Не без падстаў кажуць, што нараджэнне дзіцяці робіць сям’ю сапраўднай. Тым часам статыстыка паказвае, што ўсё больш сем’яў не можа мець дзяцей у сувязі з хваробамі, следствам якіх стала бясплоднасць.
На першы погляд пазіцыя Каталікага Касцёла можа здацца дзіўнай, бо ён, з аднаго боку, заклікае да пракрэацыі, а з іншага — крытычна ставіцца да штучнага апладнення. Касцёл вучыць аб годнасці чалавечага жыцця ад моманту зачацця і ўказвае, што яно з’яўляецца дарам, а сужэнцы і вучоныя павінны лічыць сябе слугамі, а не ўладарамі жыцця.
Штучнае апладненне аддзяляе працэс перадачы жыцця ад сужэнскага акту. Працэс апладнення in vitro вядзе да прадметных адносін да жыцця атрыманых эмбрыёнаў (дзеля павялічэння шансаў на цяжарнасць і нараджэнне дзіцяці апладняецца вялікая колькасць яйцаклетак). У выніку з атрыманых эмбрыёнаў звычайна выбіраюцца лепшыя, а астатнія знішчаюцца (забіваюцца) або замарожваюцца. Не з’яўляецца адкрыццём, што забойства — гэта зло, а жыццё, якое зараджаецца, — гэта дабро. Ці можна за кошт зла атрымаць дабро? Забіць 8–10 ненароджаных дзяцей дзеля аднаго? Касцёл заўсёды вучыў, што жыццё пачынаецца ад зачацця і завяршаецца натуральнай смерцю.
Агульная рэзультатыўнасць тэхнікі in vitro вельмі нізкая. Прывяду некаторыя лічбы, якія адлюстроўваюць колькасць дзяцей, народжаных у выніку штучнага апладнення in vitro: М. Відаль кажа пра 20%, П. Красігнані — 10–15%, М. Вігналі — 12,5%, А. Спаньёла — 10–13%, П. Коннар — 10%. Спаньёла таксама падкрэслівае, што з гэтых дзяцей, якія прыйшлі ў свет дзякуючы in vitro, толькі 4–5% нарадзіліся здаровымі. Гэта азначае, што ў сярэднім пры максімальнай рэзультатыўнасці штучнага апладнення in vitro 80 са 100 дзяцей гіне (A. Spagnolo, Bioetica nella ricerca e nella prassi medica, Torino 1997, s. 484).
Акрамя гэтага, у выніку штучнага апладнення можа адбывацца выкідыш, пазаматачная цяжарнасць, дачасныя роды або іншыя ўскладненні.
Касцёл ні ў якім разе не жадае абразіць тых, хто перажывае драму бясплоднасці, прычыны якой розныя і часта не з’яўляюцца віной сужэнцаў. Аднак ёсць неадзінкавыя выпадкі, калі прычынай бясплоднасці з’яўляецца зроблены аборт або прыманне гарманальных кантрацэптываў.
Якою ж важнаю ў такіх выпадках з’яўляецца адказнасць за здароўе і плоднасць свайго арганізму і якімі непадатлівымі з’яўляюцца часам законы прыроды.