Падчас тэматычнай канферэнцыі кс. Аляксандр на прыкладзе прыпавесці з Евангелля тлумачыў дзяўчатам значэнне цярплівасці і ўмення трымаць усё ў парадку. Дапамаглі яму ў гэтым і рознастайныя жыццёвыя прыклады.
Днём дзяўчаты атрымалі наглядны прыклад сапраўднага кахання і сталі сведкамі заключэння сакрамэнту сужонства. З захапленнем ў вачах яны сачылі за абяцаннямі, якія давалі будучыя сужэнцы адзін аднаму, і радаваліся разам з імі. Дзяўчаты сваім спевам стварылі незабыўную атмасферу ў касцёле, а пасля Святой Імшы асабіста павіншавалі маладую сям’ю, якая вырасла пры вілейскай парафіі.
Увечары ўдзельніцы рэкалекцый, падзеленыя на дзве каманды, змагаліся за першынства ў спартландыі. Дзяўчаты ў конкурсе паказалі ўсю сваю хуткасць, спрыт і рашучасць, за што пасля атрымалі пачастунак. Затым іх чакалі танцы і гульні.
Завершыўся дзень вячэрняй малітвай і гімнам да Маці Божай Буслаўскай.
Вікторыя Каросцік
Фота Кацярыны Дурко