Сама назва паказвае, што ў гэтай літургічнай цэлебрацыі ўспамінаецца ўстанаўленне Сакрамэнту Эўхарыстыі і наказ Хрыста аб братняй любові, дадзены на Апошняй Вячэры. Таксама асаблівую ўвагу ў гэты дзень звяртаем на святароў, якія з’яўляюцца паслядоўнікамі Хрыста і Яго Апосталаў.
Напачатку Літургіі моладзь павіншавала святароў, якія рупліва служаць у нашай парафіі. Асаблівую ўвагу звярнулі на новае прызначэнне пробашча кс. Аляксандра, якому быў нададзены новы тытул: канонік сакратар катэдральнага капітула (падрабязней пра гэта можна даведацца тут:http://catholic.by/2/home/news/belarus/minsk-mohilev/134018-kapitul.html).
Падчас Святой Імшы загучаў гімн Хвала на вышынях Богу, пасля якога музыка і званы ў касцёле сціхлі аж да Пасхальнай Вігіліі.
У Евангеллі чулі, як Езус падчас апошняй Вячэры абмыў ногі вучням, тым самым праяўляючы Сваю любоў і навучаючы нас любові да бліжніх. Падчас гаміліі кс. Аляксандр падкрэсліў важнасць Святой Імшы ў жыцці хрысціяніна і зазначыў, што ніводны ўдзел ў Святой Літургіі для чалавека не застаецца бясследным. Ёсць тры віды плёнаў Святой Імшы:
1.Агульны (г.зн. кожны з вернікаў атрымлівае патрэбныя ласкі ад удзелу ў Імшы).
2.Асаблівы (калі напачатку Літургіі вычытваюцца імёны тых, за каго будзем асабліва маліцца).
3.Асабісты (ласкі для святара, які цэлебруе Імшу)
Пасля Літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў спецыяльна падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус. На алтары абрусы былі нядбайна завернутыя на знак таго, што наступіў хаос, людзі паднялі руку на Самога Бога. Табэрнакулюм у гэтыя дні застаецца пустым і прыадчыненым.
Вікторыя Каросцік
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/1004-vyaliki-chatsver-u-nashay-parafii?print=1&tmpl=component#sigProGalleria677265b4ba
Фота Аксаны Бажко