Вялікі пост для мяне з'яўляецца часам супакою і пераадольваннем сябе, калі ўвесь бурны працэс жыцця я пакідаю па-за сабой і паглыбляюся ў муку Укрыжаванага Езуса . Я вучуся ў 11 класе, безумоўна, гэта вельмі важны этап майго жыцця. Менавіта цяпер усе мерапрыемствы, што праводзяцца ў школе, здаюцца найбольш цікавымі, як ніколі раней. Але з'яўляецца пытанне, ці змагу я пераадолець сябе дзеля Хрыста? Няўжо мая слабасць павінна стаць тым цяжарам, што нясе Езус на Галготу? Не. Я павінна адрачыся ад сябе і разам з Езусам несці крыж, бо менавіта праз гэтае цярпенне я атрымаю сапраўдную радасць, якую падрыхтаваў мне Бог.
Вікторыя
Вялікі Пост – гэта малітва… асаблівы час, каб хоць штосьці змяніць у жыціі… гэта час, каб нанава пераглядзець свае жыццёвыя каштоўнасці і глыбей пазнаць сябе, каб стаць хоць крыху лепшай і наблізіцца да Бога хоць на адну прыступку.
Аксана
Пост- гэта час духоўнай працы над сабой. Падчас Крыжовых дарог у гэты перыяд я разважаю над мукай і смерцю Езуса, Які за мяне цярпеў і памёр. Таксама час Вялікага Посту я выкарыстоўваю для свайго духоўнага росту.
Эльвіра
Для мяне час Вялікага Посту – гэта час адрачэнняў, духоўнай працы, але таксама разважання над таямніцай Крыжа. Гэта добрая нагода, каб навучыцца па-хрысціянску пераносіць цярпенні, каб навучыцца пакорна і радасна несці свой штодзённы крыж, адчуваць сярод паўсюдзённасці і шэрасці дзён любячую Прысутнасць Бога. Сёлетні Вялікі Пост незвычайны тым, што прыпадае на Юбілейны год Міласэрнасці. Таму кожнае набажэнства Крыжовай Дарогі не толькі прыгадвае пра грахі, якія сталі цяжарам Езуса, але таксама асаблівым чынам звяртае ўвагу на бясконцую Божую любоў і Міласэрнасць, Якая чакае і дае шанс навярнуцца са сваіх грахоў.
Кацярына
Для мяне Пост – гэта перыяд, калі мы асабліва шмат часу прысвячаем на разважанне над Мукай Езуса Хрыста. У гэты час я раблю пастановы, якія пасля на працягу 40 дзён імкнуся выконваць, і больш часу прысвячаю на малітву, каб сам-насам паразмаўляць з Панам Богам. Гэта час сціплы і ціхі, але я яго вельмі люблю.
Валерыя