Ужо змянілася ўнутранае ўбранства нашай святыні, сумныя велікапосныя спевы замянілі калядкі, якія яшчэ не так даўно гучалі ў касцёле. Увесь каталіцкі касцёл перажывае надзвычай важны час Вялікага Посту. Але Вялікі Пост для кожнага католіка павінен стацца яшчэ больш блізкім, ён павінен стаць не проста новым літургічным перыядам, але і новым этапам духоўнага жыцця кожнага з нас асабіста. Гэта той час, калі змяняецца не толькі выгляд святыні, але змены патрабуюць нашыя дамы: замаўкае музыка, менш размаўляе тэлевізар, не арганізуюцца гучныя застоллі і вясёлыя мерапрыемствы. А галоўнай пераменай падчас Вялікага посту павінна стаць перамена нашых сэрцаў, каб разам уваскрэснуць з Хрыстом на Вялікдзень!
У часе Вялікага Посту мы робім для сябе канкрэтныя пастановы (рашэнні), якія будуць дапамагаць нам у працы над сабой, стараемся больш часу прысвяціць на малітву і разважанне, а таксама робім добрыя ўчынкі, каб на Свята нашае сэрца заквітнела дабром і чысцінёй!
У перажыванні Вялікага посту нам дапамагаюць розныя набажэнствы, арганізаваныя ў нашай парафіі.
У часе Вялікага Посту прыняць удзел у Св. Імшы ў нашай парафіі можна ў буднія дні раніцай ці вечарам. Па суботнім вечарам цэлебравацца Св. Імша з удзелам моладзі.
Кожны дзень а 15 гадзіне ў нашай парафіі адбываецца малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці.
Набажэнствы Крыжовай Дарогі праводзяцца кожны дзень перад Св. Імшамі. Асаблівым чынам запрашаем прайсці з Езусам Крыжовы шлях у пятніцу, у дзень Мукі і Смерці Хрыста, а 19 гадзіне і ў нядзелю пасля ранішняй Эўхарыстыі.
Разважаць пра Муку і Смерць Езуса і цярпенні Марыі будзем у Песнях Жальбы, якія спяваюцца кожную сераду ў 17.30 і нядзелю ў 9.20 і пасля Эўхарыстыі а 12.00.
Да свята Вялікадня засталося каля 59040 хвілін! Няхай жа не будзе змарнаваная ніводная хвіліна Вялікага Посту!