Версия для печати
Вторник, 17 Ноябрь 2015 19:33

Незабыўная сустрэча з вечным горадам Ерузалем, Ярдан і цудоўны адпачынак (3 частка ўспамінаў)

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

У гэты восеньскі дзень прапануем разам зазірнуць у скарбніцу ўспамінаў і ўзгадаць другую палову пілігрымкі па Святой Зямлі, якая адбылася ў верасні, але на ўсё жыццё застанецца ў думках і сэрцах плігрымаў…

 

Сустрэча з вечным горадам Ерузалем стала кульмінацыяй усяго часу пілігрымавання. Напрацягу двух дзён Вілейскія пілігрымы наведвалі святыя месцы Ерузалема.

Распачаліся гэтыя незабыўныя дні наведваннем Віфезды (“авечая купель”), якая ўзгадваецца ў Евангеллі як месца аздараўлення Езусам хворага, і святыні Св. Ганны, якая паводле адной з версій Традыцыі пабудавана на месцы Нараджэння Панны Марыі.

Пасля Віфезды пілігрымы накіраваліся на “Via Dolorosa”. Гэта вуліца ў Старым Ерузалеме, па якой Збаўца прайшоў Крыжовы шлях за грахі ўсяго чалавецтва. Да сённяшняга дня захаваліся некаторыя камяні, якія, па меркаванню навукоўцаў, паходзяць з рымскіх часоў і па якім магчыма ступалі стомленыя ногі Езуса. Вуліца “Via Dolorosa” знаходзіцца ў мусульманскім квартале, праходзіць праз крамы і арабскі рынак.

Разважаючы Крыжовую дарогу і цярпенні Збаўцы пілігрымы прыйшлі да Галгофы і ўвайшлі ў святыню Труны Госпада. У гэтай святыні ўдзельнікі пілігрымкі ушанавалі тое месца на Галгофе, дзе  Езус быў укрыжаваны і памёр за нашыя грахі. Менавіта там, дзе здзейснілася крывавая ахвяра Збаўцы, пілігрымы мелі шчасце перажываць Св. Імшу – прымаць удзел у бескрывавай ахвяры Езуса. Эўхарыстыя цэлебравалася ў інтэнцыі ўсіх блізкіх і родных памерлых, памерлых з нашай парафіі і ўсіх тых, чые імёны былі пададзены ў інтэнцыях.

Пасля Св. Імшы пілігрымы мелі магчымасць памаліцца каля камня памазання, на які было пакладзена цела Збаўцы пасля зняцця з Крыжа. А таксама маглі ўвайсці, і памаліцца ў Гроб Пана, які маўкліва хавае ў сабе таямніцу змёртвыхпаўстання. Немагчыма словамі апісаць духоўныя перажыванні чалавека, калі ён дакранаецца да таго самага камня, дзе калісьці ляжала мёртвае цела Езуса і дзе праз тры дні, будучы ў пустой магіле, Анёлы абвясцілі Яго ўваскрасенне. Задумлівыя твары і слёзы ў вачах пілігрымаў сведчылі пра штосьці важнае, што адбывалася ў іх сэрцах у той момант…

Наступны дзень быў таксама вельмі насычаны. Пілігрымы  наведалі манастыр “Pater noster” (Ойча наш) і памаліліся каля мазаікі з малітвай “Ойча наш” на беларускай мове. Таксама пабывалі ў Гефсіманскім садзе, дзе Езус звяртаўся да Айца перад Сваёй Мукай, святліцы Апошняй вячэры (месца сыходжання Святога Духа на апосталаў у дзень Пяцідзесятніцы), дом першасвятара Каяфы і святыню, якая пабудавана на гэтым месцы. Шлях пілігрымавання гэтага дня быў звязаны і з Марыяй – пілігрымы маліліся на месцы Грабніцы Марыі і месцы Успення. У гэты дзень пілігрымы наведалі значныя і для юдэяў месцы: Сцяна Плачу і гара Сіён з грабніцай цара Давіда.

На наступны дзень пасля ўзыходжання на духоўныя вяршыні Ерузалема пілігрымы спусціліся на самую нізкую кропку зямлі – Мёртвае мора, і наведалі Ерыхон – найбольш старажытны горад зямлі, які не раз узгадваецца ў кнігах Старога і Новага Запавету. У гэты ж дзень удзельнікі пілігрымкі мелі шчасце наведаць месца Хросту Езуса Хрыста і аднавіць свой Хрост у водах Ярдану.

Апошні дзень пілігрымкі быў звязаны з горадам Яфа, які ўзгадваецца ў Дзеях Апосталаў, і адпачынкам на Міжземным моры.

1 кастрычніка ўдзельнікі пілігрымкі былі ўжо на Радзіме, але пілігрымаванне па слядах Езуса не скончылася… Яно стала пілігрымкай да Нябеснага Ерузалема! А гэта пілігрымка шляхам на ўсё жыццё… 


Прочитано 819 раз Последнее изменение Вторник, 17 Ноябрь 2015 20:14
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Последнее от Адмін

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии