Раніцай 26 верасня пілігрымы накіраваліся ў горную краіну Юдэю, куды калісьці прыйшла Марыя пасля Звеставання да сваёй сваячніцы. У мясцовасці Эйн-Карэм жылі Захарый і Альжбета, тут нарадзіўся Ян Хрысціцель, тут адбылася сустрэча Марыі і Альжбеты і, менавіта, тут адбылася першая сустрэча Езуса і Яна Хрысціцеля яшчэ ва ўлонні іх маці.
А 10 гадзіне адбылася ўрачыстая Св. Імша з удзелам усіх беларускіх пілігрымаў, якіх сабралася больш за 300 чалавек. Падчас Эўхарыстыі, якую ўзначаліў наш арцыпастыр Тадэвуш Кандрусевіч, адбылося асвячэнне табліцы з тэкстам гімну “Magnificat” на беларускай мове. Пасля Св. Імшы ўсе беларускія пілігрымы з Ружанцовай малітвай накіраваліся да месца нараджэння Яна Хрысціцеля, дзе была асвечана яшчэ адна табліца на беларускай мове з тэкстам гімну “Benedictus”. Цяпер на Святой Зямлі ўжо чатыры месцы з часцінкай Беларусі: Малітва “Ойча наш” у манастыры “Pater noster” (табліцы была асвечана ў 2011 г.), Абраз Маці Божай Будслаўскай у Назарэце (мазаіка была асвечана ў 2014 г.), гімн Марыі “Magnificat” і гімн Захарыі “Benedictus” у Эйн-Карэм.
Наступным месцам наведвання стаў Бэтлеем. Сучасны Бэтлеем – гэта невялікі арабскі горад на тэрыторыі Палестыны. Сёння ў ім пражываюць пераважна мусульмане, аднак ёсць і невялікая колькасць хрысціянаў. На дахах сваіх дамоў яны ўстанаўліваюць Крыжы і такім чынам сведчаць пра сваю прыналежнасць да Хрыста. На месцы нараджэння Езуса Хрыста захавалася базыліка з 5 стагоддзя, якая сёння прыналежыць тром канфесіям. У базыліцы Нараджэння Пана пілігрымы дакрануліся і ўшанавалі менавіта тое месца, дзе нарадзіўся наш Збаўца. А ў рыма-каталіцкай частцы святыні ўдзельнікі пілігрымкі з радасцю і ў адзін голас спявалі калядныя спевы. Пасля пілігрымы спусціліся пад базыліку і наведалі келью Св. Гераніма, які зрабіў вядомы пераклад Св. Пісання на лацінскую мову.
Блізка каля базылікі Нараджэння Пана знаходзіцца Малочны грот, дзе паводле традыцыі Марыя карміла Дзіцятка Езус. У гэтай святыні пілігрымы маліліся за ўсіх маці і сем’і, а асабліва за тых, якія прагнуць і чакаюць нараджэння дзіцяці.
Так скончыўся чарговы дзень пілігрымкі шляхамі Евангелля і слядамі Езуса Хрыста…