Напрацягу ўсяго навучальнага года дзеці і моладзь парафіі чакаюць канца жніўня, каб цэлы тыдзень правесці побач з Маці Божай Будслаўскай у цудоўным абразе і Яе Сынам. У гэтым годзе ў рэкалекцыях прыняло ўдзел 50 удзельнікаў рознага ўзросту: ад 7 да 17 гадоў.
Дзеці і моладзь нашай парафіі штогод збіраюцца ў Будславе, каб набрацца духоўных сіл на новы навучальны год, вучыцца жыць па-хрысціянску і прыблізацца да Бога праз Марыю. Кожны дзень пачынаўся ранішняй малітвай у Будслаўскім санктуарыі і заканчваўся вячэрняй малітвай і гімнам у гонар Маці Божай Будслаўскай. Кожны дзень меў сваю тэму (сціпласць і пакора, вернасць і супакой, адвага, навяртанне, прабачэнне, святасць), над якой удзельнікі разважалі падчас канферэнцый і чытання Божага Слова. Падчас Св. Імшаў, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта, малітвы на Ружанцы, Крыжовага шляху і Нешпараў у гонар Маці Божай дзеці і моладзь вучыліся размаўляць з Богам і быць Яго маленькімі сябрамі.
Будслаўскія рэкалекцыі сталі для дзяцей і моладзі з Вілейскай парафіі часам сустрэчы з Богам і Божай Маці падчас шматлікіх малітваў напрацягу дня і часам сустрэчы адзін з адным падчас разнастайных мерапрыемстваў. Удзельнікі мелі магчымасць развіваць свае таленты падчас майстэрняў спеваў, танцаў і тэатральных пастановак, якія праводзілі старэйшыя ўдзельнікі. Падчас апошняга вечару “У гасцях у казкі” кожная група, на якія былі падзеленыя ўдзельнікі, прадставіла сваю тэатральную пастаноўку па сцэнарыю казкі. Дзеці і моладзь прынялі таксама ўдзел у казачнай эстафеце і спартыўным спаборніцтве “Вышэй. Хутчэй. Далей”, падчас якіх развіваліся фізічна і вучыліся справядліва спаборнічаць.
Чацвер на Будслаўскіх рэкалекцыях ужо традыцыйна з’яўляецца днём сустрэчы выпускнікоў. У гэты дзень у Будслаў збіраюцца ўсе тыя, хто калісьці ў дзяцінстве неаднаразова прымаў у гэтых рэкалекцыях. Некаторыя з іх ужо ўтварылі свае сем’і і прыязджаюць да Маці Божай Будслаўскай са сваімі дзецьмі. Напрацягу чатырох дзён сёлетнія ўдзельнікі рэкалекцый рыхтавалі канцэрт, які прадставілі для выпускнікоў у чацвер вечарам.
Дзмітрый Тумаш, Віктар Плеско, Даніла Місун, Вадзім Сабыніч