Калі чалавек усведамляе сабе рэчаіснасць і прысутнасць Бога, калі спрабуе навязаць з Ім кантакт і сустрэцца з Ім, тады пачынае бачыць і перажываць сябе і свае праблемы як адносіны з Богам; тады у чалавеку пачынаецца духоўнае жыццё. Гэты ўваход у асабістыя, непасрэдныя адносіны з Богам з’яўляецца таксама істотай малітвы. Таму мы можам прыраўніваць паміж сабой гэтыя два паняцці: жыццё малітвы і духоўнае жыццё. І тут перад намі адкрываецца цэлы свет, цэлы, можна сказаць, космас.
(…)
Толькі тады, калі Бог, як Той, Які ЁСЦЬ, Які з’яўляецца рэальнасцю, уваходзіць у нашу свядомасць, толькі тады і мы пачынаем перажываць сябе ў рэальнасці, у праўдзе, а не ў якой-небудзь ілюзіі, фантазіі ці ў нейкім выдуманым свеце. У падручніках малітвы заўсёды сустракаем такі пастулат, што на пачатку малітвы мы павінны стаць у прысутнасці Бога. Гэта значыць, што нам трэба выйсці з гэтага нерэальнага, выдуманага свету, які ёсць у нас, каб стаць перад аблічам Таго, Які ЁСЦЬ. І толькі тады ў нас пачынаецца праўдзівае духоўнае жыццё, якое з’яўляецца жыццём у праўдзе. Тады мы пачынаем у праўдзе пазнаваць сябе і Бога, Яго думкі, Яго намеры, Яго волю. Тады пачынаецца вялікая прыгода духоўнага жыцця. Яе можна параўнаць з вандроўкай праз горы і даліны, якая трывае на працягу дзясяткаў гадоў. Тады мы адкрываем цэлыя светы, пра існаванне якіх раней нічога не ведалі. Багацце духоўнага жыцця вельмі вялікае.
Дарога духоўнага жыцця звычайна пачынаецца ад перажывання духоўнага прабуджэння. Кожны чалавек, які ўваходзіць на гэту дарогу, перажывае такія хвіліны прабуджэння, калі акрывае зусім іншае вымярэнне свайго жыцця, новыя праблемы, новыя пытанні. Такое прабуджэнне адбываецца, калі Бог уваходзіць у жыццё чалавека, калі чалавек прымае Святога Духа.
Пераклад з польскай мовы
«Aż dojdziemy do człowieka doskonałego» Ks. Franciszek Blachnicki