Духоўныя практыкаванні праводзіў наш вікарый кс. Юзаф Сярпейка. У рэкалекцыях удзельнічала 20 вернікаў з розных парафій: з Рубяжэвіч, Свіры, Мінска. Прынялі ўдзел у гэтых рэкалекцыях і прадстаўнікі нашай парафіі. Распачаліся рэкалекцыі ў пятніцу сумеснай вячэрай у парафіяльным доме, дзе удельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца паміж сабою. Падчас першай канферэнцыі кс. Юзаф засяродзіў увагу прысутных на важнасці малітваў за святароў, прыпомніў сутнасць і мэты гэтага апостальскага руху, а таксама падкрэсліў, што той, хто моліцца за святара, таксама прымае ўдзел у яго жыцці: у яго святарстве і тых ласках, якія святар атрымлівае. Духоўная еднасць, паводле слоў рэкалекцыяніста, палягае на тым, што молячыся за святара, вернік таксама атрымлівае шмат ласкаў і Божае благаслаўленне праз ўдзел у поўні святарства — у святарстве Езуса Хрыста. «Паколькі малітва непазбежна накіроўвае да нейкага дзеяння, учынка, таму ўдзельнікі «Маргарыткі» не толькі моляцца, але і прысвячаюць свае цярпенні за святароў, ахвяруюць ім дары дня праз усё сваё жыццё», — заўважыў кс. Юзаф падчас канферэнцыі. Адразу пасля канферэнцыі, познім вечарам, распачалася святая Імша, якая цэлебравалася ў капліцы Сэрца Езуса ў рэкалекцыйным доме — ў цемры, пры запаленых свечках, таму што не было электрычнасці з-за моцнай буры з навальніцай.
Наступны дзень рэкалекцый распачаўся ранішнімі малітвамі ў капліцы, ўдзельнікі рэкалекцый супольна памаліліся ў інтэнцыях святароў, якімі апякуюцца. У часе Адарацыі Найсвяцейшга Сакраманта прысутныя разважалі над аздараўленнем пачуццяў. «Не чалавек дрэнны, а мы негатыўна да яго настроеныя. Таму нам трэба знайсці месца для пакоры, бо не толькі ад нас усё залежыць. Неабходна прасіць Бога, каб даў нам святла шукаць дабра ў чалавеку. Такім чынам, праз пошук дабра мы самі змяняемся», — заўважыў кс. Юзаф падчас канферэнцыі. Пасля св.Імшы наша гаспадыня накарміла нас смачным абедам. І што характэрна, яна таксама удзельніца маргарытковага руху з Маладзечна. Быў час і на асабістыя малітвы, і на духоўныя размовы, як і на актыўны адпачынак. У суботу адбыўся так званы «зялёны вечар» — вячэра прыгатавана была на вуліцы – знакамітыя калбаскі. Жадаючыя гулялі у валейбол, фатаграфаваліся, танцавалі. Пасля актыўных забаў удзельнікі рэкалекцый размясціліся на свежым паветры, каб падзяліцца досведамі свайго духоўнага жыцця, расказаць ў якіх «Маргарытках» удзельнічаюць, калі паўстала «Маргарытка», пры якой нагодзе, чаму менавіта за таго ці іншага святара пажадалі маліцца. Шмат было цікавых сведчанняў. А на заканчэнне такой супольнай духоўнай размовы памаліліся Апэль да Маці Божай і, атрымаўшы святарскае блаславенне, пайшлі адпачываць.
Падчас канферэнцыі ў трэці дзень святар распавядаў пра малітву Псальмамі — чытанне брэвіярыя; патлумачыў, наколькі гэта важна для духоўнага развіцця святара, а таксама заўважыў, што чытанне брэвіярыя практыкуецца і сярод свецкіх вернікаў, як малітва экзарцызму — абароны ад уздзеяння злога духа. Каб духоўна падтрымаць святароў малітвамі, пасля канферэнцыі вернікі зноў сабраліся вакол Божага алтара ў капліцы Сэрца Езуса на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта: маліліся за сваіх святароў, а потым чыталі духоўныя разважанні з Дзённіка святой сястры Фаустыны Кавальскай пра споведзь і ўчынкі міласэрнасці да бліжніх. Святая Імша у гэты дзень адбылася ў парафіяльным касцёле з мясцовымі вернікамі і была вельмі узнёслай, усе удзельнікі глыбока перажылі яе. І на завяршэнне рэкалекцый — супольны абед, падчас якога ўдзельнікі мелі магчымасць абмеркаваць важныя пытанні, падзякаваць Богу і святару-рэкалекцыяністу, а таксама адзін аднаму за той час, які правялі, сумесна з’яднаныя ў малітве, на працягу гэтых трох дзён. Цёпла развітваліся, маючы надзею, што праз год будуць мець магчымасць зноў сабрацца на ўжо чарговыя маргарытковыя рэкалекцыі.
Паводле Catholic.by
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/905-rekalektsyi-dlya-%E2%80%9Cmargarytak%E2%80%9D?print=1&tmpl=component#sigProGalleria5f598d4f5e
Апостальскі рух “Маргарытка” у нашай парафіі
Святарства — гэта асаблівы дар Пана Бога, які ў сваёй любові і вернасці адорвае абраную ім душу пакліканнем і вядзе да святарскіх пасвячэнняў. Святарства – гэта дар, які ўплывае на жыццё кожнага католіка. Дзякуючы дару святарства мы можам прымаць такі неабходны сапраўднаму хрысціяніну Хлеб Жыцця. Праз пасрэдніцтва святароў мы прымаем сакрамэнты паяднання і намашчэння хворых. Святар знаходзіцца разам з намі калі мы аплакваем нашых блізкіх. Ён радуецца з намі падчас шлюбу, калі мы перапоўнены любоўю і надзеяй, ён разам з намі падчас Першай святой Камуніі.
Каталіцкі Касцёл ва ўсе вякі заклікаў хрысціянскую супольнасць падтрымліваць малітваю святароў, якія, як сказана ў Святым Пісанні, з народа ўзяты і для яго пастаўлены. Вернікі, уступаючы ў гэты апостальскі рух, бяруць на сябе абавязак да канца свайго жыцця маліцца за канкрэтнага Божага абранніка. Святар жа, за якога складваецца такая малітва, у сваю чаргу моліцца за гэтых асобаў.
Чаму “Маргарытка”? Маргарытка — белая кветка, якая сімвалізуе прастату, чысціню і прагу ахвяравання, — выбрана як сімвал духоўнай дапамогі святарам і асобам законным. Сем пялёсткаў кветкі сімвалізуюць сем дзён тыдня. Сем асобаў, злучаных у адну «Маргарытку», ахвяруюць па адным дні ў тыдзень за святара альбо законную сястру, выбіраюць форму малітвы, якая ім больш адпавядае, і моляцца ўсё жыццё. Асноўнай малітвай ў гэтым руху з’яўляецца вяночак да Духа Святога.
Мэтай апостальскага руху «Маргарытка», з’яўляецца малітоўная падтрымка святароў і выражэнне любові і пашаны да сакрамэнту святарства. А сутнасцю яго з’яўляецца штодзённая малітва за канкрэтнага святара.
Актывізаваўся рух у парафіі ў 2007 годзе. На працягу года арганізаваліся дзве малітоўныя групы “Маргарытка” – у жніўні парафіяне пачалі маліцца за пробашча кс. Аляксандра Барыла, а ў лістападзе – за ксяндза біскупа Кірыла Клімовіча, былога біскупа дапаможнага Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі. У кастрычніку 2008 года ў дзень прыміцыйнай св.Імшы кс.Аляксандра Фаміных, які служыў у парафіі ў якасці клерыка і дыякана, пачала маліцца яшчэ адна малітоўная група. А ў чэрвені 2009 года падчас прыміцыйнай св.Імшы кс. Паўла Адамовіча, былога дыякана, а затым вікарыя парафіі, склала абяцанні чарговая група парафіянаў. У чэрвенні 2012 года падчас прыміцыйнай св. Імшы нашага парафіяніна, а цяпер святара Кірыла Бардонава, які скончыў Пінскую духоўную семінарыю, 2 группы парафіян (дарослыя і студэнцкая моладзь) распачалі штодзённыя малітвы ў яго інтэнцыі. У лістападзе гэтага ж года яшчэ адна малітоўная група склала абяцанні ў інтэнцыі вікарыя кс. Андрэя Кеўліча. У 2014 годзе арганізаваліся яшчэ 3 групы жадаючых маліцца за святароў. Адна з іх у пачала маліцца за кс. Уладзіслава Лазара, які паўгода служыў у нашай парафіі ў якасці рэзідэнта. Другая – за нашага былога парафіяніна, выпускніка Пінскай духоўнай семінарыі кс. Рамана Сушу, які ў чэрвені атрымаў святарскае пасвячэнне. Чарговым вікарыем нашай парафіі у той час быў кс. Валерый Даўгуль, у другую гадавіну святарства яшчэ адна група парафіянаў пачала маліцца ў інтэнцыі кс. Валерыя. У чэрвені 2015 года, у першую гадавіну святарскага пасвячэння нашага цяперашняга вікарыя кс. Юзафа Сярпейка арганізавалася чарговая малітоўная група “Маргарытка”. І зусім нядаўна, у першую гадавіну служэння кс. Юзафа ў нашай парафіі, пачала маліцца ў яго інтэнцыі наступная группа. Разумеючы важнасць малітвы за святароў штодзённа ўзносяць малітвы ў іх інтэнцыі адзінаццаць малітоўных груп “Маргарытка”, давяраючы іх Марыі – Маці Святароў.
Заахвочваем нашых парафіянаў да ўдзелу ў апостальскім руху “Маргарытка”. Толькі ў малітоўнай еднасці і любові, насуперак выклікам сучаснага свету, разам са сваімі пастырамі мы зможам упэўнена крочыць да Нябеснага Валадарства.