Можна чакаць свята толькі ў бясконцых чэргах у крамах за падарункамі, у заклапочанасці пра святочны стол, у выбары самых смачных страў і прыгожых гірляндаў… І калі наша чаканне скончыцца толькі на гэтых матэрыяльных справах, то мы дачакаемся дня 25 снежня, але не сустрэнем Самага Галоўнага. Найперш трэба чакаць Езуса! Услухвацца ў Яго ціхія крокі, ачышчаць сваё сэрца і рыхтавацца да жывой сустрэчы з Уцелаўлёнай Любоўю…
Прапануем Вашай увазе два вершы польскага святара і паэта Яна Твардоўскага, якія могуць дапамагчы нам у чаканні і разважанні.
Чаканне
Паглядзі на сабаку каля крамы прывязанага
ён думае пра свайго гаспадара
і рвецца да яго
на дзвюх лапах яго чакае
гаспадар для яго і надворак і поле і лес і дом
вачыма за ім бяжыць
і сумуе хвастом
пацалуй яго ў лапу
бо ён вучыць як чакаць Пана Бога
Найбліжэй
Любоў Бога да цябе ў сардэчным лісце атрыманым
у словах зычэнняў на свята
у рэчах такіх важных што пра іх і помніць не варта
у тым хто пры табе падчас грыпу быў
у тым хто на споведзі грахі табе адпусціў
у дажджы што над вухам тваім зазваніў
у тым хто горбіцца табе забараніў
у сабаку што ногі табе лізаў
у сэрцы якое крычыць з крыжа
Са зборніку вершаў Яна Твардоўскага “Разам з Табою” (пер. з польскай мовы Дануты Бічэль і Крыстыны Лялько).