Версия для печати
Пятница, 27 Ноябрь 2015 10:47

Пра наш парафіяльны хор "Angeli" з вуснаў яго кіраўніка (Частка 2)

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

Працягваем размову пра жыццё і развіццё нашага парафіяльнага хору з яго кіраўніком.

    – Ці ўсе ўдзельнікі хору звязаныя з музыкай, ведаюць ноты? Ці цяжка працаваць з такімі людзьмі і вучыць спяваць па нотах і на галасы такіх людзей?

Вядома, што нашы харысты не прафесіяналы, а тых, хто звязаны з музыкай можна пералічыць на пальцах. Многія не ведаюць нотнай граматы. Калі паглядзець у спеўнікі харыстаў, то іх ноты не зразумее ніводзін музыкант, бо гэта стрэлачкі, кропачкі, падкрэсленні і г.д. J  Але дзякуючы такім сваім нотам гэты народ спявае! Ці цяжка працаваць? Напэўна, не! Таму што гэтыя людзі прагнуць спяваць для Бога, прагнуць сваім голасам праслаўляць Пана, а гэта найважнейшае. Калі чалавек чагосьці хоча, то нават калі дакладна гэтага не ўмее, у яго атрымліваецца. Канешне, калі паглядзець на пачатак, то было па-рознаму. Але дзякуючы Божай дапамозе атрымалася ўсё сабраць у адно.

       Чым, на Вашу думку, галоўным чынам павінен адрознівацца спеў касцёльнага хору ад прафесійнага спеву свецкіх спевакоў?

Свецкія спевакі накіраваныя на тое, каб захапіць сваім спевам чалавека. Касцёльны ж хор перш за ўсё спявае для Пана Бога. Я вельмі часта паўтараю на рэпетыцыях: спеў павінен гучаць аднолькава прыгожа і тады, калі б у Касцёле была толькі адна бабуля, якая дрэнна чуе, і тады, калі ў Касцёле вялікая ўрачыстасць і шмат людзей. Бог не можа мець фальшу. А мы спяваем у першую чаргу для Бога. Свецкім спевакам патрэбна аўдыторыя, а касцёльнаму хору – Бог. А Бога можна знайсці паўсюль.

       Што трэба зрабіць, каб стаць удзельнікам хору?

Дастаткова мець жаданне. Трэба хацець спяваць для Пана Бога, хацець духоўна развівацца, хацець разам маліцца, хацець выконваць Божыя Запаведзі, спавядацца, быць веруючым чалавекам.

       Ці можаце прыблізна сказаць, колькі ўжо чалавек агульна прайшло праз хор – было і з’яўляецца яго ўдзельнікамі?

Калі мы святкавалі 5-годдзе, я спрабавала палічыць усіх, хто калісьці быў удзельнікам хору. На той момант такіх людзей было каля 80. Цяпер у нас дабавілася яшчэ 8 год, таму цяжка сабе нават уявіць, колькі гэта людзей.

       Ці ёсць у ўдзельнікаў хору нейкія свае традыцыі, звычаі?

Калі глядзець на Літургічны год, то такой традыцыяй з’яўляецца аплатковая сустрэча на Божае Нараджэнне. Аплатак заўсёды яднае сям’ю, а мы лічым сябе сям’ёй, бо ведаем праблемы адно аднаго, адно з адным радзімся, молімся адно за аднаго. І вельмі важна ўмець сабрацца разам. Разам мы таксама рыхтуемся да належнага перажывання свята Божага Нараджэння. Для хору абавязковы ўдзел у Раратніх Св. Імшах. Разам мы перажывем і Вялікі Пост.

Добрай традыцыяй таксама з’яўляецца супольнае разважанне над Божым Словам. Рэпетыцыю спеву мы заўсёды заканчваем чытаннем Св. Пісання. Мы імкнёмся праз нейкі фрагмент, радочак або нават слоўца з Літургіі канкрэтнага дня, калі адбываецца репетыцыя, паразважаць над сваім жыццём.

Затым такой добрай традыцыяй з’яўляюцца рэкалекцыі для хора, якія праводзяцца ў Будславе. Рэкалекцыі ў Будславе – гэта асаблівы час духоўнай “зарадкі” на ўвесь год. Таму кожны ўдзельнік хору заўсёды імкнецца прыняць удзел у гэтых рэкалекцыях і напітацца гэтагу духу, сілы, адвагі, каб далей спяваць для Пана Бога.

Яшчэ адна добрая традыцыя – гэта святкаванне ўспаміну Св. Цэцыліі. Гэты дзень мы прагнем кожны раз святкаваць неяк асабліва: збіраемся вакол супольнага столу, наведваем тэатры, музеі, выставы, арганізоўваем розныя экскурсіі.

Адзін раз або некалькі разоў на год (у залежнасці ад таго, як атрымліваецца) мы проста збіраемся разам за кубкам гарбаты, каб паразмаўляць, падзяліцца сваімі перажываннямі, сваімі радасцямі. І гэтыя моманты таксама вельмі прыгожыя і важныя. Асабліва мне падабаецца, што на гэтыя сустрэчы збіраюцца дзеці, моладзь і дарослыя. Як гэта не дзіўна, але на такіх сустрэчых ніхто не адчувае сябе адкінутым, усім цікава. Нягледзячы на тое, што ў жыцці гэтыя ўзроставыя групы вельмі часта характарызуюць, як канфлікт пакаленняў, але ў супольнасці нашага хору гэтага канфлікту няма.

Вельмі значнай падзеяй з’яўляецца фэст нашай парафіі, на які імкнуцца трапіць і спяваць нават тыя, хто ўжо выехаў з Вілейкі. На ўрачыстасць 100-годдзя святыні мы давалі канцэрт у нашым Палацы Культуры.

Наш хор – гэта не толькі спеў падчас Св. Імшы. Мы рыхтуем і ставім шмат тэатральных пастановак, якія паказваем і ў іншых парафіях. Такія пастаноўкі па-свойму нас развіваюць і аб’ядноўваюць у адну супольнасць.

Шчыра дзякуем кіраўніку хору Анне за размову! Жадаем хору  “Angeli” Божага благаслаўлення на далейшае развіццё!

Прочитано 971 раз Последнее изменение Суббота, 28 Ноябрь 2015 11:47
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Последнее от Адмін

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии