Версия для печати
Среда, 03 Октябрь 2012 12:12

Да распачацця Года веры засталося некалькі дзён...

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

11 кастрычніка 2012 г. падчас XIIIЗвычайнага Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі для пераказу хрысціянскай веры, у 50-ю гадавіну пачатку Другога Ватыканскага Сабору і 20-ю гадавіну абвяшчэння Катэхізіса Каталіцкага Касцёла папа Бенэдыкт XVI распачне Год веры, які завершыцца ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 г.

 

Аб намеры правесці Год веры Папа абвясціў год таму 11 кастрычніка 2011 г. у Апостальскім лісце «Porta fidei» — «Брамы веры». У ім Святы Айцец, чытаючы знакі часу, нагадвае пра неабходнасць нанова знайсці дарогу веры, каб усё больш выразна паказваць радасць і адноўлены энтузіязм, які нараджаецца ад спаткання з Хрыстом. Неабходна вывесці людзей з духоўнай пустыні да Хрыста, які дае поўню жыцця, бо ў сучасным свеце хрысціяне часта больш клапоцяцца аб справах грамадскіх, культурных і палітычных, чым аб сваёй веры, якая ёсць дарогай да дасягнення збаўлення.

 

14 кастрычніка 2012 г. ва ўсіх касцёлах нашай Айчыны Год веры распачынаецца спецыяльнай святочнай Імшой. Перад яе пачаткам неабходна ўрачыста ўнесці і ўсталяваць на адпаведна падрыхтаваным месцы Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, дзе яны будуць знаходзіцца на працягу ўсяго Года веры, які завяршыцца 24 лістапада 2013 г. урачыстай Эўхарыстыяй з гімнам «Цябе, Бога, праслаўляем».

 

Падчас Года веры як часу вялікай Божай ласкі неабходна асабліва захоўваць еднасць з наступнікам Пятра Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, які пакліканы ўзмацняць нашу веру, і ўсім Касцёлам, каб увекавечыць і развіваць атрыманы ў сакрамэнце хросту дар веры.

 

У пастырскай дзейнасці (гаміліях, катэхезах, фармацыйных сустрэчах усіх узроўняў, сталай фармацыі духавенства, пастырскай працы з сем’ямі, дзецьмі, моладдзю, дарослымі і іншымі катэгорыямі людзей, дабрачыннасці і г.д.), беручы за прыклад Марыю, неабходна ўзмацніць разважанні на тэму веры, каб учыніць яе больш свядомай у душах і жыцці вернікаў, а таксама ажывіць у іх дух Евангелля. Пры гэтым асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на гісторыю хрысціянства і асабліва Касцёла на нашых землях. Гэта часы яго росквіту, часы пераследу і часы адраджэння. Сведчанне першых місіянераў, вызнаўцаў і мучанікаў, якія аддавалі жыццё за веру, — гэта той скарб, якім мы павінны даражыць і з яго чэрпаць моц для вызнання веры і яе сведчання.

 

Вернікам неабходна вывучыць на памяць Сімвал веры, як гэта было ў мінулыя часы, пачынаючы ад першых стагоддзяў хрысціянства. На Сімвале веры, як на сталым падмурку, абапіраецца вера Касцёла, — навучае святы Аўгустын.

 

З большым захапленнем трэба вызнаваць веру ў літургіі, асабліва падчас Эўхарыстыі, якая ёсць вяршыняй, да якой скіравана дзейнасць Касцёла, і адначасова крыніцай, з якой выцякае ўся ягоная сіла. Год веры — гэта добрая нагода зрабіць рахунак сумлення з нашай практыкі ўдзелу ў нядзельнай і святочнай святой Імшы.

 

Вера грунтуецца на веданні Святога Пісання, асабліва Евангелляў, паколькі яны з’яўляюцца галоўным сведчаннем пра жыццё і вучэнне ўцелаўлёнага Слова — нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Таму па прыкладзе Марыі — Маці Божага Слова, якая разважала і заўсёды была верная ў сваім жыцці пазнанаму Божаму слову, трэба і нам яшчэ больш адкрыць моц дзеяння Божага слова ў нашым жыцці праз штодзённае і рэгулярнае чытанне святых тэкстаў.

 

Мы павінны перажываць нашу веру не толькі ўнутры, але нам неабходна быць яе сведкамі, чаго асаблівым чынам чакае ад нас сучасны свет. Яшчэ папа Павел VI казаў, што сучасны свет больш верыць сведкам, чым настаўнікам, а калі верыць ім, то таму, што яны з’яўляюцца сведкамі .

 

Ва ўсіх парафіях неабходна аднавіць існуючыя старыя крыжы — знакі веры. Калі ж каля касцёлаў і ў іншых святых месцах яны адсутнічаюць або знішчаны, па меры магчымасці ўстанавіць новыя. Нашы продкі аддавалі сваё жыццё за крыж, нам жа ў часы секулярызму іх трэба бараніць і сцерагчы, а таксама захаваць для будучых пакаленняў вернікаў.

 

Падчас Вялікага посту заклікаем вернікаў актыўна ўдзельнічаць у набажэнствах Крыжовага шляху, каб прыблізіць таямніцу збаўлення, якая здзейснілася на крыжы, а таксама ў пакутных набажэнствах, падчас якіх будзем прасіць Бога прабачэння за грахі супраць веры.

 

Неабходна пашыраць кантакты са светам навукі і культуры з мэтай стварэння дыялога веры і навукі, каб паказаць, што няма канфлікту паміж імі.

 

Больш інтэнсіўна выкарыстоўваць сродкі масавай камунікацыі для прадстаўлення праўдаў веры, асабліва праз публікацыю катэхетычных матэрыялаў.

 

У кожным касцёле і капліцы неабходна вывесіць лагатып Года веры, а таксама паклапаціца, каб вернікі мелі магчымасць набыцця шматлікіх рэлігійных кніг і дакументаў, якія выдае Каталіцкі Касцёл у Беларусі, асабліва «Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла» і «Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору» .

 

У пастырскай дзейнасці асабліваю ўвагу неабходна прысвяціць асобам, якія не вераць, але шукаюць сэнсу жыцця.

 

На працягу Года веры адбудзецца перэгрынацыя копіі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай па парафіях, якая павінна стаць рэкалекцыямі для ўмацавання нашай веры па прыкладу Марыі. Перэгрынацыя таксама стане шляхам падрыхтоўкі да юбілейнага будслаўскага фэсту, тэма якога «Марыя – Маці нашай веры».

 

У чэрвені-жніўні 2013 г. адбудзецца таксама пілігрымка рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус.

 

Ва ўсіх парафіях неабходна на працягу дзевяці месяцаў, пачынаючы ад кастрычніка 2012 г. да чэрвеня 2013 г., у кожную першую суботу месяца цэлебраваць святую Імшу ў гонар Маці Божай Будслаўскай, як элемент Вялікай навэнны, з нагоды падрыхтоўкі да святкавання юбілею 400-годдзя прабывання цудоўнага абраза Маці Божай у Будславе.

 

6 ліпеня 2013 г. падчас юбілейных будслаўскіх урачыстасцяў перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам адбудзецца прысвячэнне нашай Айчыны Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі. Мы даверым сябе, наш Касцёл і нашу краіну яе мацярынскай апецы, каб разам з ёю заўсёды згаджаліся з Божай воляй і сваёю верай былі падобны да яе.

 

Падчас Года веры будуць арганізаваны тэматычныя сімпозіумы: катэхетычны — з мэтай лепшага пазнання Катэхізіса і ўдасканалення катэхетычнай працы, а таксама сімпозіум, прысвечаны Другому Ватыканскаму Сабору, каб лепей пазнаць яго навучанне, якое не траціць каштоўнасці і актуальнасці

 

Год веры, які распачынаецца, павінен стаць добрай нагодай да спраў міласэрнасці. Святы апостал Якуб навучае, што вера без учынкаў мёртвая.Вера без любові не прыносіць плёну, а любоў без веры была б пачуццём, якое знаходзіцца пад пагрозай сумніву.

 

У Год веры мы павінны як мага часцей накіроўваць наш позірк на Хрыста — пачынальніка і віноўніка веры.У Ім знаходзіць сэнс радасці і любові, адказ на драму цярпення і болі, сілу прабачэння і перамогу жыцця над смерцю. Таму Хрыстус павінен стаць нашым правадніком на шляху веры.

 

Ва ўсіх парафіях нашай Айчыны падчас завяршэння Года веры ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 г., пасля галоўнай святой Імшы пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце вернікам пад кіраўніцтвам святара неабходна ўрачыста і публічна прачытаць Сімвал веры, што стане кульмінацыяй гэтага Году ласкі. Такое ж вызнанне веры неабходна ўчыніць таксама і ва ўсіх манаскіх супольнасцях і супольнасцях апостальскага жыцця.

 

Падрыхтавана на падставе: Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на Год веры

 

Прочитано 2053 раз Последнее изменение Среда, 03 Октябрь 2012 19:12
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Последнее от Адмін

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии