Прыбыўшы раніцай 4-га чэрвеня у Вадовіцы пілігрымы наведалі базыліку Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе падзіўлялі яе прыгажосць, асабліва цудоўную паліхромію на яе скляпеннях, якая адлюстроўвае тэмы навучання св.Яна Паўла ІІ, заключанага ў энцыкліках, адгартацыях, папскіх лістах. Памаліліся ў капліцы святога перад яго рэліквіямі, а таксама ўшанавалі рэліквіі св.айца Піо. Пасля наведалі дом-музей Яна Паўла ІІ, выслухалі вельмі цікавы аповед экскурсавода і, дзякуючы экспазіцыі, перанесліся у тыя далекія часы дзяцінсва Караля Вайтылы. А дзякуючы сучасным тэхналогіям ўвесь час мелі магчымасць чуць яго голас. Канешне ж паспрабавалі знакамітыя вадовіцкія “крэмувкі”.
У другой палове дня вандроўнікі прыбылі ў Кальварыю Зэбжыдоўскую, яшчэ адно месца, звязанае з жыццём Вялікага Папы. У дзяцінстве сюды ён штогод прыходзіў з бацькам на парафіяльнае свята, як пілігрым. А потым у свае прыезды у Польшчу стараўся таксама наведаць і Кальварыю. Дзякуючы 40- мінутнай інфармацыі экскурсавода пілігрымы пазнаёміліся з гісторыяй і сучаснасцю Санктуарыя ў Кальварыі. Гэта месца культу Мукі Пана, а таксама культу марыйнага, якія праяўляюцца праз набажэнствы дарожак Пана Езуса і дарожак Маці Божай на Кальварыйскім узвышшы. Тут, на гэтым узвышшы размешчана больш за 30 капліц. У базыліцы Маці Божай Анельскай, якой апякуюцца айцы бэрнардыны з кляштара паабапал, знаходіцца цудоўны абраз Маці Божай Кальварыйскай. Св. Імша адбылася ў адной з старажытных капліц базылікі. А вечарам пілігрымы накіраваліся на Кальварыйскія дарожкі, каб прайсці Крыжовы шлях разам з Панам Езусам. Шлях ад Палаца Ірада, дзе адбылося асуджэнне Езуса, да капліцы гроба Пана, пілігрымы ішлі спяваючы і молячыся каля 2-х гадзін. На змярканні спусціліся з Кальварыйскай гары, каб адпачыць у Доме пілігрыма і заўтра распачаць новае падарожжа.
Другі дзень пілігрымкі распачаўся са знаёмства з Лагеўнікамі ў Кракаве, з санктуарыем Божай Міласэрнасці, ці, як часам кажуць, з сталіцай Божай Міласэрнасці. Пілігрымы пазнаёміліся з кляштарным комплексам сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, дзе нейкі час жыла, малілася і цярпела св. сястра Фаустына Кавальская. Тут жа знаходзіцца манументальная базыліка Божай Міласэрнасці, дзе нашыя вандроўнікі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці. Потым наведалі капліцы санктуарыя. Святая Імша адбылася у кляштарнай капліцы сясцёр, побач з абразом Езуса Міласэрнага і рэліквіямі св.Фаустыны. Затым аўтобус з пілігрымамі накіраваўся у цэнтр Кракава, каб пазнаёміцца з забудовамі Вавэля – даўняй каралеўскай рэзідэнцыі – са знакамітай катэдрай, дзе знайшло спачынак шмат польскіх каралёў і іх сем’яў, пацешыць вока прыгажосцю аркад на замкавым дзядзінцы. А пазней разам з экскурсаводам направіліся так званай Каралеўскай Дарогай, падзіўляючы прыгажосць Кракаўскіх касцёлаў і даўніх забудоў, аж да Галоўнага Рынка, дзе да неба ўзлятаюць вежы Марыяцкага касцёла. У касцёле гэтым знаходзіцца драўляны сярэдневечны алтар аўтарства Віта Ствоша, выразаны з дрэва ліпы. А высока на вежы касцёла кожную гадзіну гучыць хэйнал, сабраўшыяся ўнізе пілігрымы і турысты вельмі радуцца прывітальнаму ўзмаху рукі трубача.
Затым група накіравалася ў Чэхію, позна вечарам спынілася на начлег у чэшскай вёсачцы Дольна Ломна. Ранішняя Прага сустрэла пілігрымаў прыгожай пагодай і сваімі велічнымі палацамі. Вандруючы вулічкамі і вуліцамі Пражскага града можна бясконца захапляцца прыгажосцю даўніх забудоў: касцёлаў, палацаў, аркаў, вежаў. Найбольшае ўражанне выклікала катэдральная Базыліка святога Віта, куранты на Стараместскай плошчы,а таксама Карлаў мост праз Влтаву. Святая Імша ў Празе адбылася ў Касцёле Маці Божай Пераможнай, дзе ў алтары знаходзіцца фігурка Дзіцятка Езус, як называюць чэхі, Пражске Езолятко.
Наступны дзень пілігрымы правялі ў духоўнай сталіцы Польшчы – Чэнстахове. Гэта быў апошні прыстанак пілігрымкі, а разам з тым кульмінацыйны. Пілігрымы мелі магчымасць на працягу дня узносіць малітвы да Пана Бога праз заступніцтва Маці Божай Чэнстахоўскай, даверыць Пану Богу свае праблемы, падзякі, выпрасіць неабходныя ласкі для сябе, сваіх блізкіх, парафіі. Асаблівым дарам для пілігрымаў стала св. Імша каля цудатворнага абраза Божай Маці. Увечары ўдзельнікі пілігрымкі далучыліся да ўсіх прыбылых пілігрымаў на Апэль Яснагурскі, падчас якога дзве «Вітай, Марыя» маліліся на беларускай мове. Апошні дзень прайшоў у дарозе дамоў, падчас якой пілігрымы дзяліліся ўсім убачаным і перажытым, дзякавалі Пану Богу за дар пілігрымавання, за атрыманыя Божыя ласкі. Здымкі будуць дададзены.