Прызначаныя Папам Францішкам іерархі для трох дыяцэзій Беларусі, біскуп намінат Алег Буткевіч, біскуп намінат Юзаф Станеўскі і біскуп намінат Юрый Касабуцкі, прымаюць удзел у духоўных практыкаваннях перад біскупскім пасвячэннем, якія з 7 па 11 студзеня праходзяць у Слуцку.
Айцец дамініканін Раман Шульц, які праводзіць дадзеныя рэкалекцыі, сказаў, што духоўныя практыкаванні праходзяць у атмасферы глыбокага роздуму, супакою і радасці. Біскупы намінаты маюць шмат часу, каб у цішыні задумацца над тым, якое служэнне даверыў ім Касцёл. На працягу кожнага дня яны ўдзельнічаюць у дзвюхгадзіннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, супольным Ружанцы, Імшы, духоўных канферэнцыях.
Асноўнай думкай рэкалекцый з'яўляецца разважанне над пытаннем "Што значыць быць узлюбленым вучнем Езуса Хрыста паводле прыклада св. Яна Апостала". Засяроджваючыся на досведзе ўзаемаадносін гэтага апостала з Хрыстом, а. Раман Шульц вылучыў асноўныя моманты з яго жыцця і збудаваў на іх аснове свае канферэнцыі і пропаведзі.
У Каталіцкім Касцёле існуе традыцыя, што кандыдаты, якія рыхтуюцца прыняць пасвячэнне да аднаго з трох узроўняў святарства (дыяканату, прэзбітэрату або біскупства), непасрэдна перад пасвячэннем павінны прыняць удзел у спецыяльных духоўных практыкаваннях.
Паводле grodnensis.by