Версия для печати

Дыяканскае пасвячэнне 2013

Оцените материал
(0 голосов)

7 снежня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі атрымалі дыяканскае  пасвячэнне 5 семінарыстаў. Пасвячэнне ўдзяліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 

Дыяканамі сталі Ігар Мутрук, Юзаф Серпейка, Мікалай Гракаў, Раман Суша і Віталій Стрыга.

 

Звяртаючыся да сабраных на Імшы, Мітрапаліт назваў гэты дзень „знакавым у сучаснай гісторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі”. „Яшчэ ніколі ў ёй у апошнія часы не адбывалася пасвячэнне адначасова пяці дыяканаў, што з’яўляецца вялікай ласкай”, - адзначыў арцыпастыр. Па словах іерарха, знакавай з’яўляецца гэтая падзея і таму, што адбываецца ў вігілію ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. „Мы глядзім на Марыю як на тую, якую Бог выбраў быць Маці Збаўцы і якая згадзілася з Божай воляй, што стала ключавым момантам у ажыццяўленні Божага плану збаўлення”, - дадаў арцыбіскуп.

 

„Касцёл дзякуе Богу, які паклікаў да святарства тых, якія сёння пасвячаюцца ў дыяканы. Касцёл дзякуе кандыдатам за смелае рашэнне, якое яны прынялі ў часы паступаючага і нават ваяўнічага секулярызму, калі замест духоўных прапагандуюцца матэрыяльныя каштоўнасці, амаральнасць, імкненне да поспеху і прыемнасцяў”, - сказаў у гаміліі Мітрапаліт.

 

Нагадваючы пра дыяканскае служэнне, іерарх патлумачыў, што яно заключаецца ва ўдзеле ў „пасланні і ласцы Хрыста”. У сакрамэнце пасвячэння, як дадаў арцыпастыр, дыяканы пазначаюцца незнішчальнай пячаткай (характарам) і прыпадабняюцца да Хрыста. „Прыпадабняючыся да Хрыста, які служыў усім, дыяканы пасвячаюцца для служэння Касцёлу, якое здзяйсняюць пад кіраўніцтвам біскупа і якое датычыць паслугі слова, Божага культу, пастырскіх заданняў і дабрачыннасці (пар. КККК 330). Гэтыя абавязкі дыяканы павінны выконваць так, каб людзі маглі бачыць у іх вучняў Хрыста, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб самому служыць”, - звярнуў увагу арцыбіскуп.

 

Мітрапаліт нагадаў, што беатыфікаваны тры гады таму кардынал Генры Ньюман у сваім казанні аб пакліканні до Божай службы прыгадваў пакліканне вялікіх асобаў Старога і Новага Запаветаў, а разам з тым успамінаў тых, „хто не паслухаў Божага голасу і яго не прыняў: багаты юнак, які меў шмат багацця і адышоў сумны (Мц 19, 16-26); чалавек, які найперш хацеў вярнуцца і развітацца з блізкімі (пар. Лк 9, 61); запрошаныя на вяселле (пар. Лк 14, 16-20)”. „Адзнакай паклікання з’яўляецца паслухмянасць пайсці за Хрыстом, пайсці нават у невядомае, - падкрэсліў арцыбіскуп. - Гэта можа ўчыніць толькі чалавек моцнай веры”. Іерарх прывёў словы кардынала Ньюмана, што „голас клічучага Хрыста не з’яўляецца аднаразовым актам, але паўтараецца ўсё жыццё, і таму заўсёды неабходна адказваць на яго”.

 

„“Adsum” – “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6, 8) - так адказалі на заклік Хрыста сённяшнія кандыдаты да дыяканату. Але так неабходна адказваць і кожны дзень, адказваць праз вернае выконванне сваіх функцый і далейшую фармацыю”, - заўважыў Мітрапаліт, звяртаючыся да прымаючых пасвячэнне.

 

Арцыпастыр заклікаў новых дыяканаў па прыкладзе нябеснага апекуна гэтага дня, святога Амброзія, і Найсвяцейшай Панны Марыі „быць моцнымі верай”, „бараніць яе ў часы секулярызму”, „служыць Касцёлу і людзям”. „Дазвольце Хрысту весці вас, каб ваша дыяканская паслуга прыносіла багаты духоўны плён, а Бог шчасліва завяршыў справу, якую распачаў, клічучы вас да святарства”, - заахвоціў арцыбіскуп.



паводле Catholic.by


Прочитано 905 раз