Рэкалекцыі распачаліся Святой Імшой. Тэмай сёлетніх рэкалекцый была творчасць. Разам з клерыкам Юрыям удзельнікі хору разважалі над хрысціянскай творчасцю, ці не супярэчыць творчасць хрысціянскай духоўнасці, ці дастаткова толькі аднаго талента для творчасці. Асобная ўвага была нададзена творчасці ў хрысціянскай супольнасці. Вельмі цікава праходзіла абмеркаванне тэмы”Збаўленне і творчасць”, падчас якога разглядаліся два асобныя тыпы людзей: людзі творчыя і людзі, дбаючыя пра збаўленне . Разважанні прывялі да высновы: толькі спасцігаючы прыгажосць створанага свету і шукаючы першакрыніцу творчасці асоба творчая можа ўзрастаць духоўна.
Падчас рэкалекцый кожны з удзельнікаў меў магчымасць індывідуальна ўшанаваць Маці Божаю, падзякаваць Ёй, наблізіўшыся да абраза, а падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта кожны атрымаў асабістае благаслаўленне. Гэтыя дні ў Будславе былі напоўнены малітвамі і разважаннямі ці то падчас Крыжовага шляху, ці то падчас адарацыі альбо Ружанцовай малітвы.
Быў таксама час і на супольны адпачынак у летні надвячорак, калі калбаскі з вогнішча былі такімі смачнымі, халодны кавун прыемна спаталяў смагу, а над Будславам у неба ўзляталі спевы. Напрыканцы ўдзельнікі рэкалекцый дзякавалі Пану Богу за гэтыя, так каштоўныя, дні духоўнага ўмацавання побач з абразом Маці Божай Будслаўскай.
Закончыліся рэкалекцыі, але тэма, закранутая падчас канферэнцый сталася хатнім заданнем для ўдзельнікаў хору: у супольнасці развіваць творчы дух, імкнучыся да падабенства са Створцам, спевамі сваімі праслаўляць Пана Бога сёння, заўтра і заўсёды…
Галіна Аляшкевіч
Фота Аксаны Бажко, Яўгеніі Галомзік
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/429-hrystsiyanski-spe-tsi-dastatkova-adnago-talenta-dlya-tvorchastsi?#sigProGalleria73a00f195e