Версия для печати
Суббота, 20 Октябрь 2012 12:29

Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі: агляд падзей другога тыдня

Автор  Catholic.by
Оцените материал
(0 голосов)

 

Другі тыдзень прац Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі распачаўся 15 кастрычніка працягам выступленняў яго ўдзельнікаў. Гэтыя выступленні адбываліся да сярэдзіны дня серады. 

 

Галоўныя тэмы, якія закраналі біскупы, былі наступнымі:

 

— багаццем новай евангелізацыі з’яўляецца сведчанне мучанікаў

— дабрачыннасць як шлях новай евангелізацыі

— сям’я павінна стаць цэнтрам жыцця. Чаму сучасны свет выказвае «вернасць назаўсёды» футболу, а сужэнцы гэтага не могуць зрабіць? Новую евангелізацыю трэба распачынаць ад сям’і. Неабходна развіваць пастырства сям’і, не выключаючы разведзеных.

— новая евангелізацыя патрабуе больш дасканалай фармацыі біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і катэхізатараў

— праз пастырскую дзейнасць трэба весці чалавека да спаткання з Богам

— неабходна больш задзейнічаць лаікат (свецкіх вернікаў)

— нядзельная св. Імша — цэнтральны пункт новай евангелізацыі

— неабходны сумесныя намаганні розных хрысціянскіх Цэркваў, асабліва супрацоўніцтва з Рускай і Румынскай Праваслаўнымі Цэрквамі, бо сучасная спажывецкая культура вельмі пагражае чалавеку, асабліва моладзі

— Касцёл евангелізуе праз сваю дзейнасць, праз сакрамэнты, абвяшчэнне слова Божае, жыццё праўдай Хрыста. Касцёл павінен быць адкрыты на ўсіх людзей.

— неабходна катэхізацыя дарослых і асабліва моладзі, каб супрацьстаяць уплывам неабмежаванай свабоды

— моладзь павінна евангелізаваць сваіх аднагодкаў

— парафія павінна мець місійны характар

— святары павінны быць лідарамі новай евангелізацыі

— неабходна зрабіць рахунак сумлення: якое Евангелле мы абвяшчаем — наша ўласнае ці Хрыстовае?

— шырэй выкарыстоўваць медыя, для чаго неабходна клапаціцца аб падрыхтоўцы адпаведных спецыялістаў

— новая евангелізацыя патрабуе новых, святых евангелізатараў, якія жывуць Евангеллем, умеюць весці дыялог з новай культурай

— перад Касцёлам стаіць заданне так выхоўваць вернікаў, каб, заняўшы высокую пазіцыю ў грамадстве, напрыклад у палітыцы, яны дзейнічалі згодна з маральным законам

— новая евангелізацыя патрабуе экуменічнага вымярэння

— секулярызм змушае шукаць шляху, як у такіх абставінах застацца веруючым, таму ён не павінен стаць адзіным напрамкам

— новая евангелізацыя патрабуе інкультурацыі і зразумелага абвяшчэння Евангелля

— найперш самім трэба вучыцца, а потым абвяшчаць

— больш выкарыстоўваць пілігрымкі

— прыклад святых — гэта імпульс для новай евангелізацыі. Нельга перадаць таго, ува што не верым і чым не жывём.

— медыя павінны адыгрываць усё большую ролю ў евангелізацыі, але неабходна іх духоўнае развіццё

— сям’я павінна перадаваць веру дзецям

— Каталіцкі Касцёл яшчэ не гатовы супрацьстаяць сектам, таму неабходна заняцца падрыхтоўкай адпаведных кадраў

— крыніца ўсіх крызісаў — крызіс духоўны

— неабходна аднавіць дух місіянерства

— для эфектыўнай новай евангелізацыі патрэбны евангелізатары, якім давяраюць

— у цэнтры евангелізацыі неабходна ставіць не самога сябе, але Бога

— Афрыка, якую евангелізавалі еўрапейцы, цяпер евангелізуе Еўропу

— чалавек страціў усведамленне граху, і неабходна дапамагчы яму зразумець гэта

— канфесіянал — адна з найлепшых школ захавання веры

— евангелізатар павінен быць укаранёны ў Хрыста. Таму, каб быць настаўнікамі веры, неабходна быць людзьмі веры.

— сучасны свет для евангелізацы патрабуе святых людзей

— неабходна адрадзіць ролю літургіі, якая з’яўляецца прывілеяваным месцам спаткання чалавека з Езусам. «Ars celebrandi» — «мастацтва літургіі» — найлепшы спосаб евангелізацыі. Найлепшая катэхеза аб Эўхарыстыі — гэта сама Эўхарыстыя.

— Касцёл, каб быць евангелізацыйным, павінен прысутнічаць у медыйнай культуры. Пры гэтым усё большае значэнне набіраюць вобразы, а не толькі тэксты.

— неабходна развіваць каталіцкія школы і адукацыю. Імі карыстаюцца не толькі католікі, але і некатолікі.

— пераклад літургічных тэкстаў павінен быць зразумелым

— сведчанне хворых і церпячых — яшчэ адна крыніца новай евангелізацыі

— многія адыходзяць ад веры, бо былі ахрышчаны, але не выхаваны ў веры. Таму сёння шмат ахрышчаных, але мала евангелізаваных.

— евангелізацыя павінна ісці ў нагу з інкультурацыяй. Таму неабходна евангелізаваць культуру.

— у дзейнасці сучаснага чалавека ёсць усё, але няма Езуса. Ён не мае грамадзянства ў нашай дзейнасці. Здаецца, што Езуса «аддалі» евангелікам.

— неабходна больш вывучаць Святое Пісанне

— малітва — гарантыя поспеху евангелізацыі

— дыялог з навукай — шанс для евангелізацыі

— традыцыя служыць евангелізацыі

— касцёлы павінны быць адчынены ўвесь час

— важна карыстацца з народнай пабожнасці

— Касцёл павінен папрасіць прабачэння за зробленыя памылкі

— жыццё хрысціян павінна быць сведчаннем

— неабходна звяртаць большую ўвагу на хрысціянскую антрапалогію

— новая евангелізацыя звязана з аднаўленнем касцёльнай супольнасці (камуніі)

— перашкодай у новай евангелізацыі ў некаторых краінах з’яўляецца пераслед хрысціян

— захоўванне посту будзе спрыяць евангелізацыі, бо дасць добры прыклад

— міжрэлігійны дыялог— шанс для евангелізацыі

— хрысціянін павінен хадзіць у сваім «абутку веры», а не ў чужым.

 

Выступленні Айцоў Сіноду былі ўзбагачаны выступленнямі дэлегацый брацкіх Цэркваў. Асаблівае значэнне мела выступленне старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліта Іларыёна. Іерарх адзначыў, што супрацоўніцтва хрысціянскіх веравызнанняў дае новыя магчымасці для абвяшчэння Евангелля,і што праваслаўныя і католікі пакліканы разам бараніцца ад сённяшніх выклікаў і нападаў. Мітрапаліт заклікаў да стварэння сумеснага фронту для абароны хрысціянскай веры.

 

Прадстаўнік баптыстаў нагадаў аб значэнні мучанікаў. Прадстаўнік метадысцкай Царквы сказаў, што поспех евангелізацыі залежыць ад даверу да евангелізатара. Прадстаўнік Румынскай Праваслаўнай Царквы ўказаў на значэнне літургіі, дабрачыннасці і святасці як антыдотум ад секулярызму.

 

Прыёр экуменічнай супольнасці Тэзэ брат Алоіз Лозэр падкрэсліў, што супольная малітва розных хрысціян вядзе да адзінства і з’яўляецца добрым сведчаннем евангелізацыі.

 

На Сінодзе таксма выступалі аўдытары. Іх галоўныя думкі былі наступнымі:

 

— нярэдка падчас футбольнага матчу ў першым тайме ўдзельнікі гуляюць як заслужаныя, якім не трэба выкладвацца, а ў другім, калі трэба вырашаць лёс гульні, яны становяцца прафесіяналамі. Новая евангелізацыя патрабуе быць прафесіяналамі заўсёды.

— важнае значэнне ў евангелізацыі павінны адыграць касцёльныя рухі

— у глабалізаваным свеце чалавек заблукаў. Але Касцёл з’яўляецца першай глабалізаванай боска-чалавечай інстытуцыяй і таму павінен дапамагчы чалавеку знайсці сябе ў глабалізаваным свеце.

— неабходна сумеснае экуменічнае абвяшчэнне Евангелля

— неабходна ўзаемадзеянне каталіцкіх і свецкіх медыя

— Дні моладзі — шлях да яе евангелізацыі

— Касцёл павінен больш увагі ўдзяляць тым, хто шукае Бога

— для паспяховай евангелізацыі хрысціяне павінны быць святлом свету і соллю зямлі

— у сучасных медыя чалавек губляецца, таму павінны быць каталіцкія медыя, каб вывесці людзей з памылак

— калі чалавек чыніць усё, што хоча, то ён дзейнічае не як створаны паводле Божага вобразу і падабенства, але як вядомы злым духам

— неабходна дапамагчы чалавеку адкрыць свае вушы, бо ён не чуе Божага слова

— дабрачыннасць — шлях да евангелізацыі.

 

На гэтым выступленні завяршыліся, і Генеральны дарадчык Сіноду кардынал Дональд Вюрл у чатырох пунктах прадставіў іх вынікі:

 

— прырода новай евангелізацыі заключаецца ў дзеянні Святой Тройцы з мэтай перадачы веры

— кантэкст місіі Касцёла ў наш час заключаецца ў прывядзенні чалавека да Хрыста

— пастырскі адказ на праблему новай евангелізацыі заключаецца ў ажыццяўленні духоўнага аднаўлення людзй з мэтай дапамагчы іх асабістаму спатканню з Хрыстом

— пратаганістамі новай евангелізацыі з’яўляюцца: сям’я, парафія, святары, кансэкраваныя асобы, катэхізатары, свецкія вернікі, медыя, феномен міграцыі і г.д.

 

Пасля ў другой палове дня ў сераду распачаліся працы ў малых моўных групах, якія працягнуліся ў чацвер. Удзельнікі апрацавалі сваё бачанне новай евангелізацыі і падкрэслілі галоўныя, на іх погляд, праблемы.

 

У пятніцу раніцай дарадчыкі груп прадставілі гэтыя праблемы:

 

— галоўнае заданне Касцёла — евангелізацыя

— евангелізацыя з’яўляецца дзеяннем Святой Тройцы, а мы толькі інструменты ў яе руках

— заданнем новай евангелізацыі ёсць асабістае спатканне з Хрыстом

— гэтае заданне вырашаецца праз абвяшчэнне слова Божага, гаміліі, катэхізацыю, дабрачыннасць

— у выкананні гэтага задання асноўная роля належыць біскупам, святарам, кансэкраваным асобам, рухам і свецкім вернікам

— парафія з’яўляецца цэнтрам новай евангелізацыі

— сям’я — першы евангелізатар

— асаблівае значэнне ў новай евангелізацыі належыць моладзі, якую трэба евангелізаваць і якая сама павінна евангелізаваць іншых, асабліва сваіх аднагодкаў

— для паспяховай новай евагелізацыі неабходна асабістае навяртанне тых, хто яе праводзіць. Святыя — прыклад і заахвочванне да новай евангелізацыі.

— добрая дапамога ў новай евангелізацыі — сацыяльнае вучэнне Касцёла

— вялікае значэнне мае літургічная цэлебрацыя

— пілігрымкі і народная пабожнасць могуць унесці вялікі ўклад у новую евангелізацыю

— для поспеху новай евангелізацыі патрэбны экуменічны і міжрэлігійны дыялог

— важнае значэнне маюць сродкі сацыяльнай камунікацыі

— неабходна звяртаць увагу на захаванне рэлігійнай свабоды

— міграцыя займае асаблівае месца ў новай евангелізацыі, бо прыносіць новы дух у краіны, дзе адбываецца дэхрысціянізацыя, але адначасова мігранты падвяргаюцца ўплывам існуючага там духу секулярызму

— феномен глабалізацыі павінен улічвацца ў планах новай евангелізацыі.

 

У пятніцу ў другой палове дня малыя моўныя групы заняліся выпрацоўкай прапаноў для Святога Айца.

 

У суботу раніцай прайшоў першы тур выбараў у постсінадальную камісію. Ніхто з удзельнікаў Сіноду не набраў патрабуемай абсалютнай большасці галасоў. Другі тур выбараў адбудзецца на наступным тыдні.

 

Потым удзельнікам быў прадстаўлены праект Паслання Сіноду Народу Божаму. Пасланне зыходзіць з евангельскага аповеду аб жанчыне-самарытанцы каля студні, дзе яна спаткала Езуса, які расказаў ёй пра яе жыццё. Гэта быў зваротны пункт у жыцці жанчыны, і яна паверыла ў Езуса. Сёння, як адзначалася, прагнучы вады жыцця чалавек таксама спатыкае Хрыста, які прапануе яму жывую ваду, — трэба толькі пачуць Яго і прыняць Яго словы. Гэта якраз і з’яўляецца заданнем новай евангелізацыі, яая вядзе да спаткання з Хрыстом.

 

 

Праект Паслання шырока прадстаўляе месцы і нагоды да такога спаткання: парафія, сям’я, медыя, літургія, слова Божае, святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы, сведчанне вернікаў, моладзь, экуменічны і міжрэлігійны дыялог, дыялог з навукай, культурай і светам працы, вучэнне Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіса і г.д. Для паспяховай евангелізацыі, як было падкрэслена, неабходна асабістае навяртанне евангелізатараў на ўсіх узроўнях, каб вывесці людзей з духоўнай пустыні.

 

У нядзелю 21 кастрычніка Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кананізуе 7 благаслаўлёных.

 

Пачынаючы з другой паловы суботы, у нядзелю і панядзелак дарачыкі малых моўных груп будуць узгадняць агульны спіс прапаноў, які потым будзе прадстаўлены Сіноду. Найперш будзе ўзгадняцца спіс групы адной мовы: англійскай, італьянскай, французскай і іспанскай. Пасле таго як усе моўныя групы падрыхтуюць кожная свой спіс прапаноў, яны пачынаюць рыхтаваць адзін агульны спіс. Працэс падрыхтоўкі прапаноў вельмі складаны, але ў той жа час ён дазваляе прыняць пад увагу пажаданні ўсіх удзельнікаў Сіноду.

Прочитано 906 раз Последнее изменение Суббота, 20 Октябрь 2012 18:23
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии