background

"Блізка ля мяне Ты, Пане..."

Давяраць Богу сваё жыццё...

"Я – дарога, праўда і жыццё..."

Яднацца ў адзіным Пану нашым, Езусе Хрысце.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Любіць адзін аднаго любоўю, якою Хрыстос любіць Свой Касцёл.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Image 4 title

type your text for 4th image here

Image 4 title
Четверг, 21 Март 2013 16:20

Катэхеза ХIV Святая Імша: Што такое Эўхарыстычная Малітва?

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

 Сэрцам усёй святой Імшы з’яўляецца эўхарыстычная малітва, якая распачынаецца дыялогам святара і сабранага народу: «Пан з вамі». — «I з духам тваім». — «Угору сэрцы». А завяршае яе гэтак званая даксалогія — праслаўленне: «Праз Хрыста,з Хрыстом і ў Хрысце...».

 

Папа Бенедыкт XVI зазначае, што “Эўхарыстычная малітва – «цэнтральная і кульмінацыйная частка ўсяго літургічнага дзеяння». Яе значэнне заслугоўвае адпаведнай увагі. Розныя эўхарыстычныя малітвы, якія змяшчаюцца ў Імшале, перададзены нам жывой традыцыяй Касцёла і адзначаюцца невычэрпным тэалагічным і духоўным багаццем.”

 

Эўхарыстычная малітва — гэта перадусім праслаўленне Бога за ўсе збаўчыя справы, якія Ён учыніў.  Гэтае праслаўленне — асаблівае, таму што яго сутнасцю з’яўляецца ахвяра Хрыста. Менавіта Хрыстус праз сваю смерць і ўваскрасенне найбольш дасканала праславіў і праслаўляе Бога. Мы можам удзельнічаць у Яго ахвяры, таму што моцаю Духа Святога яна актуалізуецца на алтары. Так у Вялікі чацвер святар моліцца:

 

«Напярэдадні мукі дзеля збаўлення нашага і ўсіх людзей, гэта значыць сёння, Ён узяў хлеб у свае святыя і дастойныя рукі, падняў вочы да неба, да Цябе, Бога, свайго Айца ўсемагутнага, і, падзяку Табе складаючы, благаславіў, ламаў і раздаваў сваім вучням».

 

У эўхарыстычнай малітве слова «сёння» гучыць не для таго, каб надаць абрадам большы драматызм. Гэта праява веры ў тое, што Апошняя Вячэра ў кожнай Эўхарыстыі (і асабліва ў Эўхарыстыі Вялікага чацвярга) — гэта не даўно мінулая падзея, а рэчаіснасць, якая можа нас ахапіць. Мы ўдзельнічаем у той самай ахвярнай гасціне, у якой удзельнічалі Пётр, Ян, Якуб і іншыя Апосталы.

 

У эўхарыстычнай малітве вельмі яскрава выяўляецца сутнасць Хрыстовага пасрэдніцтва. Мы дзякуем Богу за збаўленне, якое здзейсніў праз сваю смерць і ўваскрасенне Хрыстус, аднак дзякуем не самі, не сваёю моцай, але моцай таго самага замучанага і ўваскрослага Хрыста.

 

Ніякія словы, таксама і словы эўхарыстычнай малітвы, не могуць ахапіць, апісаць тое, што адбываецца. Таямніца мукі і ўваскрасення, якая здзяйсняецца на алтары, тут і цяпер, пераўзыходзіць усялякія словы, мова перад ёю аказваецца бездапаможнаю. Прастата, убоства і разам з тым прыгажосць гэтай малітвы дазваляюць нам апынуцца ў той самай сітуацыі, у якой былі вучні Хрыста пад крыжам, і прымушаюць сягнуць глыбей, да вялікай таямніцы.  Яны не даюць нам спыніцца на тым, што мы бачым і чуем, бо гэтага замала.

 

Галоўныя элементы, з якіх складаецца эўхарыстычная малітва, можна падзяліць наступным чынам:

 

а) Падзяка (якая асабліва выказваецца ў прэфацыі), у якой святар ад імя ўсяго народа святога ўслаўляе Бога Айца і дзякуе Яму за ўсю справу збаўлення альбо  за нейкі яе асаблівы аспект у адпаведнасці з характарам дня, свята альбо перыяду.

 

Папярэднічае прэфацыі кароткі старажытны дыялог, у якім ёсць некалькі важных указанняў, якія абумоўліваюць добры ўдзел у эўхарыстычнай малітве.

 

Спачатку ідзе напамін пра прысутнасць Пана — «Пан з вамі», — прысутнасць, якая ўжо праз хвіліну ў постаці хлеба і віна стане цалкам выключнаю.

 

Адказ «I з духам тваім» у кантэксце цэлебраванай літургіі Ахвяры таксама мае асаблівае вымярэнне. Святар, як ужо згадвалася, дзейнічае in persona Christi, становіцца ўвасабленнем Збаўцы, вымаўляе Яго словы.

 

«Угору сэрцы» — гэта заклік, які абуджае ад пасіўнасці, узрушвае, нагадвае, што няма нічога важнейшага ўсвеце за Ахвяру, якая складаецца на алтары. Гэтыя словы заклікаюць нас адарвацца ад штодзённых справаў — не для таго, каб паменшыць ці перакрэсліць іх значнасць, але каб яны былі перамененыя ў Богу. Узнясенне сэрца да Бога, угору, здзяйсняецца перадусім намаганнем волі. Нават калі кагосьці прыгнятаюць штодзённыя клопаты, калі ён зусім вычарпаны эмацыянальна, нават тады можна ўзнесці «сэрца да Пана». Не праз пачуцці, а праз прыняцце адпаведнага рашэння. Св. Кірыл Ерузалімскі зазначае: “Сапраўды, у такую важную хвіліну належыць узнесці сэрцы да Бога, а не зніжацца да зямлі і зямных справаў. Біскуп заклікае нас пазбыцца ўсялякага клопату пра жыццё і будзённыя рэчы і ўзнесці сэрцы да Божай міласэрнасці.”

 

Адказ «Узносім іх да Пана» будзе тады малітваю сярод цемры, даверлівым заклікам: «Так, Пане, ва ўсім, што адбываецца ў маім жыцці, я хачу пакланяцца Табе».

 

Апошняя частка дыялогу паміж святаром і вернікамі («Падзякуем Пану Богу нашаму». — «Годна гэта і справядліва») — гэта непасрэдны пераход да прэфацыі. Гэтыя словы нагадваюць, што цэлебраваная падзяка — Эўхарыстыя — не можа быць толькі малітваю цэлебранта, але да яе павінны далучыцца ўсе сабраныя.

 

Кожная прэфацыя складаецца з трох частак:

1)      уводзіны («Сапраўды, годна гэта і справядліва...»);

2)      заахвочванне да падзякі, у якім згадваюцца розныя збаўчыя падзеі («Ты ў любові Тваёй стварыў чалавека...», «Яго, уцелаўлёнага ад Духа Святога і народжанага з Панны Марыі, Ты паслаў нам як Збаўцу і Адку- піцеля...», «Ён узышоў на неба і, седзячы праваруч Цябе, спаслаў на ўсыноўленых дзяцей Тваіх абяцанага Духа Святога...»);

3)      пераход да акламацыі «Святы» («Таму з анёламі і з усімі святымі мы праслаўляем Цябе, разам з імі ўсклікаючы...»).

 

Сапраўдная падзяка заўсёды злучаная з усведамленнем безлічы дароў, якія мы атрымалі ад Бога, — пачынаючы з таго, што мы існуём, што Ён адкупіў нас і нават паклікаў да жыцця ў поўнай еднасці з Ім. Унутраная пастава чалавека, які дзякуе, нагадвае паставу дзіцяці: ён не спадзяецца на сябе, але бачыць дзеянне ласкі, бачыць, што «не мае нічога, чаго б не атрымаў» (пар. 1 Кар 4,6 і наст.). Таму такі чалавек адкрыты на Бога і Яго прыгажосць; Божая дабрыня, якую ён спазнае ў сваім жыцці, становіцца для яго нагодаю для захаплення тым, хто яго адарыў. Да ца пазнаецца праз дар, а паколькі ў сваіх дарах Бог дае самога сябе, нават болын — у Езусе Хрысце Ён сам стаў Дарам для чалавека, то праз гэта Ён аб’яўляе сябе як Любоў. Дзякуючы, чалавек зноў аказваецца адораным, ён атрымлівае стокроць. Імкненне дзякаваць абуджаецца ў сэрцы кожнага чалавека, які сапраўды верыць.

 

б) Акламацыя, у якой уся супольнасць, яднаючыся з нябеснымі моцамі, спявае Святы. Гэтая акламацыя, якая з’яўляецца часткай самой эўхарыстычнай малітвы, прамаўляецца ўсім народам разам са святаром.

 

Спяваючы Sanctus мы ўжо дакранаемся да неба, ужо ўдзельнічаем у нябеснай літургіі, ужо можам углядацца ў Хрыста.

 

У ім можна выдзеліць дзве традыцыі — старазапаветную і новазапаветную. Каля 740 г. да нараджэння Хрыста ў ерузалемскай святыні прарок Ісая ўбачыў Бога, які сядзеў на троне ў акружэнні серафімаў, што спявалі гімн: «Святы, святы, святы, Пан Магуццяў. Уся зямля поўная хвалы Яго» (Іс 6,3).

 

Падобна да гэтага св. апостал Ян, апісваючы нябесную літургію, убачаную ім у містычным аб’яўленні, успамінае пра няспынны спеў, які ён чуў з вуснаў анё- лаў, што праслаўлялі Бога: «Святы, святы, святы Пан Бог Усемагутны, які быў, ёсць і прыходзіць» (Ап 4, 8).

 

У другой частцы акламацыі «Sanctus» выразна адчуваецца сувязь з воклічамі, якія жыхары Ерузалема ўзносілі падчас трыумфальнага ўезду Хрыста ў Ерузалем, вызнаючы веру ў Яго месіянскае пакліканне:

«Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вышынях!» (Мц 21,9).

 

в) Эпіклеза, у якой праз асаблівыя заклікі Касцёл просіць моц Святога Духа асвяціць дары, прынесеныя людзьмі, каб яны сталі Целам і Крывёю Хрыста, і каб беззаганная ахвяра, прынятая на Камуніі, паслужыла збаўленню тых, хто будзе ў ёй удзельнічаць.

 

Вялікае значэнне эпіклезы ў асаблівы спосаб падкрэсліваецца ва ўсходняй традыцыі, дзе яна разглядаецца як словы самой кансэкрацыі, таму што асвячэнне (пар. 2 Кар 1, 22), прынясенне ў дар, актуалізацыя Божага дзеяння (пар. Ян 14,16-18) уласцівыя менавіта Духу Святому. Многія айцы Касцёла прыраўноўвалі дзеянне Духа Святога падчас Эўхарыстыі да цуду ўцелаўлення Божага Сына, якое здзейснілася моцай таго ж Духа (пар. Лк 1, 20).

 

 „Просім Цябе, Божа, моцаю свайго благаслаўлення асвяці гэтыя дары

і ўчыні іх дасканалаю і мілаю Табе Ахвярай, каб сталіся яны для нас Целам і Крывёю Твайго Наймілейшага Сына, Пана нашага Езуса Хрыста.”

 

г) Апісанне ўстанаўлення і кансэкрацыя: праз словы і дзеянні Хрыста здзяйсняецца ахвяра, якую сам Хрыстус устанавіў на Апошняй Вячэры, калі склаў у ахвяру сваё Цела і Кроў у постацях хлеба і віна і даў іх есці і піць апосталам, наказаўшы ім заўсёды здзяйсняць гэтую таямніцу.

 

Св. Амброзій: «3 таго моманту, як наступае цэлебрацыя годнага пашаны сакрамэнту, святар ужо не карыстаецца ўласнымі словамі, але ўжывае словы Хрыста. Якія гэта словы? Менавіта тыя, якія ўсё стварылі. Па слову Пана ўзніклі неба, зямля, мора, з’явілася ўсё стварэнне. Бачыш, якою вялікаю, дзейснаю моцай валодаюць словы Хрыста? Калі ў слове Пана Езуса заключана такая сіла, што пад яго ўздзеяннем пачынае існаваць штосьці такое, чаго дагэтуль не было, то тым больш яно здольнае ўчыніць так, што рэчы, якія існавалі раней, перамяняюцца ў іншыя. Не існавалі ні неба, ні мора, ні зямля, але, як кажа Давід: „Ён сказаў, і ўзніклі, Ён загадаў, і былі створаныя" (Пс 148, 5). Дык вось, адказваю табе: не было Цела Хрыстовага перад кансэкрацыяй, але пасля яе, паўтараю, яно ўжо прысутнае. Хрыстус сам сказаў — і сталася. Ён загадаў — і было створана».

 

У Эўхарыстыі Хрыстус рэальна прысутны субстанцыянальна. Гэта значыць Ён прысутны не сімвалічна, знакава ці праз дзеянне, а канкрэтна, «вось тут». Моцаю словаў Хрыста на алтары ўжо не хлеб і віно, а Ён сам. Уся субстанцыя хлеба і віна пераўтвораная ў субстанцыю Яго Цела і Крыві (адсюль паходзіць лацінскі тэрмін transsubstantiacio — пераўтварэнне). Засталіся толькі акцыдэнтныя ўласцівасці хлеба: смак, колер, кансістэнцыя, якія належаць ужо не ўласцівай для іх субстанцыі (хлебу), а застаюцца нібы самі па сабе. Пасля пераўтварэння мы маем перад сабою не хлеб і Цела, якія існуюць побач, але самога Хрыста, укрытага ў постаці хлеба (Ён жа не казаў: «Гэты хлеб — гэта Цела Маё», а казаў: «Гэта ёсць Цела Маё»).

 

Ахвярны характар Апошняя Вячэра канчаткова набывае праз словы, якія Езус прамаўляе над хлебам і віном, тым самым учыніўшы іх выданым Целам і пралітаю Крывёю.

 

Тым самым Езус учыніў, што Яго эўхарыстычная прысутнасцьгэта не проста «нейкая» прысутнасць, а прысутнасць замучанага і ўваскрослага. Ужо падчас Апошняй Вячэры, укрыты ў знаках, Ён выдаў сябе як ахвяру Айцу і людзям. Апосталы ўжо тады ўдзельнічалі ў поўнай Пасхальнай таямніцы, каштавалі плады таго, што павінна было адбыцца ў пятніцу мукі Пана, у цішыні суботы і ў нядзелю Уваскрасення. Для Бога не існуе часу — як не існавала тады, так не існуе і цяпер, — таму ў кожнай святой Імшы мука і ўваскрасенне становяцца адчувальнымі для нас, яны адбываюцца для нас «цяпер».

 

Паказ народу эўхарыстычных постацяў, які называюць таксама «паднясеннем», — гэта практыка, вядомая з XI стагоддзя. Жадаючы процістаяць распаўсюджанаму ў той час памылковаму вучэнню пра толькі сімвалічную прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, вернікі настойліва прасілі паказваць ім Цела Пана, каб можна было ўшаноўваць яго і абуджаць у сабе жывую веру. Бывала, што паднясенне трывала даволі доўга, часам святыя постаці паказвалі на ўсе бакі свету, як гэта часам робіцца падчас вялікіх урачыстасцяў. Пачынаючы з XIII ст., сталі ўздымаць таксама келіх з Крывёю Пана. Тады ж практыка паднясення стала паўсюднай, а ў XVI ст. папа Пій V учыніў яе абавязковаю.

 

Паднясенне — гэта перадусім хвіліна адарацыі, сузірання Хрыста, прысутнага сярод свайго народу. Яно дапамагае ўсвядоміць, што на алтары здзяйсняецца таямніца, якая пераўзыходзіць нашу штодзённасць; гэта момант, калі мы маем магчымасць затрымацца на хвіліну, адкрыцца на Божае дзеянне і маўчаць.

 

Пасля кансэкрацыі святар распачынае адну з трох прадугледжаных для гэтага моманту акламацый, якую працягваюць сабраныя вернікі.

 

«„Mysterium fidei! — Таямніца веры!“ Калі святар прамаўляе або спявае гэтыя словы, прысутныя адказваюць: „Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаем Тваё ўваскрасенне і чакаем Твайго прыйсця ў хвале". Гэтымі або падобнымі словамі Касцёл, указваючы на Хрыста ў таямніцы Яго мукі, аб’яўляе таксама сваю ўласную таямніцу: Ecclesia die Eucharistia”. <...> Падмуркам і крыніцаю Касцёла з’яўляецца ўвесь Triduum paschale, але пэўным чынам ён ёсць <...> назаўсёды ў дары Эўхарыстыі. У гэтым дары Езус Хрыстус перадаў Касцёлу пастаяннае здзяйсненне Пасхальнай таямніцы. У ім устанавіў таямнічую „адначасовасць паміж тым Triduum і ўсімі мінаючымі вякамі» - зазначае Ян Павел ІІ.

 

д) Анамнэза, у якой Касцёл, спаўняючы наказ, які атрымаў ад Хрыста Пана праз апосталаў, успамінае самога Хрыста, асабліва ўшаноўваючы Яго благаслаўлёную муку, хвалебнае уваскрасенне і ўнебаўшэсце.

…Пане, мы, слугі Твае,і Твой люд святы, успамінаючы благаслаўлёную мукe і ўваскрасенне, а таксама хвалебнае ўнебаўшэсце Езуса Хрыста, Сына Твайго, Пана нашага…

 

е) Ахвяраванне: Касцёл, спраўляючы гэты ўспамін, сабраўшыся тут і цяпер, складае Богу Айцу ў Духу Святым беззаганную ахвяру. Касцёл імкнецца да таго, каб вернікі не толькі складалі беззаганную ахвяру, але таксама вучыліся ахвяраваць сябе саміх і з кожным днём праз Хрыста ўсё шчыльней ядналіся з Богам і між сабою так, каб нарэшце Бог быў усім ва ўсіх.

 

… складаем Найсвяцейшай Велічы Тваёй, з Тваіх дароў і шчадротаў

Ахвяру чыстую, Ахвяру святую, Ахвяру беззаганную, Хлеб святы жыцця вечнага і Келіх вечнага збаўлення. Узглянь на яе міласціва і спагадна і ласкава прымі яе, як прыняў дары праведнага слугі Твайго, Абэля, ахвяру патрыярха нашага Абрагама, і святую ды беззаганную ахвяру, якую прынёс Табе найвышэйшы святар Твой Мельхізэдэк. Пакорна просім Цябе, усемагутны Божа, загадай свайму святому Анёлу занесці гэтую Ахвяру на Твой нябесны алтар прад аблічча Тваёй Боскай Велічы, каб заўсёды ўсе мы, якія ўдзельнічаем ў гэтай Ахвяры алтара і прымаем Найсвяцейшае Цела і Кроў Сына Твайго, атрымалі шчодрае нябеснае благаслаўленне і ласку…

 

ж) Малітвы заступніцтва, праз якія выражаецца тое, што Эўхарыстыя цэлебруецца ў лучнасці з усім Касцёлам — як нябесным, так і зямным — і што ахвяра складаецца за яго і за ўсіх яго членаў, жывых і памерлых, якія былі пакліканыя да ўдзелу ў адкупленні і збаўленні, здабытым праз Цела і Кроў Хрыста.

 

“Памятай, Пане, пра слугаў Тваіх N. і N. і пра ўсіх тут прысутных,

веру і адданасць якіх Ты ведаеш, за іх мы Табе прыносім гэтую Ахвяру хвалы і яны таксама яе Табе прыносяць, за сябе і за ўсіх сваіх бліжніх;

за адкупленне сваіх душаў, за надзею збаўлення і ўратавання ўзносяць свае малітвы да Цябе, да Бога вечнага, жывога і праўдзівага.

У еднасці з усім Касцёлам, з пашанаю найперш успамінаем благаслаўлёную заўсёды Панну Марыю, Маці Бога і Пана нашага Езуса Хрыста, а таксама святога Юзафа,  апекуна Найсвяцейшай Панны, і святых Апосталаў і Мучанікаў Тваіх Пятра і Паўла, Андрэя, (Якуба, Яна, Тамаша, Якуба, Філіпа, Барталамея, Мацвея, Сымона і Тадэвуша,

Ліна, Клета, Клімента, Сікста, Карнэлія, Кіпрыяна, Лаўрэнція, Хрызагона, Яна і Паўла, Косму і Дам’яна) і ўсіх святых Тваіх. Прз іх заслугі і малітвы няхай ахоўвае нас Твая апека…

 

…Памятай, Пане, таксама пра слугаў Тваіх N. i N., якія адышлі перад намі са знакам веры і спяць у супакоі. Просім Цябе, Пане, дай ім і ўсім, хто спачывае ў Хрысце, прабываць у месцы суцяшэння, святла і супакою. Таксама і нам, грэшным слугам Тваім, якія спадзяёмся на вялікую міласэрнасць Тваю, будзь ласкавы даць удзел у еднасці з Тваімі святымі апосталамі і мучанікамі: з Янам, Стэфанам, Мацвеем, Барнабам, (Ігнацыем, Аляксандрам, Марцэлінам, Пятром, Фэліцытай, Пэрпетуяй, Агатай, Луцыяй, Агнешкай, Цэцыліяй, Анастасіяй) і ўсімі Святымі Тваімі: увядзі, просім, і нас у іх супольнасць не дзеля нашых заслугаў, але дзякуючы Тваёй міласэрнасці.”

 

з) Заключная даксалогія, у якой здзяйсняецца ўслаўленне Бога, і якую народ пацвярджае і заканчвае акламацыяй Амэн.

«Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце Табе, Божа Ойча ўсемагутны, у еднасці Духа Святога ўся пашана і хвала праз усе вякі вечныя».


Прамаўляючы даксалогію, святар уздымае ўгору Цела і Кроў Пана, таму гэты момант літургіі часам называюць «малым паднясеннем». Святар і ўсе, хто ўдзельнічае ў Эўхарыстыі, ахвяруюць Айцу Хрыста, праз Яго пасрэдніцтва, разам з Ім, з’яднаныя ў Ім, узносяць Богу дасканалае праслаўленне, услаўляюць Яго і праз гэта самі могуць быць услаўленыя Богам (пар. Ян 17, 1 -4). У Гостыі і келіху мы ахвяруем Айцу ўсю таямніцу жыцця, смерці і ўваскрасення Хрыста; моцай Духа Святога, моцай любові, мы ўключаемся ў гэтае ахвяраванне, у дыялог паміж Айцом і Сынам, наш удзел у якім падкрэслівае слова «амэн».

 

 

Літаратура:

ПАСЛЯСІНАДАЛЬНАЯ АПОСТАЛЬСКАЯ АДГАРТАЦЫЯ VERBUM DOMINI СВЯТОГА АЙЦА БЭНЭДЫКТА XVI, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/107590.html.

Паслясінадальная Апостальская адгартацыя Sacramentum Caritatis Святога Айца Бэнэдыкта XVI, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/100784.html.

ДАГМАТЫЧНАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ ПРА БОЖАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ «DEI VERBUM», у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101681.html#5.

Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі. Раздзел II. Структура імшы, яе элементы і часткі, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101198.html.

Святая Імша. Часткі Імшы і іх значэнне, у: http://katedra.by/index.php?option=com_content&task=view&id=336&Itemid=9.

Katecheza XXXIX - Modlitwa Eucharystyczna, у: http://www.diecezja.radom.pl/home-mainmenu-1/czytelnia/96-md/1101-k39.

CZĘŚCI MSZY ŚWIĘTEJ, у: http://liturgia.ovh.org/czesci_mszy_swietej.php.

Л. Кубяк, Святая Імша. 100 пытанняў  i адказаў, Мінск  2012.

Рымскі Імшал для дыяцэзій Беларусі, Мінск 2004.

Прочитано 2583 раз Последнее изменение Четверг, 21 Март 2013 16:25
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии