Гэта малітва, якая бярэ свой пачатак яшчэ з Сярэднявечча, праз стагоддзі зрываецца з вуснаў людзей, перамешваецца са слязьмі і горкім болем людскіх праблем і, з не меншай моцай, гучыць і сёння ў нашых дамах і Святынях…
На жаль, большасць з людзей успрымае Ружанец толькі як дзіцячае лепятанне альбо сумную малітву бабулек, якім на пенсіі і так няма чым заняцца. Але гэта малітва, да якой у Сваіх аб’яўленнях заахвочвае нас Сама Марыя, мае такую глыбіню і моц, што неабходна адкрываць яе для сябе нанава з кожнай пацеркай, з кожнай Вітай Марыя… Святы Ружанец можа і павінен стаць для кожнага з нас каштоўным скарбам, які няспынна будзем адкрываць, з якога будзем чэрпаць моц і прыгажосцю якога будзем захапляцца.
Засяроджанасць і разважанне здольныя ўчыніць наш Ружанец незвычайным вандраваннем побач з Езусам і Марыяй па старажытнай Палестыне аж ад Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі і да Галготы, наблізіць нам таямніцы ад Уваскрасення Хрыста і да Ўкаранавання Марыі. Любоў можа пераўтварыць паўтарэнне тых самых слоў – у букет кампліментаў для нашай Нябеснай Маці, падобна таму, як закаханыя паўтараюць адно аднаму аднолькавыя словы, але поўныя пашаны і пяшчоты. Але больш таго, Ружанец – гэта незвычайная моц і зброя супраць злога духа. Святары-экзарцысты, якія непасрэдна займаюцца выгнаннем злога духа, распавядаюць, як апантаныя асобы толькі пры набліжэнні да іх Ружанца, альбо пры малітве на ім, пачынаюць моцна крычаць і цярпець ад удушэння з просьбай убраць ад іх Ружанец. Нездарма Марыя ў Сваіх аб’яўленнях заахвочвае нас маліцца на Ружанцы і праз Яе магутнае заступніцтва давяраць сябе Богу.
Гэта малітва ставіць на калені і бацьку сям’і пасля дня працы, і маленькае дзіця, вясковую бабулю і навукоўцу…Святы Ружанец нагадвае нам аб роўнасці людзей і роўнай годнасці кожнага як самага любімага Божага дзіцяці. А паўтарэння поўных пакоры слоў Вітай Марыя… сярод усяго гулу і мітусні сучаснага свету супакойвае нашыя сэрцы, напаўняючы пакорай і любоўю. Ды і хто ж нас не хоча сярод віхураў жыццёвых праблем адчуць сябе маленькім дзіцём, якое паўтарае простыя словы, праз якія свае цяжкасці і праблемы праз Нябесную Матулю давярае Усемагутнаму Богу, Які ў Сваіх руках трымае ўвесь сусвет і схіляецца да нас у Сваёй бязмежнай любові?
У кастрычніку ў нашай парафіі Ружанцовыя набажэнствы адбываюцца кожнага дня згодна з раскладам. У большасці гэтыя набажэнствы праводзяць дзеці нашай парафіі, якія паказваюць нам прыклад і нагадваюць пра тое, што кожны з нас без выключэння і незалежна ад узросту з’яўляецца Божым дзіцём. Заахвочваем да ўдзелу ў Ружанцовых набажэнствах, каб не змарнаваць так вялікі Божы дар! Калі не атрымліваецца прыйсці ў святыню, то варта маліцца на Ружанцы дома, разам з усёй сям’ёй услед за Арханёлам Габрыэлем і Святой Альжбетай паўтараць прывітанне Марыі і прасіць аб Яе заступніцтве на ўсё жыццё.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/katekheza/artykuly/item/258-ruzhanetssumnae-patarenne-adnolkavyh-slo-tsi-skarb-yaki-patrabue-adkrytstsya?#sigProGalleriab689f09e45