28 жніўня нашы парафіяне сустрэліся са Св. Янам Боско ў Смаргоні, рэліквіі якога пілігрымуюць па Беларусі з 25 па 31 жніўня.
Гэта быў незвычайны вечар… Урачыстаць распачалася прывітаннем Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, разам з якім шматлікія вернікі працэсійна выйшлі насустрач рэліквіям Св. Яна Боско. Святы, які з’яўляецца настаўнікам моладзі і апекуном выхавацеляў, у сваіх рэліквіях прыбыў з усмешкай на твары. Эўхарыстыя, якую цэлебраваў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, скончылася гімнам-малітвай за нашу Бацькаўшчыну “Магутны Божа”, падчас якой у небе можна было бачыць цудоўны салют.
Парафіяне Смаргоні, якіх наша парафія прымае на начлег падчас пілігрымкі ў Будслаў, прынялі нас з вялікай гасціннасцю, арганізавалі вясёлыя танцы і накармілі гарачай вячэрай. Скончылася прабыванне нашых парафіян на ўрачыстасці ў Смаргоні асабістым ушанаваннем і малітвай каля рэліквій Св. Яна Боско і катэхезай для моладзі, якую прамовіў Апостальскі Нунцый.
Уся ўрачыстасць была напоўнена сапраўднай, Божай радасцю, маладым духам, гасціннасцю і шчырасцю адкрытых сэрцаў, але самае галоўнае, духам самога Св. Яна Боско, які паказвае на Божую Любоў. Адчувалася рэальная прысутнасць Святога, які казаў: “Дастаткова таго, што вы маладыя, каб я вас любіў!” А маладым духам можа быць кожны з нас незалежна ад узросту, што напісаны ў пашпарце!
У часе казання і катэхезы Апостальскі Нунцый разам з вернікамі разважаў пра Св. Яна Боско, пра тое, чаму ён вучыць нас сваім жыццём. Св. Ян быў сапраўды незвычайным чалавекам, ён ахвяраваў усё сваё жыццё служэнню Богу і маладым людзям, якія былі занядбаныя моцнымі гэтага свету і згубіліся ў гэтым жыцці. Святы, які казаў : “Рабі ўсё, толькі не грашы”, - сваім жыццём паказаў нам, што самае галоўнае.
І што ж самае галоўнае сярод усіх клопатаў і цяжкасцяў нашага жыцця, сярод болю і жорсткасці гэтага свету, сярод нашага імкнення да лепшага і новым падзеннем у бруд граху?.. Божая Любоў! Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што Св. Яну Боско не падабаўся вобраз Бога, Які асуджае за грэх, Святы паказваў Бога, які дапамагае падняцца з бруду граху. Самае галоўнае – дасведчыць у сваім жыцці Любоў Бога і паказваць іншым людзям гэтую Любоў. Бо гэта Любоў Бога, Які выходзіць шукаць чалавека, нават таго, што патануў у брудзе, Які разумее і любіць нават тады, калі ўсе асуджаюць, Які ніколі не пакіне і схавае ў абдымках Сваёй Любові. Дасведчыць Любоў Бога і дзяліцца ёй – гэта просты сакрэт жыцця хрысціяніна. Апостальскі Нунцый падкрэсліў, што Святы Настаўнік моладзі прыцягваў і працягвае прыцягваць да сябе маладых людзей, змяняючы іх сэрцы, менавіта таму, што паказвае Божую Любоў, што прамяніцца ёй і дае адчуць чалавеку, што яго любяць.
Фота Аксаны Бажко
https://vilejka-kasciol.by/index.php/fota-videa/galereya-fota/item/437-sustrecha-sa-sv-yanam-bosko-smargoni-%E2%80%9Cshto-samae-galonae?%E2%80%9D#sigProGalleriac49045834b