ЛАСКА ПАНА НАШАГА ЕЗУСА ХРЫСТА
І ЛЮБОЎ БОГА АЙЦА, І ЕДНАСЦЬ ДУХА СВЯТОГА
НЯХАЙ БУДУЦЬ З УСІМІ ВАМІ!
Дарагія парафіяне!
У 2013 годзе наш касцёл адзначае 100-гадовы юбілей. Асноўныя юбілейныя ўрачыстасці адбудуцца 14 верасня 2013 года, у якіх прыме ўдзел Арцыбіскуп Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і іншыя шматлікія госці. Ужо сёння Вас запрашаю на гэтае гістарычнае свята.
З нагоды юбілейнага года з 3 па 10 сакавіка ў нашым касцёле адбудуцца парафіяльныя місіі. Парафіяльныя місіі – гэта час вялікай Божай ласкі, якая дапаможа выправіць і адбудаваць у нас і вакол нас тое, што было знішчана грахом, што было занядбана праз абыякавасць альбо духоўную ляноту. Гэта час нашага навяртання да Бога, час змены жыцця і духоўнага ўзбагачэння, час умацавання веры і вяртання да супольнасці Касцёла.
Благаслаўлёны Папа Ян Павел ІІ назваў парафіяльныя місіі “незамянімым сродкам інтэнсіўнай адновы хрысціянскага жыцця”.
Малітоўнае багацце місійнага тыдня вельмі вялікае. У касцёле адбываюцца святыя Імшы з місійным казаннем. Місіянеры абвяшчаюць навуку для людзей рознага ўзросту і стану: для дзяцей, моладзі, сярэдняга і старэйшага пакалення, для сем’яў. Праводзяць розныя набажэнствы і працэсіі.
Парафіяльныя місіі праводзяцца раз у некалькі гадоў. У Вілейцы яны будуць праводзіцца ўпершыню пасля вяртання святыні веруючым. Кодэкс Кананічнага Права абавязвае арганізоўваць місіі для ўмацавання і аднаўлення веры. Місіі будуць адбывацца на працягу цэлага тыдня, ад нядзелі да нядзелі. Кожны дзень належыць прыняць удзел у святой Імшы, выслухаць навуку аб асноўных праўдах веры і маралі, прыняць удзел у тэматычным набажэнстве. На працягу тыдня будзе магчымасць прыступіць да споведзі, якая ўжо будзе лічыцца велікоднай. У апошні дзень місій, 10 сакавіка, адбудзецца ўрачыстае благаслаўнне місійнага крыжа, які будзе ўстаноўлены каля касцёла.
У часе місій, у сераду, адбудзецца наведванне айцамі-місіянерамі хворых і пажылых людзей з удзяленнем сакрамэнту cповедзі, намашчэння хворых і Эўхарыстыі. Хто жадае скарыстаць з гэтай паслугі айцоў-місіянераў належыць запісаць адрасы хворых у сакрыстыі.
На парафіяльныя місіі шчыра запрашаю ўсіх без выключэння: дзяцей, моладзь, людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту, запрашаю прыходзіць цэлымі сем’ямі. Запрашайце на місіі таксама сваіх родных, сяброў і знаёмых. Пастараемся не прапусціць і не змарнаваць гэты важны час для нашага духоўнага ўзбагачэння і яднання з Богам!
Пробашч парафіі
Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы