На гэтым тыдні Святая Імша: Ад панядзелка да пятніцы ў 9.00 і 18.00. У суботу, за памерлых, у 10.00. У наступную нядзелю ў 10.00, 12.00 і 18.00.
Набліжаюцца ўрачыстасць Усіх Святых і ўспамін памерлых. Згодна з традыцыяй у месяцы лістападзе будуць адбывацца выпамінкі, калі мы молімся за памерлых, вычытваючы іх імёны. Пры выхадзе з касцёла знаходзяцца карткі для запісу. Пасля гэтыя карткі належыць прынесці ў сакрыстую.
Будзем памятаць пра абавязак навядзення парадку на могілках, дзе пахаваныя нашыя блізкія родныя. Пастараемся навесці парадак і на магілах, якія, як мы можам ведаць, не маюць сваіх родных, але якімі ужо шмат год апякуюцца людзі добрай волі.
Наведванне могілак у гэтым годзе будзе згодна з раскладам, пададзеным асобна.
18 кастрычніка гэтага года, Святы Айцец Францішак сказаў: «У свеце адкрыта шмат франтоў вайны. Няхай змоўкне зброя, няхай будзе пачуты крык бедных і дзяцей аб міры. Вайна не вырашыць ніводнай праблемы. Яна сее толькі смерць і разбурэнне. Яна павялічвае нянавісць. Яна памнажае помсту. Вайна перакрэслівае будучыню». Пры гэтым Пантыфік дадаў: «Заахвочваю вернікаў стаць на адзін бок у гэтым канфлікце — бок міру, — не толькі словамі, але малітвай».
Святы Айцец прапануе правесці ў пятніцу 27 кастрычніка дзень посту, малітвы і пакаяння, да якога ён запрашае далучыцца людзей розных хрысціянскіх канфесій, тых, хто належыць да іншых рэлігій, і ўсіх тых, хто імкнецца да справы міру ў свеце.
Далучаючыся да просьбы Святога Айца, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заклікае вернікаў нашай краіны, кожнага хрысціяніна, а таксама кожнага чалавека добрай волі, якому неабыякавы мір на свеце, 27 кастрычніка зрабіць днём посту, малітвы і пакаяння ў намеры міру.
У нашай парафіі Ружанцовае набажэнства раніцай і вечарам будзе праведзена ў інтэнцыі міру, паяднання і супакою.
З 5 жніўня 2023 года да 6 ліпеня 2024 года ў Будславе праводзіцца малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, а таксама Год падзякі Маці Божай за Яе апеку і атрыманыя ласкі. Кожны дэканат нашай архідыяцэзіі мае вызначаны месяц у якім арганізоўвае набажэнства ў Будславе. Наш Вілейскі дэканат мае абавязак арганізаваць малітоўную сустрэчу ў лістападзе. Пасля кансультацыі з Арцыбіскупам Юзафам Станеўскім прынята рашэнне правесці малітоўнае чуванне пасля завяршэння актавы ўрачыстасці Усіх Святых, у другую суботу, а дакладна 11 лістапада. Праграма будзе наступнай:
10.30 Прыезд у Нацыянальны санктуарый
11.00 Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі. Фацімскі Ружанец, споведзь.
12.00 Святая Імша
13.00 Канферэнцыя
13.30 Вяночак да Божай Міласэрнасці
З Вілейкі будзе арганізаваны аўтобус на паездку ў Будслаў. Запісваемся каля кніжнага кіёска.
Дзякуем за ахвяраванні на ўтрыманне святыні, за працу і малітвы!