background

"Блізка ля мяне Ты, Пане..."

Давяраць Богу сваё жыццё...

"Я – дарога, праўда і жыццё..."

Яднацца ў адзіным Пану нашым, Езусе Хрысце.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Любіць адзін аднаго любоўю, якою Хрыстос любіць Свой Касцёл.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Image 4 title

type your text for 4th image here

Image 4 title

Крыжовы Шлях

Оцените материал
(0 голосов)

Размяшчаем на сайце Крыжовы Шлях, аўтарам разважанняў якога з’яўляецца нашая парафіянка з кандыдатаў да Бежмавання Алена Дубаневіч. 

Уступ

З моманту нараджэння кожны з нас ступае на свой крыжовы шлях. Але разам з тым, Пан Бог дае нам і свабоду выбару. Як я пайду па гэтаму шляху: з нездавальненнем, зайздрасцю, скаргамі на цяжкасці, спробамі скінуць гэты крыж альбо буду ісці моўчкі, шукаць разумення, рабіць учынкі міласэрнасці? Я магу ісці сваёй дарогай, але куды яна мяне прывядзе? Езу Хрыстэ, дакраніся да майго сэрца і адкрый мае вочы, каб я змог убачыць, як моцна Ты любіш мяне, каб я з усіх сіл стараўся пазбягаць граху, які прыбівае Цябе да крыжа. Навучы мяне, Езу, прыняць гэты крыж з любоўю і несці яго без нараканняў. Дазволь мне, Пане, прайсці гэты шлях з Табою.

Стацыя 1. Езус несправядліва асуджаны на смерць

Езу, Ты не меў граху, але Цябе несправядліва асудзілі, вынеслі Табе смяротны прысуд. Як часта мы, ведаючы, што чалавек не вінаваты, моўчкі назіраем за тым, як яго аддаюць на пакаранне. Чаму нам прасцей быць часткай раз’юшанага натоўпу, які патрабуе “Распні яго!”, альбо проста зрабіць выгляд, што нас гэта не датычыць, чым стаць на абарону невінаватага? Як часта мы ў свах сем’ях, на працы, сярод акружаючых нас людзей не хочам выслухаць тых, хто аб гэтым просіць, як часта выносім свой прысуд, нават не пажадаўшы ўдзяліць ім часцінку нашай увагі? Прашу цябе, Пане Езу, навучы мяне больш маўчаць і слухаць, чым гаварыць, і барані мяне ад граху асуджэння маіх блізкіх.

Стацыя 2. Езус бярэ крыж

Езус атрымаў прысуд. Ён ведае, што чакае яго, і таму спакойна бярэ крыж і пачынае свой шлях. А хто з нас задаў сабе пытанне: чым для мяне ёсць крыж? Карай за грахі? Невыносным цярпеннем? Цяжарам, які перашкаджае ісці па жыцці альбо грузам, які хочацца скінуць і адчуць сябе свабодным? Не. Я ўпэўнены, што калі я не адракуся ад крыжа, то і Хрыстос не адрачэцца ад мяне. Божа, дай мне натхненне не абмінаць крыж, не пазбягаць яго, а несці яго з любоўю згодна з Тваёй воляй. Дазволь мне зразумець, што  крыж – гэта шлях да збаўлення і паяднання з Табой.

Стацыя 3. Езус падае першы раз

Езус з усх сіл стараецца цягнуць цяжкі крыж. Гэты цяжар пераўзыходзіць Яго намаганні, аднак Езус не адкідае яго. Ён падае. Падае таму, што людская здрада і подласць забіраюць апошнія сілы. Маё першае падзенне адбылося тады, калі я вырашыў, што крыж мне не па сілах, калі засумняваўся ў Божай ласцы і любові, калі ўпаў духам ад несправядлівасці іншых і маёй уласнай слабасці. Дзе тыя, хто быў побач, калі ўсё было добра? Куды яны зніклі, калі мой цяжар выдаецца мне невыносным? Навучы мяне, Божа, разумець, што мы створаны для шчасця, а не для цярпення, навучы мяне быць удзячным за ўсе ласкі, якімі Ты мяне адорваеш і прабачаць тых, хто адвярнуўся ад мяне ў патрэбе.

Стацыя 4. Езус сустракае сваю Маці

Калі адбылася іх сустрэча, не было сказана ні слова. Яны толькі паглядзелі ў вочы адно аднаму. Навошта словы? “Так хоча Айцец.” - “Хай жа ўсё станецца паводле Яго слова”. Маці Божая, ты таксама прынесла вялікую ахвяру, аддаўшы свайго Сына на ўкрыжаванне. Але хто можа ўявіць той боль, які быў у мацярынскім сэрцы, калі Яна бачыла крыжовыя мукі свайго Сына.  Як можна перадаць словамі тую бязмежную любоў, дзеля якой Езус узышоў на крыж. Так, Ён нёс гэты цяжкі крыж з любоўю. А мы? Ці заўсёды мы можам зносіць нашы цярпенні з любоўю? Як часта наш розум затуманены недаверам, няўпэўненасцю, расчараваннем альбо ўвогуле сумненнем у Божай ласцы. Маці Божая Балесная, навучы нас маліцца так, каб кожнае слова Езуса назаўсёды заставалася ў нашых сэрцах і падтрымлівала нас у самыя цяжкія моманты адчаю і мукі.

Стацыя 5. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж

Я іду сваім шляхам. Вакол мяне шмат розных людзей. Усе мы спяшаемся, усім не хапае часу, каб спыніцца і азірнуцца вакол. Можа,  зараз каму патрэбна мая дапамога? Можа, мой добры ўчынак, ласкавае слова здымуць хоць часцінку цяжару з чыіхсьці плячэй? Часта можна пачуць: чаму я павінен гэта рабіць, некаму дапамагаць? Сымон Кірынэец таксама не разумеў, што праз дапамогу нясення крыжа ён атрымае вялікую Божую ласку адкуплення сваёй душы. Пане Езу, прашу Цябе, навучы мяне дапамагаць бліжнім, не чакаючы ад іх падзякі ці ўзнагароды. Навучы мяне таксама прынімаць цярпенні і выпрбаванні і  задаваць пытане не чаму яны мне дадзены, але для чаго яны мне дадзены.

Стацыя 6. Вераніка выцірае твар Езуса

Езус ідзе далей. Змораны, паранены, цягне крыж. Вакол шмат людзей. Але няма ніводнага лагоднага позірку ці ласкавага голасу. І сярод гэтага натоўпу толькі адна Вераніка мела чулае сэрца і вялікую мужнасць, каб падысці да Хрыста і выцерці Ягоны твар хусцінай. І здарыўся цуд – на тканіне застаўся адбітак святога аблічча. А які адбітак пакіне ў нашых сэрцах тая ахвяра Сына Божага, якую Ён прынёс на алтар нашага збаўлення? І чаму навучыць нас гэты ўчынак простай, але адважнай дзяўчыны? Пане Божа, ствары ўва мне шчырае сэрца, адкрытае на дабрыню і міласць, гатовае дапамагаць, падтрымліваць бліжняга, ахвяроўваць свае намаганні і час, а таксама быць удзячным за ўсе даброты, якія я атрымліваю.

Стацыя 7. Езус падае другі раз

У кожнага з нас свой шлях. І на гэтым шляху мы сутыкаемся і з выпрабаваннямі, і з цярпеннем, і з несправядлівасцю. Што мы робім, калі нехта побач з намі робіць памылку, падае, паводзіць сябе не так, як мы ад яго чакаем? Найпрасцей асудзіць гэтага чалавека, пакараць яго, пераступіць і ісці далей. Але калі здарыцца так, што ўпаду я сам, чаго я чакаю ад акружаючых? Канечне, спагады, дапамогі, спачування. Пане Божа, дай мне сілы не абмінуць слабога, а аднесціся да яго так, як я хацеў бы, каб аднесліся да мяне не толькі ў моманты шчасця і радасці, але і ў часы падзення і смутку.

Стацыя 8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Ерузалемскія жанчыны пачынюць плакаць, калі бачаць змучанага, збічаванага Езуса. Але  Езус прамаўляе да жанчын спакойна і мудра. Ён гаворыць:”Не плачце па мне, а па дзецях вашых”. Калі мы зараз азірнёмся вакол, то ўбачым, як многа зла, болю і несправядлівасці пануе ў гэтым свеце. Зазірнём у нашыя душы і будзем шчырымі: ці заўсёды мы  гатовыя адклікнуцца на просьбу аб дапамозе? А ці заўсёды мы, выказваючы камусьці спачуванне, бачым тыя праблемы, якія існуюць у нашых сем’ях? Як лёгка часам бывае разважаць пра недахопы іншых,  не заўважаючы  сваіх. Прашу Цябе, Пане,  адкрый нашыя сэрцы на Твае словы і дай нам спазнаць сэнс жыцця так, як спазнаў яго Ты.   

Стацыя 9. Езус падае трэці раз

 Смяротна змучаны Езус падае трэці раз. Гэта нашыя грахі робяць Яго крыж невыносна цяжкім. Як часта бывае так, калі выдаецца, што сіл больш няма, што падняцца немагчыма, што ўжо не будзе ніякай палёгкі. Але я адчуваю, як нібы моцная рука зноў і зноў трымае мяне, не дае канчаткова ўпасці. І невядома адкуль бяруцца сілы, каб устаць і ісці далей. Але я ведаю: гэта Ты, Пане, ніколі не пакідаеш мяне, толькі Ты можаш зрабіць так, што я паднімаюся над свімі слабасцямі. Навучы нас, Пане Езу, быць падобнымі да Цябе ў Тваёй пакоры і супакоі. Навучы нас таксама быць удзячнымі за тое, што кожнага дня мы чэрпаем з бясконцай крыніцы тваёй міласэрнасці.

Стацыя 10. З Езуса здзіраюць адзенне

Галгофа ўсё бліжэй і бліжэй, усё цяжэйшым і цяжэйшым робіцца крыж, сіл застаецца менш і менш. І тут у Езуса забіраюць апошняе -  Ягонае адзенне. Зусім безабаронны, зняважаны і пагарджаны ўсімі, Ён не заслужыў такога. Аднак якімі ж дробнымі, недарэчнымі і нікчэмнымі выдаюцца людзі, якія здзяйснялі ўсё гэта. Ім ніколі не спасцігнуць  нязломленай  душы Хрыста, якая знаходзіцца на недасягальнай вышыні. Аднак ты прынёс ахвяру і за іх таксама. Пане, навучы мяне з павагай і пашанай адносіцца да ўсіх людзей, нягледзячы на іх статус у грамадстве альбо матэрыяльнае становішча, навучы за знешнім бляскам ці беднасцю бачыць бессмяротную душу Божага стварэння.

Стацыя 11. Укрыжаванне Езуса

Настала страшная гадзіна. Езуса прыбіваюць да крыжа. Невыносны боль скоўвае цела, крываточаць раны. Ён ужо нічога не можа зрабіць, толькі чакае смерці. Пане, гэта нашыя грахі прывялі Цябе на гэты крыж. Гэты мы вінаватыя ў Тваіх муках. Ці задумаліся мы хоць раз, што кожны наш грэх забівае яшчэ адзін цвік у змучанае цела Хрыста, наносіць Яму яшчэ адну смяротную рану. Духу Святы, ахіні мяне сваімі крыламі, дай мне разуменне таго, як трэба будаваць сваё жыццё, каб не зваліцца ў бездну граху і не блукаць у цемры нявер’я і непакою.

Стацыя 12. Смерць Езуса на крыжы.

Езус памірае. Памірае дзеля мяне, дзеля цябе, дзеля ўсіх нас. Ён памірае, каб нас збавіць. Ці памятаем мы пра гэта? Сённяшняму свету так не хапае супакою, міласці, любові да бліжняга, узаемаразумення. І калі надыходзіць момант адчаю, калі здаецца, што я зусм адзін, што ўсё скончана, варта даверыцца Богу, таму што пасля часу цярпення і болю надыдзе пара ачышчэння і духоўнага ўваскрасення з Езусам. Смерць… Ніхто не можа абмінуць цябе, уцячы альбо падмануць цябе. Але я цябе не баюся. Ты маеш уладу над маім целам, але мая несмяротная душа належыць да вечнасці, таму што Езус узышоў на крыж, каб змыць нашыя грахі сваёю крывёю. Пане Езу, асвяці нашыя сэрцы сваёю бязмежнаю любоўю і навучы нас жыць згодна з Тваімі запаведзямі.

Стацыя 13. Езуса здымаюць з крыжа

Скончыўся зямны шлях Хрыста, Ён памёр на крыжы. Жаўнеры знімаюць Яго з крыжа і аддаюць Маці. З параненага і збічаванага цела Пана выплывае кроў і вада. Маці Божая Балесная, дазволь хоць на момант узяць Твой боль, дазволь быць з Табой побач, дазволь прасіць Твайго Сына, каб наталіў смагу нашых душ, смагу праўды і справядлівасці. Святая Панна, прытулі нас да Сябе, ахіні матчынай апекай, дапамажы адкрыць нашыя сэрцы на шчырую малітву, якая паяднае нас з Тваім Сынам.

Стацыя 14. Езуса кладуць у грабніцу

І наступла цішыня. І ў гэтай цішыні ўсім нам трэба спыніцца і паспрабаваць асэнсаваць сваё жыццё, адносіны з гэтым светам і, самае галоўнае, што я павінен і магу зрабіць, каб гэты свет стаў лепшым. Даруй нам, Божа, гэты цяжар нашых грахоў, ускладзены на Твае плечы. Дазволь нам зразумець і прызнаць нашы памылкі і слабасці, дапамажы нам адкрыць свае сэрцы Твайму Сыну, які праз сваю крыжовую муку і смерць здабыў нам адкупленне і жыццё вечнае.

Заканчэнне

Вось і скончыўся крыжовы шлях. Мы зноў вяртаемся да сваіх справаў, штодзённых клопатаў у сем’ях, на працы, у навучальных установах. Дзякуем Табе, Пане Езу, што сёння дазволіў нам прайсці гэты шлях з табою, што дазволіў нам дакрануцца сэрцам да Тваёй мукі,  навучыў нас годна прымаць цярпенні, быць ахвярнымі і самааднанымі.

Дзякуем таксама і за тое, што даў нам зразумець: не трэба супраціўляцца выпрабаванням, ніколі не трэба падаць духам. Ты з’яўляешся для ўсіх нас прыкладам, як трэба ісці па дарозе жыцця. Як трэба давяраць Пану Богу, любіць Яго ўсім сэрцам і ўсё жыццё старацца прысвяціць служэнню Яму, а таксама ахвяроўваць яго за іншых. Толькі тады мы атрымаем ласку збаўлення,  і святы супакой запануе ў нашых душах.

Прочитано 118 раз