Пра Будслаўскі фэст у вернікаў наогул назаўсёды засталося моцнае ўражанне! На Св. Імшы сабралася каля чатырох тысяч людзей і ўсяго чатыры святары (сярод іх былі пробашч Крывічэй і Будслава кс. Францішак Грынкевіч і кс. Эдмунд Даўгіловіч). Двое святароў заўсёды спавядалі ў касцёле, але ў свецкім аддзенні, у гальштуках, бо ўсё ў той час было небяспечна. Даведаўшыся пра тое, што ў Будславе сабралася столькі народа, з загадам зачыніць вароты і выгнаць людзей са святыні працаваць на полі прыехаў першы сакратар раённага камітэту. Загад быў выкананы, і ў зачыненым касцёле засталіся толькі святары, якія цэлебравалі Св. Імшу. Людзі ж знаходзіліся звонку, але духоўна лучыліся са сваімі пастырамі і ў часе ахвяравання праз шчыліны пад дзвярыма прасоўвалі свае грошы, якія прагнулі ахвяраваць на хвалу Богу і на патрэбы касцёлу.
І ў такія часы дзяржава выдавала грошы на будынак Вілейкага касцёла, бо, напэўна не мела намер вяртаць святыню вернікам, але хацела ладзіць вялікія святы, розныя выставы і канцэрты ў прыгожай зале Дома мастацтваў, у які быў пераўтвораны наш касцёл.
У гэты ж час памірае пробашч в. Касцяневічы кс. Станіслаў Жук і кс. прэлат Станіслаў Кучынскі (які з’яўляўся Генеральным Вікарыем усходняй часткі Віленскай архідыяцэзіі, да якой прыналежыла Вілейка) прызначае на яго месца кс. Эдмунда Даўгіловіча. Ужо тады да Касцяневіч заўсёды прыязджала групка з 20-25 чалавек з Вілейкі, якія прасілі памаліцца ў інтэнцыі, каб вярнуць касцёл. І ўсе з вялікай верай маліліся ў гэтай інтэнцыі, людзі пісалі лісты ажно ў Маскву, але, па незразумелых прычынах, на жаль, да Масквы гэтыя лісты не даходзілі.
А кс. Эдмунд, які быў прызначаны Вілейскім дзеканам, як сведчаць парафіяне, клапаціўся і пра паству Вілейкі. Ён прыязджаў спавядаць, наведваў хворых, асвячаў дамы і г.д. Кожны раз, калі кс.Эдмунд, які на той час меў прыкладна 15 парафій, праязджаў каля Вілейскага касцёла, ён думаў: “Можа калі-небудзь Бог дазволіць мне або іншаму святару маліцца і ў гэтай велічнай і прыгожай святыні”.
Аднаго разу кс. Эдмунд нават вырашыў паглядзець Вілейскую святыню знутры. Пад выглядам свецкага чалавека ён прайшоў у святыню і пачуў голас: “Молодой человек, возмите билетик”. Тады на сэрцы святара ажно стала холадна, бо святар уваходзіць у касцёл і купляе квіток нібы ў тэатр…
Такія былі часы… Дні цягнуліся ў малітвах, надзеях, спадзяваннях і нястомным змаганні. І вось гэты дзень прыйшоў! Калі першы сакратар раённага камітэту Іван Міхайлавіч Карачэня дазволіў вярнуць касцёл вернікам, кс. Эдмунд абвясціў пра гэта людзям, каб разам, як адна супольнасць, увайсці ў СВАЮ святыню. У вызначаны дзень прыйшло шмат людзей, якія на чале з кс. Эдмундам увайшлі ў вернуты Божы дом. На наступны дзень тут ужо цэлебравалася Эўхарыстыя, а праз тры месяцы ў Вілейку з’ехалася 16 святароў на чале з кс. бп. Тадэвушам Кандрусевічам, які са слязьмі на вачах рэкансэкраваў святыню.
Гэта быў сапраўды велічны і значны дзень. Як адзначыў кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч, гэты дзень быў знакам, што Касцёл паўстае з кален!
На падставе ўспамінаў кс. прэлата Эдмунда Даўгіловіча, пробашча парафіі св. Юзафа ў Маладзечне, першага паслясавецкага пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы…
Кацярына Дурко
http://vilejka-kasciol.by/index.php/parafiya/100-goddze-svyatyni-vilejtsy/item/447-geta-by-znak-ad-boga-shto-kastsiol-pastae-z-kalen#sigProGalleria55121dc072