У гэтую суботу на Св. Імшу сабралася шмат моладзі, а таксама дзяцей ад старэйшых да самых маленькіх, якіх прывялі бацькі. На катэхезах кожны з іх атрымаў маленькі каменьчык, які трэба было пакласці сабе ў абутак перад уваходам у Касцёл. Падчас казання ксёндз-пробашч Аляксандр растлумачыў дзецям, што гэтыя камяні падобныя да нашых грахоў, якія перашкаджаюць нам наблізіцца да Бога і прыносяць боль, таму неабходна ахвяраваць гэтыя "камяні" грахоў міласэрнаму Богу, Які з вялікай любоўю чакае кожнага чалавека ў Сакрамэнце Пакаяння і Паяднання. Як знак нашага жадання адкінуць грэх і набліжацца да Бога, кожны з дзяцей і моладзі дастаў свой каменчык і пакінуў яго каля алтара, каб нішто не перашкаджала нам на дарозе да Бога, і нашыя ногі самі ішлі да Святыні. На працягу ўсёй Св. Імшы ксёндз-пробашч рабіў каментарыі да таго, што адбываецца на алтары, каб падкрэсліць рэальнасць і важнасць прысутнасці Жывога Езуса ў Божым Слове і пад відам хлеба і віна. А напрыканцы Эўхарыстыі кс. Аляксандр яшчэ раз заахвоціў усіх дзяцей і моладзь з вялікай радасцю прыходзіць на Св. Імшы не толькі ў нядзелю, але і часцей, каб сустракацца з Езусам Хрыстом, Які чакае кожнага з нас.
http://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/615-sv-imsha-dlya-moladzi-kab-nogi-sami-ishli-da-svyatyni#sigProGalleria037b393ce6