Калі прыходзяць такія хвіліны, калі мы не можам маліцца, тады мы можам зрабіць штосьці вельмі простае – паколькі Езус прысутнічае ў маім сэрцы, то няхай Ён прамаўляе да Свайго Айца ў цішыні майго сэрца. Паколькі ў мяне не атрымліваецца прамаўляць, то будзе прамаўляць Ён; паколькі ў мяне не атрымліваецца маліцца , то будзе маліцца Ён. (…)
Давайце прасіць Езуса, каб Ён маліўся ў нас. Ніхто ж з нас не ведае Айца лепш за Езуса. Ніхто не ўмее маліцца лепш за Езуса, Які пасылае нам Свайго Духа, каб маліцца ў нас, бо мы не ведаем, як належыць маліцца.
А калі маё сэрца чыстае, калі ў маім сэрцы жыве Езус, калі маё сэрца – гэта святыня Жывога Бога, тады Езус і я – адно. Як кажа Св. Павел: “Але ўжо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстос”.
Хрыстос моліцца ўва мне, Хрыстос дзейнічае ўва мне, Хрыстос думае ўва мне, Хрыстос глядзіць маімі вачыма, Хрыстос кажа маімі словамі, Хрыстос працуе маімі рукамі, Хрыстос ходзіць маімі нагамі, Хрыстос любіць маім сэрцам. Вось як гучаць словы малітвы Св. Паўла: “Прыналежу Хрысту і нішто не адлучыць мяне ад любові Хрыста”. Гэтыя словы якраз нагадваюць пра еднасць з Хрыстом у Святым Духу.
Для нас вельмі важна, каб Хрыстос жыў у нас, каб мы маглі несці з сабой Яго прысутнасць туды, дзе будзем знаходзіцца. Бог нас моцна любіць. Ён даў нам Свайго Сына, Езуса. Цяпер дае нам Сваю любоў, а мы павінны дазволіць Яму рабіць з намі тое, што Ён хоча. (…) Чым больш мы дазволім Яму жыць Яго жыццём у нас, тым больш мы будзем прыпадабняцца да Хрыста.
Малітва ёсць нішто іншае, як поўнае адданне сябе, поўная еднасць з Хрыстом. Менавіта гэта робіць нас людзьмі кантэмпляцыі ў цэнтры жыцця света – бо тады мы праз 24 гадзіны ў суткі прабываем у Яго прысутнасці: у галодных, бяздомных, нежаданых, нелюбімых, пакінутых. Езус жа сказаў: “Усё, што вы ўчынілі аднаму з гэтых братоў маім найменшых, тое Мне ўчынілі”.
Ойча наш, гэта я, у Тваім распараджэнні, Тваё дзіця; я тут для таго, каб Ты паслугаваўся мной; каб праз мяне трывала Твая любоў да свету, калі даеш Езуса мне, і праз мяне – кожнаму з нас і свету. Молімся да Цябе ўзаемна, каб дазволілі Езусу любіць у нас і праз нас той любоўю, якой Яго Айцец любіць Яго.
Маці Тэрэза
Пераклад з кнігі „Modlitwa – źródło współczującej miłości” Matka Tereza z Kalkuty i Brat Roger z Taize