У нядзелю пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана Касцёл адзначае свята Хросту Пана, якім па традыцыі завяршаецца перыяд Божага Нараджэння. Cёлета свята прыпадае на 12 студзеня.
У Евангеллі паводле Мацвея апавядаецца, што Езус прыйшоў з Галілеі над Ярданам да св. Яна, каб прыняць хрост ад яго. Але Ян спыніў Яго, прамовіўшы: «Гэта мне трэба хрысціцца ад Цябе». Аднак Езус хацеў выканаць усё тое, што было справядліва. Калі Езус выйшаў з вады, нябёсы адкрыліся і Дух Святы ў абліччы голуба сышоў на Яго, а голас з неба прамовіў: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я» (пар. Лк 3, 21–22).
З гэтага ўрачыстага акту, ва ўзросце 30 год, Езус Хрыстус распачаў сваю місію навучання. Місію Хрыста пацвердзіў з неба сам Пан Бог, даўшы Яму сведчанне, што Езус — Сын Божы і мае права прамаўляць ад імені Пана. Падзея Хросту Езуса стала таксама першым у гісторыі выпадкам аб’яўлення ўсёй Святой Тройцы у бачных постацях (трынітарная эпіфанія), калі Бог Айцец прамаўляе, Сын Божы існуе ў чалавечай постаці, а Дух Святы з’яўляецца ў абліччы голуба. Тое, што ў выглядзе голуба на Езуса сапраўды сышоў Дух Святы, пацвярджаецца ў Евангеллі паводле Яна.
Святы Ян, евангеліст, тлумачыць розніцу паміж хростам Яна Хрысціцеля і Хростам Езуса. Езус «хрысціў Духам Святым», удзяляў праз свой Хрост Духа Святога, Божае жыццё і асвячальную ласку. Ян Хрысціцель хрысціў вадой, што азначае сімвалічны акт пакаяння і прагнення духоўнага ачышчэння. Хрост, які ўдзяляў Ян, быў падрыхтоўкай да таго хросту, які пазней павінен быў здзяйсняць Хрыстус. Евангеліст Ян дакладна ўказвае месца, дзе быў ахрышчаны Сын Божы: гэта адбылося ў Бэтаніі па другі бок Ярдану. У гэтым месцы працякаў паток, які ўпадаў у Ярдан.
Хрост, які здзяйсняў Ян Хрысціцель, адбываўся праз акунанне ў ваду, і гэтую форму да сённяшняга часу захавала Усходняя Царква. У Каталіцкім Касцёле форма хросту трансфармавалася ў паліванне. Падобна таму, як вада ачышчае цела ад вонкавага бруду, так Бог у сваёй міласэрнасці праз хрост ачышчае сэрца чалавека ад унутранага бруду.
Паўстае пытанне аб тым, чаму Хрыстус, які не меў граху, пажадаў прыняць хрост пакаяння з рук Яна. Такім чынам Сын Божы рыхтуецца прыняць на сябе ўвесь цяжар грахоў свету, а перад сваім публічным навучаннем хоча прыняць сімвалічнае ачышчэнне.
Паводле catholic.by