Версия для печати
Воскресенье, 24 Март 2013 18:30

Катэхеза ХV Святая Імша: Абрады Камуніі – ад “Ойча наш…” да знаку супакою.

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

 

Паколькі цэлебрацыя Эўхарыстыі — гэта пасхальная гасціна, належыць, каб, згодна з наказам Пана, верныя, адпаведным чынам падрыхтаваныя, прымалі Яго Цела і Кроў як духоўны пасілак.

 


 Наступнай часткай Эўхарыстычнай Літургіі з’яўляеца абрад Камуніі.

 

У Агульных Уводзінах да Рымскага Імшалу чытаем: “Паколькі цэлебрацыя Эўхарыстыі — гэта пасхальная гасціна, належыць, каб, згодна з наказам Пана, верныя, адпаведным чынам падрыхтаваныя, прымалі Яго Цела і Кроў як духоўны пасілак. На гэта накіравана ламанне хлеба, а таксама іншыя падрыхтоўчыя абрады, якія непасрэдна падводзяць вернікаў да Камуніі”. Папа Бенедыкт XVI выразна ж зазначае, чым з’яўляецца Камунія - асабістае спатканне з Панам Езусам у сакрамэнце.

 

Няма нічога дзіўнага ў тым, што абрады Камуніі распачынаюцца малітвай ўсім нам добра вядомай – малітвай “Ойча наш…” — гэта малітва Касцёла, малітва, якая дадзеная самім Хрыстом. Менавіта ў Эўхарыстыі аб’яўляецца поўны сэнс гэтай малітвы, паколькі яе просьбы, складзеныя на падставе ўжо здзейсненай таямніцы збаўлення, напоўненыя чаканнем прыйсця Пана.


Малітва «Ойча наш» складаецца з сямі просьбаў да Бога Айца. Першыя тры  кіруюць нас да Бога дзеля Яго хвалы: гэта ўласцівасць любові — думаць перш за ўсё аб тым, каго любіш. Яны падказваюць, аб чым мы павінны прасіць у Яго асабліва: аб асвячэнні Яго імя, прыйсці Яго Валадарства, здзяйсненні Яго волі. Апошнія чатыры просьбы прадстаўляюць міласэрнаму Айцу нашыя патрэбы і чаканні. Мы просім Яго карміць нас, прабачаць нам, захоўваць нас ад спакусаў і збавіць нас ад злога.


Вось што аб малітве Панскай кажа св. Францішак:

 

“О Найвышэйшы Ойча наш: Стварыцель, Адкупiцель, Суцяшыцель i Збаўца наш.

 

Каторы ёсць у небе: ў анёлах i ў святых. Ты прасвятляеш iх да пазнання, бо Ты Пане - святло. Ты распальваеш iх каб любiлi Цябе, бо Ты Пане - любоў; Пасяляешся ў iх i напаўняеш, каб адарыць iх шчасцем, бо Ты Пане - найвышэйшае дабро, ад якога паходзiць усялякае дабро, без якога няма iншага дабра.

 

Свяцiся iмя Тваё: няхай заззяе ў нас пазнанне Цябе, каб мы пазналi шырыню дабрадзействаў Тваiх, даўжыню абяцанняў Тваiх, вышыню велiчы i глыбiню судоў Тваiх.

 

Прыйдзi валадарства Тваё: каб ласкаю Ты кiраваў намi i давёў нас да валадарства Твайго, дзе без заслоны ўглядацца ў Цябе будзем, дзе любоў да Цябе дасканалая i еднасць з Табою - асалода, дзе ўцеха вечная.

 

Будзь воля Твая, як у небе, так i на зямлi: каб з усяго сэрца мы любiлi Цябе, заўсёды думаючы аб Табе, усiм сэрцам iмкнучыся да Цябе, усiм розумам кiруючы да Цябе нашыя памкненнi, ва ўсiм шукаючы хвалы Тваёй i з усёй моцы нашай, збiраючы ўсе сiлы нашыя i пачуццi душы i цела на служэнне мiласцi Тваёй, не шукаючы нiчога iншага; i блiжнiх нашых каб любiлi як самых сябе, усiх паводле сiлаў нашых пацягваючы да мiласцi Тваёй, аб дабрабыце другога радуючыся, як аб сваiм, спачуваючы ў няшчасцi i нiкому не робячы крыўды.

 

Хлеба нашага штодзённага: ўмiлаванага Сына Твайго, Пана нашага Езуса Хрыста, дай нам сёння, на ўспамiн i дзеля зразумення, i ўшанавання любовi, якою Ён нас адарыў, а таксама таго, што нам сказаў, учынiў i сцярпеў.

 

I адпусцi нам грахi нашыя: праз невыказную мiласэрнаць Тваю, праз моц мукi ўмiлаванага Сына Твайго, i праз заслугi i заступнiцтва Найсвяцейшай Панны i ўсiх выбраных Тваiх.

 

Як i мы адпускаем вiнаватым нашым: а чаго мы цалкам не адпускаем, Ты Пане, навучы нас цалкам адпускаць, каб мы сапраўды, дзеля Цябе, любiлi ворагаў i Цябе за iх набожна малiлi, не аддаючы нiкому злом за зло, i праз Цябе каб старалiся для ўсiх быць дапамогай.

 

I не ўводзь нас у спакусу: таемную чы яўную, неспадзявальную чы настойлiвую.

 

Але збаў нас ад злога: мiнулага, цяперашняга i будучага.”

 

Уключаныя ў любоў Сына да Айца праз актуалізаваныя на алтары смерць і ўваскрасенне, мы самі сталіся сынамі, самі можам сказаць Богу: «Ойча». Але, так моцна прызвычаіўшыся звяртацца да Яго гэтымі словамі, мы забываемся, што гэта праяўленне незвычайна блізкіх адносін, па сутнасці, гэта праяўленне нашага абагаўлення, жыцця Божым жыццём. Сказаць Богу: «Ойча», — значыць быць Божым сынам, увайсці ў зусім новую рэчаіснасць.


Разам з тым, гэтая малітва з’яўляецца падрыхтоўкаю да святой Камуніі (так яе разумелі ўжо з ІV ст.), таму што ў ёй ёсць просьба аб адпушчэнні нашых правінаў, аб паяднанні з людзьмі, якое неабходнае для таго, каб паяднацца з Богам, а таксама просьба пра «хлеб штодзённы», пад якім часта разумеюць эўхарыстычны Хлеб.


Працягвае абрады Камуніі эмбалізм - кароткае развіццё апошняй просьбы з малітвы Панскай.

«Просім Цябе, Пане, збаў нас ад усяго злога, дай ласкава спакой у дні нашыя, дапамажы нам у міласэрнасці Тваёй, каб мы былі заўсёды вольныя ад граху і, захаваныя ад усялякага неспакою, чакалі спаўнення шчаслівай надзеі і прыйсця Збаўцы нашага Езуса Хрыста».

 

Эмбалізм з’явіўся ў літургіі каля V стагоддзя. У гэтай малітве Касцёл просіць аб тым, каб ён мог цешыцца спакоем і чакаць апошняга прыйсця Хрыста, якое пакладзе канец усялякаму злу.


Гэтае чаканне прыйсця Збаўцы, выразна адзначанае ў малітве Панскай («прыйдзі Валадарства Тваё»), моцна звязана з цэлебраванай таямніцаю. Эўхарыстыя — гэта задатак будучай хвалы, а ўкрыты ў эўхарыстычных постацях уваскрослы і праслаўлены Хрыстос — гэта той самы Пан, які прыйдзе «судзіць жывых і памерлых».


На гэтыя словы святара  вернікі адказваюць даксалогіяй (малітва, якая выказвае праслаўленне  Бога), спяваючы альбо прамаўляючы гучным голасам:  

 

«Бо Тваё Валадарства і моц, і хвала навекі»

 

Гэта чарговая даксалогія, якой Касцёл праслаўляе Бога падчас кожнай святой Імшы. Выкарыстаны ў ёй тэкст вельмі старажытны і нагадвае шматлікія апакаліптычныя даксалогіі (пар. Ап 1, 6; 4, 11; 5, 13), а найбольш ранні след гэтай малітвы мы знаходзім ужо ў «Дзідахэ» (I—II стст.). Яна вядомая ўсяму Касцёлу, ёю карысталіся св. Ян Залатавусны (Хрызастом) і св. Базыль Вялікі.


У рымскім абрадзе гэтая даксалогія была дададзена пасля Другога Ватыканскага Сабору. Заключная даксалогія прадаўжае, змяшчаючы ў сабе, тры першыя просьбы з малітвы Панскай: аб святасці Божага імя, аб прыйсці Ягонага Валадарства і аб моцы Ягонай волі. Яна нанава абвяшчае ў Хрысце атрыбуты Айца, якія спрабаваў прысвоіць сабе сатана, — валадаранне, моц і хвалу.

 

Як зазначае Папа Бенедыкт XVI, Эўхарыстыя па сваёй сутнасці з’яўляецца сакрамэнтам спакою. Гэтае вымярэнне эўхарыстычнай таямніцы знаходзіць у літургічнай цэлебрацыі асаблівае адлюстраванне ў абрадзе перадачы знаку супакою.

 

Абрад супакою, размешчаны непасрэдна перад святой Камуніяй, сцісла звязаны з малітвай эўхарыстычнай – абрад распачынаецца малітвай, падчас якой непасрэдна звяртаемся да Хрыста, з просьбай аб удзяленні дару сапраўднага супакою і еднасці.

 

У наш час, моцна насычаны канфліктамі, гэты жэст набывае, таксама паводле агульнага меркавання, асаблівае значэнне, паколькі Касцёл усё больш адчувае сваё жаданне прасіць Пана аб дары спакою і аб адзінстве для сябе і ўсёй чалавечай сям’і. Спакой з’яўляецца нястрыманым прагненнем кожнага сэрца.

 

Касцёл выказвае просьбу аб спакоі і паяднанні, якая выходзіць з душы кожнага чалавека добрай волі, і скіроўвае яе да таго, хто «ёсць нашым спакоем» (Эф 2, 14) і хто можа прымірыць народы і асобы там, дзе безвыніковымі аказваюцца чалавечыя намаганні:

 

Пане Езу Хрыстэ, Ты сказаў Апосталам Тваім: Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам. Просім, не зважай на грахі нашыя, але на веру Касцёла Твайго і будзь ласкавы згодна з Тваёй воляй адарыць яго супакоем і еднасцю. Які жывеш і валадарыш на вeкі вечныя.

 

Перад усім памятаць, што спакой, які мы перадаём, не наш, а Хрыстовы, — гэта спакой, які сыходзіць з Яго Ахвяры (пар. Клс 1, 20) і які дае нам Ягонае ўваскрасенне. Ён не залежыць ад чалавечых намаганняў, адносін, знешніх абставін (пар. Рым 5, 1-5). Нягледзячы ні на што, зло, грэх і страх ужо пераможаныя (пар. Лк 7, 50; 8, 48), Хрыстус ужо цяпер мае ўладу над смерцю. Менавіта таму хрысціяне, нават перад абліччам цяжкасцяў, могуць заставацца спакойнымі — не спакоем стоікаў, надуманым, на нешта разлічаным, а поўным, трывалым, радасным спакоем, які прасякнуты надзеяй.

 

«Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца».

Ян 14,27

 Знак спакою грунтуецца на Хрыстовым наказе паяднання з людзьмі — паяднання, якое з’яўляецца ўмоваю сапраўднай любові да Бога:

 

«Таму, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, і тады прыйдзі і прынясі дар свой».

Мц 5, 23-24


Рэхам гэтага навучання была літургічная практыка старажытнага Касцёла — знак спакою і паяднання. Ён перадаваўся пасля літургіі слова, да таго як дары прыносіліся на алтар. Ужо св. Юстын (II ст.) згадвае пра пацалунак спакою, які быў нязменным элементам тагачаснай цэлебрацыі. Верагодна, што пачынаючы з IV-V стст. у рымскай літургіі пацалунак спакою перадавалі на заканчэнне эўхарыстычнай малітвы, пацвярджаючы ім словы малітвы Панскай «як і мы адпускаем». Такім чынам, ён непасрэдна папярэднічаў святой Камуніі. 3 цягам часу пацалунак станавіўся ўсё болыш інтымным знакам блізкіх адносін, таму яго выкарыстанне пачалі абмяжоўваць, а пазней ён наогул быў заменены.


Пераходнаю формаю было цалаванне папулярнага ў XIII ст. пацыфікала — рэліквіярыя ў выглядзе крыжа або медальёна з выяваю Укрыжаванага: святар цалаваў пацыфікал і перадаваў яго ўсім сабраным. Такая форма знаку спакою мела сваю глыбіню: святар цалаваў спачатку алтар, потым пададзены яму пацыфікал. Гэта было праяваю веры ў тое, што Хрыстовы спакой паходзіць з Ахвяры, якая прыносіцца на алтары. Праз пацалунак вернікі маглі чэрпаць з яго спакой. I гэтым спакоем яны ўтваралі адно цэлае.

 

Спосаб перадачы знаку спакою вызначаюць Канферэнцыі Біскупаў згодна з мясцовымі звычаямі. На нашай зямлі ўжываецца: паклон, паданне рукі з прамаўленнем “Супакой Пана няхай заўсёды будзе з табою” ці “Спакой табе”. Існуе таксама тзв. Святарскі знак супакою: святары трымаюць адзін аднаго за локці і чыняць склон галавы.

 

У Sacramentum Caritatis Святога Айца Бэнэдыкта XVI чытаем “…  падчас Сіноду Біскупаў звернута была ўвага на стрыманасць гэтага жэсту, каб не быў празмерна выражаны, ствараючы некаторае замяшанне ў сходзе вернікаў адразу перад св. Камуніяй. Пажадана прыпомніць, што для захавання належнай атмасферы стрыманасць у гэтым жэсце неабходна. Гэта не зменшыць яго вялікай каштоўнасці. Неабходна абмяжоўвацца, напрыклад, перадачай знаку супакою тым, хто стаіць побач.”

 

Літаратура:

ПАСЛЯСІНАДАЛЬНАЯ АПОСТАЛЬСКАЯ АДГАРТАЦЫЯ VERBUM DOMINI СВЯТОГА АЙЦА БЭНЭДЫКТА XVI, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/107590.html.

Паслясінадальная Апостальская адгартацыя Sacramentum Caritatis Святога Айца Бэнэдыкта XVI, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/100784.html.

ДАГМАТЫЧНАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ ПРА БОЖАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ «DEI VERBUM», у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101681.html#5.

Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі. Раздзел II. Структура імшы, яе элементы і часткі, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101198.html.

Святая Імша. Часткі Імшы і іх значэнне, у: http://katedra.by/index.php?option=com_content&task=view&id=336&Itemid=9.

CZĘŚCI MSZY ŚWIĘTEJ, у: http://liturgia.ovh.org/czesci_mszy_swietej.php.

Л. Кубяк, Святая Імша. 100 пытанняў  i адказаў, Мінск  2012.

Рымскі Імшал для дыяцэзій Беларусі, Мінск 2004.

ВЫКЛАД МАЛIТВЫ «ОЙЧА НАШ», у: http://www.tau.by/roznyya-malitvy/29-vyklad-malitvy-ojcha-nash

Сьвяціцель Мікалай Сэрбскі: Тлумачэньне малітвы “Ойча наш…”, у: http://baocinfo.blogspot.com/2011/05/blog-post_11.html.

Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/104139.html

STRUKTURA MSZY ŚWIĘTEJ - LITURGIA OFIARY (EUCHARYSTYCZNA), у: http://parafiaofiarowania.pl/index.php?option=com_content&view=article&id=76&Itemid=93&limitstart=3.

Прочитано 2390 раз Последнее изменение Воскресенье, 24 Март 2013 18:40
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Последнее от Адмін

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии