background

"Блізка ля мяне Ты, Пане..."

Давяраць Богу сваё жыццё...

"Я – дарога, праўда і жыццё..."

Яднацца ў адзіным Пану нашым, Езусе Хрысце.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Любіць адзін аднаго любоўю, якою Хрыстос любіць Свой Касцёл.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Image 4 title

type your text for 4th image here

Image 4 title
Среда, 27 Февраль 2013 17:37

Катэхеза XIIІ Святая Імша Падрыхтоўка дароў

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

 

Пасля Уступных Абрадаў і Літургіі Слова распачынаецца Эўхарыстычная Літургія.

 


На Апошняй Вячэры Хрыстус устанавіў ахвяру і пасхальную гасціну, праз якую ў Касцёле становіцца заўсёды прысутнай ахвяра крыжа, калі святар, увасабляючы Хрыста Пана, спаўняе тое, што ўчыніў сам Пан і што Ён даручыў спаўняць вучням на ўспамін пра сябе.


Хрыстус узяў хлеб і келіх, падзякаваў, паламаў і даў сваім вучням, кажучы: «Бярыце, ешце, піце; гэта — Цела Маё; гэта — келіх Крыві Маёй. Гэта чыніце на Маю памяць». Таму Касцёл такім чынам упарадкаваў усю цэлебрацыю эўхарыстычнай літургіі, што яе часткі адпавядаюць гэтым словам і дзеянням Хрыста, а менавіта:


1) Падчас прыгатавання дароў на алтар прыносяцца хлеб і віно з вадою, г.зн. тыя элементы, якія ўзяў у свае рукі Хрыстус.

2) Падчас эўхарыстычнай малітвы аддаецца падзяка Богу за ўсю справу збаўлення, а прынесеныя дары становяцца Целам і Крывёю Хрыста.

3) Праз ламанне хлеба і праз Камунію верныя, колькі б шмат іх не было, з аднаго хлеба прымаюць Цела і з аднаго келіха — Кроў Пана такім жа чынам, як апосталы — з рук самога Хрыста.


Сёння мы спрабуем разважыць яе першую частку – падрыхтоўка дароў.


Папа Бенедыкт XVI зазначае: «Гаворка ідзе не проста аб нейкім „перапынку“ паміж літургіяй слова і эўхарыстычнай літургіяй. Такое разуменне аспрэчыла б сэнс адзінага абраду, складзенага з дзвюх звязаных паміж сабою частак. У гэтым простым і пакорным жэсце выяўляецца вельмі вялікае значэнне: у хлебе і віне, якія прыносім на алтар, Хрыстус Адкупіцель прымае ўсё стварэнне, каб яго перамяніць і ахвяраваць Айцу. У гэтым сэнсе мы нясём на алтар таксама ўсе цярпенні і боль свету і верым, што ўсё з’яўляецца каштоўным у вачах Бога. (…) Гэты жэст дазваляе ацаніць першасны ўдзел, якога Бог чакае ад чалавека для здзяйснення ў ім Боскай справы, каб надаць такім чынам поўны сэнс чалавечай працы, якая праз эўхарыстычную цэлебрацыю яднаецца са збаўчай ахвярай Хрыста».


Спачатку рыхтуецца алтар як цэнтр усёй эўхарыстычнай літургіі. На ім змяшчаецца карпарал, пурыфікатар, імшал і келіх, калі толькі келіх не рыхтуецца на століку.

Затым прыносяцца ахвярныя дары, перад усім хлеб і віно, якія стануць Целам і Крывёю Хрыста.; вельмі добра, калі хлеб і віно даюць вернікі, а святар альбо дыякан прымаюць іх у адпаведным месцы, каб затым прынесці на алтар. Хоць верныя ўжо не прыносяць для Літургіі свайго хлеба і віна, як гэта было раней, аднак абрад іх прынясення захоўвае сваю моц і духоўнае значэнне.


Рабіць гэта можна ў працэсіі, аднак належыць памятаць, што працэсія з дарамі не можа мець сімвалічнага характару. Мы нясём дары, якія жадаем ахвяраваць Хрысту, а не сімвалічна падараваць Яму.


Прынясенне дароў як праява ахвяравання самога сябе і ўсяго свету ў старажытнасці хрысціянскай вельмі моцна падкрэслівалася, таму акрамя хлеба і віна, якія выкарыстоўваліся пры цэлебрацыі Эўхарыстыі, вернікі прыносілі масла, малако, мёд, вінаград, алей, воск, сыр, кветкі, гародніну, птушак, звяроў, часам — літургічнае начынне ці іншыя каштоўнасці. 3 цягам часу, дзеля практычнасці, усе гэтыя даброты былі замененыя грашамі і ўведзена іх збіранне падчас Імшы. Гэта таксама літургічнае дзеянне. Падчас падрыхтоўкі дароў прымаюцца грошы альбо іншыя дары для бедных ці для касцёла, прынесеныя вернікамі альбо сабраныя ў касцёле. Нельга думаць, што гэта нейкая брудная банальная справа. Грошы – плады нашай працы. Часткаю пладоў гэтай працы дзелімся з супольнасцю Касцёла, да якой належым, і за якую адказваем. Таму гэтыя дары змяшчаюцца ў адпаведным месцы па-за эўхарыстычным сталом.


Дары, якія прыносім да алтара – гэта хлеб , які стане Целам Пана, і віно, якое стане Яго кроўю. Святар прымае іх ад верных і складае на алтары. 


Хлеб і віно – гэта сімвалы дару, які прагнем ахвяраваць Богу. Далучыся да працэсі з дарамі са сваім духоўным дарам. Яшчэ раз узгадай інтэнцыю, з якой удзельнічаеш у Святой Імшы. Хрыстус возьме гэтыя дары і ператворыць у Пасхальную ахвяру, прынесеную Богу Айцу. Бог не чакае чагосьці, але цябе. Ахвяруй яму сваё жыццё.


Ахвяраванне часам называюць малым канонам. Дзякуючы малітвам, якія прамаўляюцца падчас гэтага моманту, святая Імша ўжо перад кансэкрацыяй інтэнсіўна пранікнута духам ахвяры.


Святар складае хлеб і віно на алтары, прамаўляючы пры гэтым   устаноўленыя малітвы.


Узнімаючы патэну з гостыяй, святар прамаўляе:

«Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету, бо дзякуючы Тваёй шчодрасці мы атрымалі хлеб, плод зямлі і працы рук людскіх; ахвяруем яго Табе, кабён стаў для нас хлебам жыцця».


Пасля гэтага святар ці дыякан ўлівае ў келіх віно і дадае кроплю вады, прамаўляючы пры гэтым: «Праз таямніцу гэтай вады і віна дай нам, Божа, удзел у бостве Хрыста, які прыняў нашую чалавечую натуру». Злучэнне вады і віна мае характар рознай, глыбокай сімволікі:

  • Віно з вадой злучаецца цалкам, што акцэнтуе сціслае адзінства Хрыста і Яго Касцёла.
  • Падкрэсленне супольнага ахвяравання падчас святой Імшы: Езуса Хрыста-Галавы і вернікаў – чальцоў Містычнага Цела
  • Як пасля злучэння з віной кропля крыві перастае існаваць, так і чалавек мае ўдзел у велічнасці Божай натуры, і напаўняецца ласкай і хвалой Пана Бога.
  • Віно і вада прыпамінаюць аб вадзе, якія выплылі на Кальварыі з Хрыстовага боку.

Пасля святар прамаўляе малітву над віном:

«Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету, бо дзякуючы Тваёй шчодрасці цы атрымалі віно, плод вінаграднай лазы і працы рук людскіх; ахвяруем яго Табе, каб яно стала для нас напоем духоўным».


Тэалагічная глыбіня абраду прыгатавання дароў праяўляецца ў гэтак званай «малітве Азарыі», якая паходзіць з кнігі прарока Даніэля. У ёй прыводзіцца апісанне цудоўнага выратавання трох юнакоў, якіх бабілёнскі кароль Навухаданосар асудзіў на спаленне жыўцом. Абвінавачаныя ў тым, што яны захоўваюць юдэйскія звычаі, юнакі былі ўкінутыя ў вогненную печ, з якой іх вызваліла рука анёла. Азарыя, знаходзячыся «пасярод агню», маліўся аб тым, каб Бог прыняў яго як ахвяру, параўноўваючы гэтую сваю ахвяру з юдэйскімі ахвярамі ўсеспалення (пар. Дан 3, 25-50).


Цэлебранс, схіліўшыся ў нізкім паклоне, ціха гаворыць:

Прымі, Пане Божа, нас, якія стаім перад Табою ў духу пакоры і са скрухай у сэрцы, а наша ахвяра, якую сёння складаем, няхай будзе Табе даспадобы.


Гэтая просьба дасканала падагульняе ўсё, сказанае раней: хлеб і віно — гэта не толькі ахвяраваныя матэрыяльныя даброты, але таксама дар, які прадстаўляе нас саміх, які можа падабацца Богу выключна тады, калі ён прынесены «ў духу пакоры і са скрухай у сэрцы», а значыць, у духу Хрыста, па Яго прыкладзе і ў лучнасці з Яго ахвяраю.


Пасля святар, абмываючы рукі, ціха прамаўляе словы:

“Змый з мяне, Пане, віну маю і ачысці мяне ад граху майго”.


У старажытнасці абрад абмывання рук меў таксама практычны сэнс: святар, прымаючы шматлікія дары ад вернікаў, забруджваў рукі, таму перад эўхарыстычнай літургіяй павінен быў іх памыць. Аднак разам з тым хрысціяне надавалі гэтаму абраду больш глыбокае значэнне – гэтае дзеянне стала праяўленнем жадання ачысціцца духоўна,  было напамінам аб тым, што ніхто паводле сваіх заслугаў не годны прыступіць да Бога, што адносіны з Ім магчымыя толькі дзякуючы ласцы і міласэрнасці. Сімвалічнае значэнне абмыцця здаецца было ранейшым за практычны сэнс – у літургіях усходніх не было працэсій з дарамі(гэта была практыка Касцёла на Захадзе), а аднак абрад абмыцця існуе. А нп. у мазарабскім рыце вядомае яшчэ адно, дадатковае абмыццё – непасрэдна перад кансэкрацыяй.


Малітвай над дарамі завяршае абрад прыгатавання дароў. Гэтая малітва з’яўляецца яго падагульненнем; яна таксама звязана з таямніцаю, якую перажывае Касцёл у гэты дзень. Акрамя таго, у гэтай малітве гучыць просьба да Бога, каб Ен прыняў ахвяру і спаслаў звяза- ныя з ёю ласкі. Уступам да малітвы над дарамі з’яўляецца дыялог паміж святаром і вернікамі:


С.: Маліцеся, браты і сёстры, каб маю і вашую ахвяру прыняў Бог Айцец усемагутны.

Н.: Няхай Пан Бог прыме ахвяру з рук тваіх на праслаўленне і хвалу імя свайго, а таксама на карысць нам і ўсяму Касцёлу святому.


Найперш трэба звярнуць увагу на адрозненне, якое робіцца ў закліку святара: «...маю і вашую ахвяру». Святар, сапраўды, цэлебруе яе зусім інакш, не так, як вернікі; ён дзейнічае in persona Christi, ад імя Хрыста — адзінага сапраўднага Святара.


Адказ народу з’яўляедца пацвярджэннем гэтай праўды, прызнаннем асаблівай годнасці цэлебранта: «Няхай Пан Бог прыме ахвяру з рук тваіх...». Нездарма падчас удзялення сакрамэнту пасвячэння рукі святара намашчаюць святым алеем. 3 гэтага моманту яны павінны быць аддадзеныя ва ўласнасць Пану, павінны стаць рукамі Хрыста. У адказе вернікаў ёсць адпаведная паслядоўнасць мэтаў складання ахвяры: у першую чаргу гэтай мэтаю павінна быць хвала Бога і толькі на другім месцы — наша чалавечая карысць. Гэтае запрашэнне і малітва над дарамі завяршаюць прыгатаванне дароў і падрыхтоўваюць да эўхарыстычнай малітвы.


На Імшы прамаўляецца толькі адна малітва над дарамі, якая завяршаецца карацейшаю канцоўкаю, а менавіта: Праз Хрыста, Пана нашага; калі ж у канцы яе успамінаецца Сын, то: Які жыве і валадарыць на векі вечныя. Народ, далучаючыся да малення, праз акламацыю Амэн робіць гэтую малітву сваёй.

 


Літаратура:

Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі. Раздзел II. Структура імшы, яе элементы і часткі, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101198.html.

Паслясінадальная Апостальская адгартацыя Sacramentum Caritatis, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/100784.html.

КАНСТЫТУЦЫЯ ПРА СВЯТУЮ ЛІТУРГІЮ «SACROSANCTUM CONCILIUM», у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101749.html#8.

Ks. Tomasz A. Dawidowski, MSZA WIERNYCH 1. OFIAROWANIE, у: http://sanctus.pl/index.php?grupa=128&podgrupa=154.

Святая Імша. Часткі Імшы і іх значэнне, у: http://katedra.by/index.php?option=com_content&task=view&id=336&Itemid=9.

Katechezy o Mszy Świętej, у: http://www.tyniec.benedyktyni.pl/ps-po/?page_id=7342.

Liturgia - piękno i zakorzenienie, у: http://liturgia.wiara.pl/doc/420145.Liturgia-piekno-i-zakorzenienie/10.

Eucharystia – przygotowanie darów ofiarnych, у: http://sacotwock.pl/index.php?option=com_content&view=article&id=60:przygotowaniedarow&catid=5:duchowosceucharystyczna&Itemid=7.

 

 

Прочитано 2884 раз Последнее изменение Суббота, 13 Апрель 2013 12:32
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии