background
Понедельник, 24 Февраль 2014 10:28

Біскуп Юрый Касабуцкі наведаў парафію ў Вілейцы ў якой служыў.

Автор 
Оцените материал
(2 голосов)

 

             23 лютага дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі здзейсніў візіт у парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, у якой быў пробашчам у 1998-1999 гадах.


 

На пачатку Імшы да іерарха са словамі віншавання і прывітання звярнуліся дзеці, бацькі якіх калісьці былі той моладдзю, з якой працаваў сённяшні біскуп. Маладыя вернікі прыгадалі, што менавіта кс. Юрый Касабуцкі ахрысціў іх 16 гадоў таму. Прадстаўнікі старэйшага пакалення ўзгадалі той час, калі сённяшні іерарх, будучы маладым святаром, распачаў служэнне ў Вілейцы, адзначыўшы яго веру, любоў да Бога, руплівасць, дабрыню і адкрытасць на людзей. Са словамі прывітання звярнуліся менавіта тыя, хто ў той час быў найбліжэйшым супрацоўнікам для кс. Юрыя Касабуцкага.

 

Пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла, звяртаючыся да іерарха, сказаў: “Дзякуючы сваёй веры, адукаванасці, адкрытасці на людзей, працы з дзецьмі і моладдзю Вы змаглі зрабіць на вілейскай зямлі вельмі шмат. Вы пасеялі добрае зерне ў душах людзей”. “Многія Вашы парафіяне, з якімі Вы пачыналі служэнне ў Вілейцы, радуюцца сённяшняму дню, але ўжо ў доме Нябеснага Айца. Цешуцца старэйшыя парафіяне, ганарыцца сярэдняе пакаленне, якое было вашай моладдзю, і бязмерна ўсхвалявана моладзь, - дадаў святар. - Мы, вілейская парафія, ганарымся Вамі! І цешымся, што Вы знайшлі час адведаць нас, каб правесці гэтую ўрачыстую святую Імшу, звярнуцца да нас з біскупскім навучаннем і ўдзяліць нам пастырскае благаслаўленне!”

 

Біскуп Юрый Касабуцкі з вялікім хваляваннем узгадаў час, калі служыў у Вілейцы, і зазначыў, што гэта яго сапраўдная першая святарская любоў.

 

У гаміліі іерарх на аснове літургічных тэкстаў звярнуў увагу на хрысціянскую любоў, патрэбу прабачэння крыўдаў і любові да непрыяцеляў. Прыводзячы жыццёвыя прыклады, біскуп паказаў, як належыць прабачаць і быць шчаслівым, а таксама падкрэсліў неабходнасць духоўнага жыцця: штодзённай малітвы, удзелу ў нядзельнай Імшы, частай споведзі; прыгадаў, што злы дух не спіць і шукае магчымасці, каб адвесці чалавека ад добрага, уцягнуць у грэх. Менавіта малітва, як адзначыў біскуп, з’яўляецца найлепшым сродкам у барацьбе з грахом, і ў ёй прысутнічае велізарная моц, патрэбная для прабачэння крыўдаў.

           На заканчэнне Імшы іерарх падзякаваў за супольную малітву, яшчэ раз узгадаў цудоўны, па яго словах, час душпастырскай працы ў Вілейцы, выказаў задавальненне, што Божае слова тут абвяшчаецца і надалей.


    паводле Catholic.by


 

 

 

Фота Дзяніса Канецкага



Прочитано 1285 раз