background
Суббота, 10 Ноябрь 2012 18:05

Рэкалекцыі для дзяўчат у нашай парафіі

Автор  Кацярына Дурко, Яўгенія Галомзік
Оцените материал
(7 голосов)

 

З 5 па 7 лістапада у нашай парафіі адбыліся рэкалекцыі дзённага прабывання для дзяўчынак.

“Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне” – пад такім дэвізам праходзілі дзіцячыя рэкалекцыі ў нашай парафіі. На працягу трох дзён дзяўчаты прыходзілі ў парафіяльны дом і Касцёл, каб разам маліцца, разважаць, бавіцца і яшчэ вучыцца рабіць шмат розных цікавых рэчаў.

 

Кожны дзень рэкалекцый пачынаўся ранішняй малітвай у Касцёле і заканчваўся Святой Імшой. Галоўная ўвага разважанняў і малітваў была скіравана на кардынальныя хрысціянскія цноты, таму тэмай першага дня была вера, другога – надзея і трэцяга – любоў.

 

У гэтыя дні рэкалекцый дзеці слухалі канферэнцыі, якія былі прысвечаны тэмам дня, разам маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці і Святы Ружанец з разважаннямі, якія датычыліся нашага штодзённага жыцця, а 12 гадзіне ўспаміналі памерлых малітвай Анёл Панскі. У другі ж дзень, які быў прысвечаны надзеі, дзеці разам з кс. Аляксандрам наведалі могілкі, маліліся за памерлых, даведаліся, дзе пахаваныя святары, а пасля разышліся, каб паставіць свечкі на выбраныя імі магілкі.

 

Аднак, апрача малітвы, дзеці мелі шмат часу на супольныя забавы і гульні, разам весяліліся і бавіліся. Адным з пунктаў дзённай праграмы была “Майстэрня маленькіх цудаў”. Кожная дзяўчынка магла сама вырашыць, чым хоча займацца і вучыцца выпякаць розныя прысмакі (іх дарэчы падавалі ўсім разам з падвячоркам), шыць розныя цацкі і смайлікі, плясці з бісеру, ляпіць з цеста, займацца арыгамі, маляваць і г. д. Дзеці вучыліся распазнаваць свае таленты, служыць імі бліжнім, быць “маленькімі прынцэсамі” і любіць бліжніх.

 

Праз усе гэтыя тры дні парафіяльны дом поўніўся дзіцячым смехам і шчырай радасцю… На Святой Імшы дзеці вучылі і дарослых шчырай малітве і даверу да Бога, напрыклад, калі ў малітве верных маліліся не толькі аб здароўі і шчасці, але нават і за тое, каб бацькі менш сварыліся… Адным словам, на рэкалекцыях дзеці ўзбагачаліся духоўна, а таксама нагадвалі дарослым аб наказе “быць, як дзеці” і набліжацца да Бога.

 

 

 

 
Прочитано 1118 раз