background
Воскресенье, 30 Сентябрь 2012 05:21

Пілігрымка па Смаргоншчыне і Астравеччыне

Автор  Галіна Аляшкевіч
Оцените материал
(4 голосов)

29 верасня, у свята свв. Міхала, Рафала і Габрыэля, Арханёлаў, адбылася аўтобусная пілігрымка па святыням Беларусі.

  Гэтым разам нашая парафія наведала Смаргонскі і Астравецкі дэканаты. 

 

Асноўнай мэтай пілігрымкі было наведванне Кальварыі Маці Божай Балеснай у ваколіцы лясной вёсачкі  Дубок бліз Жодзішак. Пілігрымка распачалася Святой Імшой у драўлянай капліцы, якая стаіць у акружэнні дубоў на лясным узгорку. Месца гэта ў народзе называюць Курганам Святой Марыі, а капліцу – Курганнай. Пабудавана яна была у 1928-1929г.

У грамаце на адкрыцце капліцы напісана: “Пабудавана агульнымі намаганнямі і стараннямі ксяндза Рамуальда Дроніча пры дапамозе і вялікай ахвярнасці набожных парафіян, мясцовай інтэлігенцыі і настаўніцтва, пад заклікан Маці Божай Нястомнай дапамогі”. У першую нядзелю ліпеня тут кожны год адбываецца фэст. Цяжка словамі перадаць пачуцці пілігрымаў у час Святой Імшы, паколькі апынуліся яны ў атмасферы 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Да гэтага часу капліца асвятляецца толькі свечкамі, драўляная падлога заслана даматканымі посцілкамі, а ўнутры капліцы вітае пах абчэсаных бярвеняў, высахшага моху, зёлак.

Пасля Імшы пілігрымы вырушылі на Кальварыю. Заросшая лясная сцяжынка ўздоўж маляўнічага берага Віліі выводзіць да высокай брамы з каменя і цэглы, нібы брамы ў Вечнасць праз заступніцтва нашай Нябеснай Маці. Тут і распачынаецца Кальварыя, якая налічвае 7 прыпынкаў - стацый смутку Маці Божай - і доўжыцца каля 2 кіламетраў. Створана яна была ў 1936 годзе вернікамі Жодзішскай парафіі пад кіраўніцтвам кс.Рамуальда Дроніча.  Некаторыя стацыі пазначаны толькі старымі дубовымі крыжамі. Але  вельмі адметнай з’яўляецца трэцяя стацыя. Яна пабудавана над крынічкай на высокім беразе Віліі.. Гэта грот з палявых каменняў,  у якім ўстаноўлена фігура Маці Божай. Старэйшыя людзі распавядаюць аб тым, што калісьці на гэтым месцы было аб’яўленне Маці Божай, а потым забіла крыніца і нібыта вада ў ёй мае гаючую сілу. Цікавай у архітэктурным вырашэнні стала і шостая стацыя Кальварыі. Уяўляе яна невялікую па памеры, вымураваную з цэглы і валуноў капліцу. Капліца асвечана пад назвай Маці Божай Балеснай.

Штогод у першую нядзелю ліпеня дубоцкая Кальварыя збірае на ўрачыстасць люд верны.Тут праходзіць працэсія.на якую збіраюцца вернікі не толькі навакольных вёсак – прыязджаюць людзі з розных рэгіёнаў Беларусі і нават Літвы.

Вельмі нямногія ведаюць пра прыгожую мясціну на беразе Віліі, дзе каля 80 год таму паўстала Марыйная Кальварыя. Варта наведаць гэты цудоўны куток нашай беларускай зямлі, каб падзякаваць Пану Богу за тое, што маем Нябесную Маці, ушанаваць Маці Божую і дзякаваць Ёй за апеку над намі падчас зямной пілігрымкі.

Пасля Кальварыі ў Дубку вілейчане наведалі касцёлы ў Жупранах, Міхалішках, Варнянах, Гервятах, Солах. Дзень быў напоўнены малітвамі, уражаннямі, разважаннямі ...і неспадзяванкамі. У Міхалішках нечакана сустрэліся з біскупам Уладзіславам Блінам і атрымалі біскупскае благаслаўленне, у Варнянах разам з мясцовым пробашчам маліліся перад адкрытым абразом Маці Божай Успамогі Верных, у Гервятах слухалі арганны канцэрт. Падчас ружанцовай малітвы  ў кожным касцёле дзякавалі Пану Богу за прыгожы пілігрымковы дзень, за тое, што ўбачылі і перажылі.

 

 

 

 

Прочитано 1126 раз