Версия для печати
Воскресенье, 26 Март 2017 17:11

Разважанні над Божым Словам (4 тыдзень Вялікага посту)

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

ІV Нядзеля Вялікага посту, Год А

Адкрыць Езуса

Лёгка сканцэнтравацца выключна на факце аздараўлення сляпога ад нараджэння і прапусціць тое, што вельмі важнае. Аздараўленне – гэта толькі ўступ да таго, што ёсць сутнасцю дзейнасці Езуса. Ён прагне кожнаму з нас адкрыць вочы так, каб мы былі ў стане зразумець, кім Ён ёсць, і адкрыць Яго сапраўдную натуру і пасланніцтва. У сляпога з сённяшняга Евангелля гэта атрымалася. На самым пачатку ён бачыць у Езусе звычайнага чалавека, а пасля вызнае: Гэта прарок. Напрыканцы аддае Яму паклон, вызнаючы веру ў Сына Чалавечага. Менавіта такім чынам паступова Езус прыводзіць гэтага чалавека ад духоўнай слепаты да святла веры. Кожны з нас павінен прайсці падобны працэс духоўнага прасвятлення. Таму будзем жа прасіць Бога, каб адкрыў нашы вочы.

Пане, Ты – святло свету. Адкрый нашы вочы, каб мы маглі ўбачыць Тваё святло, і прывядзі нас да поўнага пазнання Цябе.

Разважанні а.Даніэля Стабрылы OSB, а.Міхала Легана OSPPE

Пераклад з польскай мовы

 

Панядзелак, 27 сакавіка

 Паверыць словам Езуса

Прыдворны можа быць для нас прыкладам веры. Калі ён вырушыў на сустрэчу з Езусам з просьбай, каб вылечыць ягонага сына, даў сведчанне сваёй веры, што Езус можа гэта ўчыніць. Адыходзячы дадому без аніякага бачнага знаку, які б пацвярджаў факт аздараўлення, робіцца прыкладам веры ў моц слова Езуса. Да гэтай веры пакліканыя таксама і мы, бо Езус прагне сустрэцца з намі ў сваім слове. Калі прыдворны атрымаў пацвярджэнне  аздараўлення дзіцяці, паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны. Аднак гэтым разам паверыў не ў лекара, не слову, а ў Слова, якое сталася целам і пасялілася між намі (Ян 1, 14).

Пане Езу, Ты клічаш нас да веры, якая не патрабуе знакаў. Дапамажы нашаму нявер’ю і навучы цалкам давяраць Твайму слову.

Разважанні а.Даніэля Стабрылы OSB, а.Міхала Легана OSPPE

Пераклад з польскай мовы

 

Аўторак, 28 сакавіка

 Ці хочаш быць аздароўленым?

Словы, якія Езус скіраваў да хворага, які доўгі час чакаў аздараўлення, кіруе таксама і да нас. Ці хочам мы быць здаровымі? Ці хочам навярнуцца? Ці хочам быць вольнымі ад нашых цяжараў, слабасцей, ран? Канешне! – напэўна, адкажам без роздумаў. Але ці сапраўды так ёсць? Ці сапраўды мы хочам перажыць такую перамену, якая можа перавярнуць наш свет дагары нагамі? Пасля трыццаці васьмі гадоў барацьбы з хваробай гэты чалавек з Евангелля практычна не ведаў іншага жыцця. Падобна адбываецца з намі. Вельмі часта мы зачыненыя ў нашай сучаснасці настолькі, што не можам уявіць сабе іншага жыцця, жыцця ў поўнай свабодзе, якой адначасова, здаецца, прагнем. Часта мы вельмі падобныя да св. Аўгустына, які вызнае: [...] я прасіў [Цябе] аб чысціні звычаяў: “Дай мне чысціню і ўмеркаванасць, але яшчэ не ў гэтую хвіліну”. Ува мне быў страх, што Ты мог занадта хутка мяне выслухаць і адразу вылечыць з хваробы пажадлівасці, якою я хацеў хутчэй насыціцца, чым пагасіць (Споведзь, VIII 7).

 Езу, цудоўны Лекар, дапамажы нам прыняць рашэнне, каб навярнуцца ўжо сёння, менавіта цяпер.

Разважанні а.Даніэля Стабрылы OSB, а.Міхала Легана OSPPE

Пераклад з польскай мовы

 

Серада, 29 сакавіка

 Езус суддзя

Мы рэдка затрымліваемся над вобразам Езуса як суддзі, а Евангелле вучыць нас, што Айцец увесь суд аддаў Сыну. Таму Езус з’яўляецца суддзёю, а Яго суд справядлівы. У Богу ўсё ж няма канфлікту паміж справядлівасцю і міласэрнасцю. Яны непадзельна злучаныя, як аверс і рэверс манеты. Бог судзіць, каб збавіць. Прыкладам можа быць Яго суд над Ненівай, які прывёў да яе вызвалення (пар. Ёны 4, 2), альбо суд Езуса над жанчынай, якую злавілі на чужалостве. Згодна з прадпісаннямі Закона яна заслугоўвала смерці, але адышла со словамі: І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы (Ян 8, 11). Таму Езус суддзя з’яўляецца нашай надзеяй. Ад Яго шмат разоў пачуем прысуд, які дае жыццё. І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы.

 Езу, міласэрны і справядлівы Суддзя, просім, учыні, каб удзеленая Табою ласка прынесла ў нашым жыцці плён навяртання.

Разважанні а.Даніэля Стабрылы OSB, а.Міхала Легана OSPPE

Пераклад з польскай мовы

 

 Чацвер, 30 сакавіка

Светач, які гарыць

“Ян быў светачам, які гарэў і свяціў”, – кажа Езус габрэям. Ян паказваў на Таго, Хто павінен быў прыйсці пасля яго, Які сам ёсць Святлом. Прыклад Яна можа паказаць нам, у чым заключаецца святасць: стаць пасудзінаю, у якой Бог распаліць сваё святло, дзе зможа гарэць святлом, якім Ён сам ёсць. Такое святло не можна схаваць (Мц 5, 15). Яно асвячае ўсіх тых, хто з ім сутыкнецца. Такое пакліканне кожнага з нас, пакліканне да святасці. Стаць светачам, полымем якога будзе сам Бог, да святла якога будуць гарнуцца ўсе тыя, якія яго ўбачаць.

 Езу, Святло свету, просім Цябе, учыні, каб з чыстым сэрцам мы маглі ўсклікнуць разам з псалмістам:  «Слова Тваё – светач для маёй нагі і святло на маёй сцежцы». Пс 119 (120).

Разважанні а.Даніэля Стабрылы OSB, а.Міхала Легана OSPPE

Пераклад з польскай мовы

 

Пятніца, 31 сакавіка

 Маналог ілюзіі

Таксама і мы часта далучаемся да голасу жыхароў Ерузалема, якія кажуць: Ведаем Яго, адкуль Ён. Мы ж ведаем Езуса, столькі аб Ім чулі альбо чыталі. Ведаем, які Ён, чаму навучае, да чаго заклікае. Гэта ўсё праўда, але ці сапраўды мы ведаем, які Ён ёсць? Ці асабіста Яго сустрэлі? У хрысціянстве не ідзе гаворка аб ведах, але аб адносінах, аб жывой сувязі з Тым, Які паходзіць ад Айца. Без яе не будзе жыцця ў нашай духоўнасці. Можа мы будзем старанна выконваць якія-небудзь рэлігійныя практыкі, але калі ў іх не будзе адносін да жывой Асобы, то чым яны будуць адрознівацца ад магіі? Літургія і малітва існуюць толькі ў дыялогу. Калі ў іх няма Таго, Хто з’яўляецца крыніцай жыцця, то мы будзем круціцца ў бяссэнсавым маналогу ілюзіі.

 Пане Езу, навучы нас малітве, якая будзе цэлебрацыяй сустрэчы з Табою, а не дзіцячым дыялогам сябелюбства.

Разважанні а.Даніэля Стабрылы OSB, а.Міхала Легана OSPPE

Пераклад з польскай мовы

 

Субота, 1 красавіка

 Можа, і ты з Галілеі?

Патрэбна вялікая адвага, каб усумніцца ў меркаванні, якое падтрымлівае большасць. Патрэбна адвага, каб быць сабою, нягледзячы на тое, што з-за гэтага можна сустрэцца з насмешкамі, прыніжэннем і адкідваннем. Знайшоў яе ў сабе Нікадэм, які выступіў у абароне Езуса, хоць іншыя завочна ўжо вынеслі Яму прысуд. Колькі такіх прысудаў выносім мы, асуджаючы ў сваіх думках тых, якім мы ніколі не далі права абараніцца, а можа нават не прадставілі ім дакору? Напачатку распаўсюджвання навукі Езуса Яго вучняў і вызнаўцаў не называлі хрысціянамі (пар. Дзеян 11, 26), а назарэйчыкамі з-за сувязі Езуса з гэтым галілейскім горадам. Можа варта задаць пытанне, ці нашаму сведчанню аб Езусе і выказванню на баку праўды хапае адвагі, каб і мы маглі пачуць пытанне: Можа, і ты з Галілеі? Можа і ты хрысціянін?

 Божа, адары нас адвагай, каб у кожнай сітуацыі мы станавіліся на бок праўды. Няхай той, Хто сам ёсць Праўдаю, вызваліць нас з няволі абману.

Разважанні а.Даніэля Стабрылы OSB, а.Міхала Легана OSPPE

Пераклад з польскай мовы

 

Прочитано 79 раз Последнее изменение Воскресенье, 26 Март 2017 17:20
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Последнее от Адмін

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии