background

"Блізка ля мяне Ты, Пане..."

Давяраць Богу сваё жыццё...

"Я – дарога, праўда і жыццё..."

Яднацца ў адзіным Пану нашым, Езусе Хрысце.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Любіць адзін аднаго любоўю, якою Хрыстос любіць Свой Касцёл.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Image 4 title

type your text for 4th image here

Image 4 title
Вторник, 13 Март 2012 18:24

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Кандрусевіча на Вялікі пост 2012 года

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

ПРЫЙШОЎ ЧАС НАВЯРТАННЯ



1. Дарагія браты і сёстры!

На пачатку Вялікага посту — гэтага часу ласкі і навяртання — прапаную звярнуць увагу на неабходнасць навяртання і духоўнага адраджэння нашых сэрцаў. У час фінансава-эканамічнага крызісу свет вельмі многа ўвагі прысвячае адраджэнню эканомікі. І гэта зразумела, бо ўсе хочуць жыць лепей. Аднак толькі эканамічны прагрэс без духоўнага не вырашае ўсіх праблемаў, а часам нават наадварот прыносіць новыя. Нездарма калісьці быў тэлесерыял «Багатыя таксама плачуць». Плачуць, бо матэрыяльнае багацце без духоўнага чыніць чалавека бедным да такой ступені, што ён нават можа страціць сэнс жыцця. Менавіта гэта з’яўляецца адной з прычынаў вялікай колькасці самазабойстваў сярод багатых людзей.

2. Адна байка распавядае пра вярблюдзіцу і яе дзіця. Яны размаўляюць паміж сабою. Дзіця пытаецца: мама, а чаму мы маем такія вялікія і раздзеленыя на тры часткі ступні? Мама адказвае: каб лёгка хадзіць па мяккім пяску ў пустыні і не правальвацца. А чаму мы маем такія вялікія вейкі? Каб захаваць нашы вочы ад пяску, якога вельмі многа ў пустыні і які засыпае нам вочы. А чаму мы маем такія вялікія гарбы на нашых спінах? Каб у іх мець запасы вады на доўгае падарожжа ў бязводнай пустыні. Добра, — кажа дзіця. Разумею, што мы прыстасаваныя жыць у пустыні. Так, сапраўды, адказвае мама. Але дзіця задае чарговае пытанне: у такім выпадку я не магу зразумець, чаму мы знаходзімся ў заапарку? Калі мы створаныя жыць у пустыні, трэба выйсці ў яе, каб сапраўды адчуць, кім мы ёсць на самай справе.

Жыццё сучаснага чалавека падобнае да жыцця вярблюда ў заапарку. І таму, як вярблюд з мэтаю даведацца, кім ён з’яўляецца на самай справе, павінен выйсці ў пустыню, таксама і нам неабходна выйсці ў нашу духоўную пустыню, каб даведацца, кім мы ёсць у духоўным сэнсе на самай справе. Вялікі пост якраз і запрашае нас спазнаць вопыт пустыні, каб усвядоміць нашае пакліканне.

3. Чытаючы Святое Пісанне, мы бачым, што пустыня мела важную ролю ў гісторыі збаўлення. Менавіта яна была месцам нараджэння Божага люду Старога Запавету. Габрэі, якія цудоўным чынам выйшлі з Егіпта як разбітыя плямёны, прыйшлі ў Абяцаную Зямлю як адзін Божы народ. Яны сталі ім у пустыні дзякуючы Запавету з Богам. На працягу сваёй доўгай гісторыі, калі іх любоў да Бога слабела, прарокі прапанавалі ім вярнуцца ў пустыню, каб нанава адкрыць сваю тоеснасць, сваё пакліканне і місію як шлях да прабуджэння іх веры і ўмацавання адносінаў з Богам. Вялікія прарокі Ілля і Ян Хрысціцель былі людзьмі пустыні і прынялі пустынны стыль жыцця. Таму пустыня — гэта месца, дзе Бог вучыць сваіх людзей.

4. У сённяшнім Евангеллі мы чытаем, што Езус пасля хросту ў Ярдане быў узяты Духам у пустыню, дзе Ён прабываў сорак дзён і дзе злы дух спакушаў Яго. З Ім былі дзікія звяры, і анёлы служылі Яму.

Ці ёсць іншае месца, дзе можна адразу сустрэць Святога Духа і злога духа, дзікіх звяроў і анёлаў? Пустыня была тою школаю, куды Езус прыйшоў, каб адрозніць Божы голас, за якім Ён павінен ісці, ад прапановаў злога духа-спакусіцеля.

Як многа гукаў мы чуем кожны дзень! Гэта бясконцы шум аўтамабіляў на вуліцах мегаполісаў, шматлікія гукі радыё і тэлеперадач, галасы людзей, з якімі мы жывем і працуем, і г.д. Накіроўваючыся ў пустыню, мы пакідаем большасць гэтых гукаў за сабою, каб засяродзіцца паміж двума — голасам кіруючага намі ўсемагутнага Бога і голасам злога духа-спакусіцеля.

Мы ідзём у пустыню, каб лепей пазнаць саміх сябе, нашу сілу і нашу слабасць, і наша Божае пакліканне. Мы ідзём туды, каб выпрабаваць саміх сябе, каб выканаць тэст на нашу вытрываласць.

У пустыні Езус сустрэў дзікіх звяроў і анёлаў. У кожным з нас крыецца і дзікі звер, і анёл. Часам з-за нашага павярхоўнага ведання саміх сябе мы не можам распазнаць у сабе дзікага звера і трапляем ва ўладу пыхі або не распазнаём у сабе анёла і пачынаем ненавідзець сябе. Аднак у цішыні пустыні мы можам распазнаць, кім мы з’яўляемся на самай справе, мы імкнемся да ладу ў нашым жыцці і зноў пачынаем адчуваць спакой у сэрцы.

5. Вялікі пост — гэта час для перажывання пустыні. Мы, вядома ж, не можам купіць вярблюда і паехаць на ім у пустыню. Але мы можам стварыць дух пустыні ў нашым перагружаным рознымі справамі жыцці. Мы можам знайсці час, каб застацца сам-насам з Богам; знайсці час, каб дыстанцыявацца ад гоману сучаснага свету; знайсці час, каб пачуць голас Бога, знайсці час, каб сказаць Богу «так» і «не» — злому духу; знайсці час, каб пазнаць, хто мы перад Богам. Для гэтага нам неабходна накіравацца ў пустыню, якая такім чынам становіцца месцам тэсту на нашу тоеснасць і месцам нашага аздараўлення, своеасаблівым шпіталем.

6. Уявім сабе чалавека, які прыйшоў да лекара, бо кепска сябе адчувае, мае тэмпературу, яму ўсё баліць, у яго ломяць косці, даймае бяссонніца, няма канцэнтрацыі ўвагі і гэтак далей. Ён прымае розныя лекі, але яму нічога не дапамагае. Доктар, паразмаўляўшы з хворым, прапанаваў яму зрабіць усебаковае абследаванне, у тым ліку аналіз крыві. Чалавек адмовіўся, кажучы, што кроў — гэта такая святая рэч, што яе нельга выкарыстоўваць для аналізу. Што б мы падумалі пра такога чалавека? Ён на самай справе не распазнаў часу на ўласную дапамогу.

Вялікі пост — гэта вельмі прыдатны час для таго, каб з дапамогаю Божага слова і сакрамэнтаў аднавіць наш шлях веры, як асабісты, так і супольны. Гэта шлях пад знакам малітвы і ўзаемнай дапамогі, маўчання і посту ў чаканні пасхальнай радасці, — кажа Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у Пасланні на Вялікі пост 2012 года.

Вялікі пост — гэта час лячэння ад грахоўнай хваробы, ад грахоўнай малярыі, грахоўнага СНІДу, грахоўнага алкагалізму, грахоўнай разбэшчанасці і г.д. Гэта час, калі мы павінны асаблівым чынам практыкаваць пост, малітву і добрыя ўчынкі. Менавіта на гэтых трох слупах трымаецца галоўная ідэя Вялікага посту. Яны дапамагаюць нам у нашым навяртанні.

7. У сённяшнім Евангеллі Езус кажа мне і табе, дарагі брат і сястра, што час прыйшоў! Пакуль мы жывём, мы заўсёды маем час на навяртанне да Бога і веру ў Яго. Аднак Вялікі пост — гэта спецыяльны час, калі ўвесь Касцёл аб’ядноўвае свае сілы і малітвы для сапраўднага навяртання.

Калі мы распачынаем час Вялікага посту, Езус заклікае нас пайсці разам з Ім у пустыню. Гэтае запрашэнне, можа, моцна нас палохае. Калі мы глядзім фільмы ці чытаем апавяданні пра пустыню, то ўяўляем сабе, як цяжка там жыць. Няма звычайных для нас гарадоў, вёсак, крамаў і іншай інфраструктуры. Няма вады і ежы, іх трэба браць з сабою. Вецер неміласэрна нясе пясок, які залятае ў вочы і нос, скрыпіць на зубах. Днём — спякота, а ўначы — холад. Адным словам, пустыня нагадвае пра ўражлівасць, залежнасць і прастату. Чаму тады нехта хоча перажыць вопыт пустыні? Чаму хоча быць у сітуацыі ўражлівасці, залежнасці і прастаты?

Адказ на гэтыя пытанні дае Езус у сённяшнім Евангеллі: «Час прыйшоў, і Божае Валадарства блізка. Навяртайцеся і верце ў Евангелле». Людзі, якія займаюцца бізнесам, скажуць, што час — гэта грошы (time is money). Некаторыя не ведаюць, як выкарыстаць дадзены ім час для бізнесу, і таму ён у іх не атрымліваецца. Яны звычайна не бачаць знакаў часу, не разумеюць таго, што час рабіць бізнес ужо прыйшоў, і калі яго не выкарыстаць, то ён пройдзе, і чалавек замест таго, каб зарабіць — страціць, а можа нават стаць банкрутам.

Гэтак жа здзяйсняюцца справы і ў нашым духоўным жыцці – у духоўным бізнесе. Нам нельга не ўбачыць часу, які прыйшоў для таго, каб мы маглі духоўна ўзбагаціцца. Праграма гэтага часу — гэта словы Хрыста: навяртайцеся і верце ў Евангелле. Гэта запрашэнне самога Збаўцы змяніць нашае жыццё, змяніць шляхі нашага жыцця паводле вучэння Евангелля.

Адна афрыканская прымаўка кажа, што папярэджанне прадухіляе смерць, якой можна пазбегнуць. І сапраўды гэта так. Дарожны знак, які прадпісвае зменшыць хуткасць, прадухіляе аварыю, якая можа прывесці да смерці людзей. Таму заўсёды неабходна звяртаць увагу на чыюсьці добрую параду.

8. Калі так трэба паступаць у адносінах з людзьмі, то тым больш — у адносінах з Богам. Таму сапраўды Вялікі пост трэба прыняць у духу навучання Хрыста: прыйшоў час навяртання, калі нам трэба стаць перад Божым люстэркам і ўважліва паглядзець, якімі мы насамрэч з’яўляемся. Калі мы выходзім з хаты, то глядзім у люстэрка, каб убачыць, як мы выглядаем. А які наш духоўны выгляд? Ці мы з’яўляемся вобразам і падабенствам Божым? А можа гэты вобраз ужо так моцна дэфармаваўся, што мы не здольныя пазнаць саміх сябе?

Адзін п’яны, абарваны і вельмі брудны чалавек ішоў па вуліцы горада і, убачыўшы вулічных мастакоў, папрасіў аднаго з іх намаляваць яго партрэт. Мастак згадзіўся, і чалавек стаў яму пазіраваць. Калі партрэт быў гатовы, чалавек паглядзеў на яго і абурыўся, запярэчыўшы: «Гэта ж не я! Я не так выглядаю!» На што мастак адказаў: «Але ты так можаш выглядаць!»

9. Дарагія браты і сёстры!

Станем перад Божым люстэркам. Паглядзім на сябе. Як люстэрка нас не ашуквае і паказвае, як мы сапраўды выглядаем, так і Божае люстэрка пакажа, якім ёсць наш духоўны стан.

Вернемся яшчэ раз да вышэйзгаданага аповеду пра хворага чалавека, які прыйшоў да лекара, але адмовіўся зрабіць аналіз крыві, пакінуўшы клініку.

На пачатку Вялікага посту Боскі Лекар у сваёй духоўнай клініцы прапануе нам тэст нашай духоўнай крыві. Кроў з’яўляецца паказчыкам здароўя і дапамагае вызначыць хваробу. У здаровага чалавека добрая кроў. А якая наша духоўная кроў? Вялікі пост — гэта тая клініка, дзе падчас велікапосных набажэнстваў, рэкалекцый, Крыжовага шляху, пакутных набажэнстваў, посту, малітвы і дабрачыннасці мы зможам зрабіць тэст на нашае духоўнае здароўе, каб паставіць правільны дыягназ і прызначыць адпаведнае лячэнне. Такім чынам, Вялікі пост становіцца той духоўнай клінікай, у якой можна паставіць сабе дыягназ нашага духоўнага стану з мэтай атрымаць адпаведныя лекі і выкарыстоўваць іх.

На жаль, заўсёды існуе спакуса не ўваходзіць у свае духоўныя справы, гасіць Духа, не выкарыстоўваць дадзеных для нашага дабра і дабра бліжніх талентаў (пар. Мц 25, 25). Мы ўсе атрымалі духоўныя і матэрыяльныя багацці, каб выканаць Божы план для дабра Касцёла і нашага збаўлення (пар. Лк 12, 21; 1 Цім 6, 18), і іх трэба выкарыстаць, каб не вяртацца назад у сваім духоўным развіцці і імкнуцца да высокай меры хрысціянскага жыцця, як навучае благаслаўлёны Ян Павел II (пар. NMI 31) і падкрэслівае папа Бэнэдыкт XVI у Пасланні на Вялікі пост гэтага года.

«Qui non progredit — regredit» — «Хто не ўдасканальваецца, той дэградуе», — гэта лацінскае выслоўе паўтараюць настаўнікі духоўнасці. Мы, як паслядоўнікі Хрыста, заўсёды павінны ўдасканальвацца ў нашым хрысціянскім і духоўным жыцці. Для гэтага найперш неабходна пазнаць свой духоўны стан. Мы не можам не звяртаць увагі на тое, у якіх абставінах жывём, калі сучасны свет усё больш духоўна дэградуе і адыходзіць ад Бога. Гэта шлях да духоўнага самазнішчэння, да духоўнага суіцыду.

Тут можа быць карыснай вядомая ў Амерыцы алегорыя аб тым, як жаба... дабравольна зварылася. Жабу пасадзілі ў невысокі рондаль з цёплай вадой і паставілі на слабы агонь. Пакуль вада награвалася, жаба раскашавала ў рондалі, хаця магла яшчэ з яго выскачыць. Калі ж тэмпература паднялася, жаба страціла магчымасць рухацца. Вада закіпела — і жаба жыўцом зварылася. Яна магла выскачыць з рондаля, але не ўчыніла гэтага своечасова, бо ёй было прыемна лашчыцца ў цёпленькай вадзе, за што і паплацілася жыццём.

Можа, і нам прыемна жыць у граху. Можа, мы кажам, што ён невялікі і нічога страшнага не сталася і не станецца. Мы раскашуем у грахоўным цёплым рондалі і не звяртаем увагі на тое, што грахоўная тэмпература падымаецца і пагражае тым, што мы можам зварыцца жыўцом, а гэта азначае загінуць у граху.

Вялікі пост — добры час для таго, каб выскачыць з прыемнага нам грахоўнага рондаля, выйсці ў пустыню, даследаваць сябе і ў святле навучання Касцёла паставіць правільны дыягназ, у святой споведзі прыняць лекі і распачаць новае жыццё.

На пачатку Вялікага посту давяраю ўсіх вас апецы Марыі — Маці велікапоснага духоўнага тэсту і Маці навяртання — і жадаю не баяцца выйсці ў пустыню свайго жыцця, каб там выпрабаваць сябе і даследаваць свой духоўны стан, а таксама распазнаць час навяртання і веры ў Евангелле. На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі


 2 лютага 2012 г.
Свята Ахвяравання Пана

Прочитано 2260 раз Последнее изменение Среда, 04 Июль 2012 14:58
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии